Часам здараецца, што з нібыта добрай хрысціянскай сям’і выходзяць абыякавыя да рэлігіі дзеці. Найчасцейшая прычына гэтага — памылка бацькоў, якія хрысціянскае (рэлігійнае) выхаванне дзяцей зводзяць да выканання нейкага маральнага кодэксу. У выніку пратэст супраць незразумелых маральных патрабаванняў прыводзіць да адкідвання рэлігіі і Бога.
Рэлігія ў хрысціянстве разглядаецца як комплексная сфера АСАБОВЫХ узаемаадносінаў паміж чалавекам і Богам. Гэтыя ўзаемаадносіны характарызуюцца тым, што Бог з дапамогай Святога Пісання і Традыцыі Касцёла аб’яўляе чалавеку сэнсоўнасць і мэту яго жыцця. Хрысціянін — гэта асоба, якая не стварае праўду і нормы, а адкрывае іх.
Адкрыццё і ўсведамленне непасрэднай сувязі сэнсу і мэты чалавечага жыцця з Богам схіляе чалавека да інтэнсіўных адносінаў са Створцам і Збавіцелем. Замкнёнасць на Бога раўназначна заблакаванасці на разуменне сэнсу і мэты жыцця. І наадварот — інтэнсіфікацыя ўзаемаадносінаў з Богам напаўняе кожнае дзеянне чалавека глыбокім сэнсам і накіроўвае на правільную мэту.
Паглыбленне пазнання мэты жыцця чалавека спрыяе адпаведнаму падбору сродкаў дзеля дасягнення гэтай мэты. Гэтыя сродкі спрыяюць рэалізацыі мэты чалавечага жыцця, а таксама абараняюць ад перашкодаў. У практыцы гэтыя сродкі набліжэння чалавека да Бога як мэты выражаюцца ў рэлігійных практыках (прыватных і публічных), а таксама ў прыняцці адпаведнага маральнага кодэксу.
Мараль як сфера разумных паводзінаў чалавека, якія падлягаюць ацэнцы ў катэгорыях дабра і зла, не абавязкова звязана з рэлігіяй. Можа быць высока маральны атэіст і амаральны вернік. Слабасць маральнай сферы чалавека заключаецца ў яе суб’ектыўнай залежнасці. Тое, што для аднаго чалавека добра, другі можа лічыць дрэнным. Этычныя нормы, збудаваныя на жаданні чалавека ці групы, заўсёды прыводзяць да тупіка і пратэсту суб’екта: «Хто ён такі, каб мне ўказваць?». Адсутнасць разумнага сэнсу забівае ў чалавеку маральнасць.
Вызваленне з рабства суб’ектывізму пачынаецца тады, калі чалавек адкрываецца на нешта па-за ім. Выхад па-за свае суб’ектыўныя меркаванні і нормы магчымы толькі тады, калі чалавек пачынае разумець, што ёсць рэальная і адзіная мэта яго жыцця, рэалізацыя якой патрабуе змены крытэрыяў паводзінаў. Хрысціянства ў гэтым кірунку заклікае чалавека не проста адкрыцца на нешта звышнатуральнае, але пачаць перажываць усе справы свайго зямнога жыцця ў перспектыве жыцця з Богам.
І тут узнікае рэзкі дысананс маральнай матывацыі паміж рознымі хрысціянамі. Адны апіраюць мараль проста на звышнатуральнай дадзенасці («трэба, бо так вучыць вера»), другія — апіраюць мараль на адносінах з Богам («належыць, бо ад гэтага залежыць маё яднанне з Богам»).
Гэтыя разважанні над рэлігійнай матывацыяй маралі здаваліся б пустой абстракцыяй, калі б яны не мелі глыбокага практычнага значэння. Многія хрысціяне, часта несвядома, кіруюцца ў сваіх паводзінах рэлігійнай матывацыяй, але адарванай ад Бога. Гэта выражаецца ў тым, што чалавек ведае Божыя і касцёльныя запаведзі, розныя хрысціянска-практычныя прапісанні і кіруецца імі, не задумваючыся над сэнсам.
Такому чалавеку дастаткова, што нехта скажа, што так належыць, і ён будзе слепа выконваць часам забабонныя і шкодныя практыкі. І ўсё гэта будзе апраўдана рэлігійнымі мэтамі. Але ці сляпой рэлігійнасці дастаткова? Ці, можа, гэта зноў хітры завулак таго ж маральнага суб’ектывізму?
Менавіта са сляпой рэлігійнасці і адсутнасці сэнсавага разумення хрысціянскай маралі вынікаюць праблемы з каталіцкім выхаванем дзяцей. У першыя гады жыцця дзіцяці дастаткова аўтарытэту бацькоў («трэба, бо так сказала мама»). У працэсе сталення дзеці адкрываюць памылковасць і абмежаванасць рашэнняў не толькі бацькоў, але ўсіх людзей. Надыходзіць крызіс сэнсу і мэты жыцця. І калі да гэтага моманту бацькі не дапамогуць дзіцяці навязаць жывы кантакт з Богам, то апошнім не будзе ў каго шукаць адказаў на фундаментальныя пытанні.
Менавіта ў такія драматычныя моманты сталення асобы можна заўважыць, што безасабовай рэлігійнасці чалавеку недастаткова. Разумнага чалавека не заспакоіць адказ тыпу: «Трэба, бо гэта правільна і пабожна». Больш мудрыя бацькі перанаправяць матывацыю на Бога: «Належыць так паступаць, бо да гэтага заклікае Бог». Але чаму я павінен слухаць Бога? Як бачым, у канчатковым выніку ўсё будзе ўпірацца ў магчымасць пазнання Пана. Няправільны (мёртвы і далёкі) вобраз Бога нічога не дасць чалавеку, бо гэта толькі мёртвы вобраз, прадукт уяўлення.
Такі чалавек не ведае, што Бог — гэта жывая Тройца Асобаў, з якой можна размаўляць, і што Ён ужо шмат сказаў праз Біблію і Традыцыю Касцёла. Прымаючы свой суб’ектыўны (няправільна сфармаваны) вобраз Бога за Бога хрысціянства, чалавек можа замкнуцца на пазнанне сэнсу і мэты жыцця, адкінуць хрысціянскую мараль як нешта бессэнсоўнае. А адсутнасць глыбіннага сэнсу жыцця прыводзіць да дэградацыі асобы (у больш глабальнай перспектыве — грамадства).
Зусім інакш выглядае сітуацыя чалавека, якому ў працэсе хрысціянскага выхавання дапамаглі адкрыцца на кантакт з жывым Богам, прысутнасць і дзейснасць якога выражаецца ў цэлай гісторыі і Традыцыі Касцёла. Магчымасць кантакту з Богам як абсалютнай Любоўю і Разумнасцю дазваляе вызваляцца ад сумненняў у правільнасці веры і маралі Касцёла. Сапраўднае хрысціянства паказвае настолькі глыбокі сэнс свайго маральнага кодэксу, што проста абяззбройвае праціўніка сваёй лагічнасцю і няўмольнасцю дабра і праўды.
Усведамленне гэтага ставіць перад хрысціянскімі бацькамі і выхавацелямі вялікае заданне самім няспынна адкрываць Бога і Яго мудрасць. А ўсведамленне таго, што выхавацелі самі яшчэ знаходзяцца ў дарозе, павінна спрыяць выхаванню, якое асноўваецца не на дрэсіроўцы мёртвых схемаў мыслення і паводзінаў, але на паступовым адкрыванні глыбіннага сэнсу і мэты жыцця чалавека як асобы.
Кс. Андрэй Рылка