Многія вернікі лічаць, што пакаянне заканчваецца ў канфесіянале. На самой справе неабходна выканаць апошнюю ўмову: пастарацца выправіць памылкі. Звычайна многія спрабуюць растлумачыць гэтую ўмову тым, што дастаткова прачытаць зададзеную на споведзі «пакутную» малітву. Але што рабіць, напрыклад, са скрадзенымі грашыма, якія яшчэ ляжаць у кішэні грэшніка, які пакаяўся? Як паступіць з чалавекам, якога пакрыўдзіў, якому не дапамог? Ці дастаткова толькі памаліцца, так і не працягнуўшы руку прымірэння і дапамогі? Адказ здаецца відавочным, хоць і няпростым у рэалізацыі.
Пятая ўмова пакаяння — выкананне прызначанай пакуты.
Выкананне апошняй умовы споведзі — гэта плады і доказы шчырасці пакаяння і пастанаўлення. Варта памятаць, што на гэтым этапе чалавек ужо паяднаны з Богам, які сам імкнецца дапамагчы свайму дзіцяці направіць наступствы грахоў. Таму галоўнае тут — не нашкодзіць бяздумнай стараннасцю.
Улічваючы магчымыя наступствы дзеянняў, асоба павінна імкнуцца тварыць дабро. Тая пустата, якая ўзнікла ў жыцці чалавека пасля выкаранення зла, не можа застацца незапоўненай. Гэты вакуум неабходна як найхутчэй напоўніць канкрэтнымі добрымі ўчынкамі, каб туды зноў не памкнуўся паток зла. Таму завяршэнне пакаяння — гэта не пасіўнае самазадавальненне дасягнутым, але пазітыўнае і поўнае хрысціянскага аптымізму ўзрастанне ў добрым, каб у нашым жыцці не засталося месца, не запоўненага Богам.
Кс. Андрэй Рылка