Пошук


Пра што думае католік, калі чуе слова «споведзь»? Часцей за ўсё перад вачыма паўстае вобраз канфесіянала і той таямніцы, якая адбываецца паміж Богам, святаром і грэшнікам. І далёка не ўсе задумваюцца над тым, што вызнанне грахоў — гэта зусім не дастатковая ўмова атрымання Божага прабачэння.

У кожным выданні катэхізіса гаворыцца пра тое, што сакрамэнт пакаяння прадугледжвае выкананне пяці абавязковых умоваў. Гэтыя ўмовы неабходныя для таго, каб хрысціянін, жадаючы пазбавіцца ад зла, сапраўды быў вызвалены і атрымаў ад Бога прабачэнне і новае жыццё ў ласцы. Невыкананне ўмоваў пакаяння чыніць споведзь несапраўднай. Чаму так важна выканаць умовы, ад якіх наўпрост залежыць усё жыццё хрысціяніна: ці атрымае ён прабачэнне і шанец на новае жыццё з Богам, ці будзе працягваць гінуць у багне грахоў?

Умова першая — рахунак сумлення.

Святарам часам даводзіцца сутыкацца з сітуацыяй, калі вернік ідзе на споведзь без належнай падрыхтоўкі. Звычайна толькі на падыходзе да канфесіянала такі чалавек задае сабе пытанне: «А што ж гаварыць?» Некаторым здаецца, што спавядніца — гэта такая адмысловая аўтаматычная «мыйня» душы. Такія людзі мяркуюць, што галоўнае — «адбыць» споведзь, а што было перад і што будзе пасля канфесіянала — не важна. Такая пазіцыя — самападман. Пан Бог — не аўтамат. Ён — Асоба і чакае сустрэчы з асобай. Таму кожная споведзь — гэта перадусім сустрэча блуднага сына з любячым Айцом.

Наколькі ж жахлівай выглядае сітуацыя чалавека, які прыходзіць да Дарыцеля, але не як да Асобы, але як да аўтамата, які выдае падарункі! Усведамляючы сур’ёзнасць сустрэчы з Панам Богам, у якога чалавек шукае рэанімацыі ўласнай душы, належыць паставіць пытанне: з якой мэтай я іду на споведзь? Адказ на гэтае пытанне знаходзіцца ва ўсведамленні зла, якое вернік дапусціў у сваё жыццё, і ад смяротнай атруты якога належала б як найхутчэй вызваліцца, каб ЖЫЦЬ.

Рахунак сумлення — гэта ўнутраная самакрытыка, ацэнка ўласнага маральнага стану. Праблема гэтага першага этапу пакаяння ў тым, што аб’ектыўнасць самаацэнкі залежыць ад стану сумлення чалавека. Сумленнасць верніка ў многім залежыць ад яго выхавання, глыбіні духоўнага і маральнага жыцця. Добра сфарміраванае сумленне дапамагае хрысціяніну адрозніваць дабро і зло, без большых намаганняў заўсёды выбіраць дабро. Суб’ектыўнасць сумлення можа прывесці да незаўважнага выкрыўлення ацэнкі дабра і зла. Вернік з выкрыўленым сумленнем можа лёгка ўпадаць у крайнасці.

Адна з найбольш папулярных формаў выкрыўлення сумлення — гэта прытупленне пачуцця граху. Чалавек з так сфарміраваным сумленнем гатовы апраўдаць кожнае злачынства. Для яго добрае ўсё, што яму ЗДАЕЦЦА добрым. «Я не маю грахоў. Які ж гэта грэх, калі мне так добра!» — можна пачуць ад такога чалавека. Адной з частых глыбінных прычынаў такой паставы верніка з’яўляецца нежаданне прызнаць непрыемную праўду пра сябе, што змушала б да рэальнага змагання са злом, да якога ўжо неяк чалавек прызвычаіўся, і падсвядома ўзнікае страх перад болем вызвалення.

Другой крайнасцю выкрыўленага сумлення чалавека можа быць празмерная адчувальнасць сумлення. Найчасцей такія вернікі бачаць «грэх» там, дзе яго не бачыць нават сам Бог. Для такога чалавека нават добрыя справы здаюцца падазрона нядобрымі. А найменшая змена формы будзе раўназначна няправільнасці зместу малітвы, веры, жыцця. Частай прычынай такога захворвання сумлення з’яўляецца замкнутасць на паглыбленне свядомасці веры і сэнсу духоўных практык. Фіксацыя на дасягнутым, упартасць ва ўласных суб’ектыўных поглядах замыкае чалавека на аб’ектыўнасць. Чалавек з так выкрыўленым сумленнем патанае ва ўсеасуджэнні, у няспынным пошуку зла і граху.

Пан Бог, ведаючы пра небяспеку выкрыўлення станаў сумлення чалавека, даў людзям незалежныя меркі ацэнкі: запаведзі, Бібілію, вучэнне Касцёла. Таму кожны сур’езны католік, прыступаючы да рахунку сумлення, будзе імкнуцца параўнаць уласную самаацэнку дабра і зла думак, словаў, учынкаў, з ацэнкай, якую дае падобным дзеянням бясспрэчны аўтарытэт Бога і Касцёла. Такі рахунак сумлення дазваляе магчыма аб’ектыўна ацаніць СВОЙ маральны стан і прыступіць да наступнага этапу пакаяння — асудзіць грэх.

Працяг будзе.
Кс. Андрэй Рылка

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця