Аднойчы мне давялося сустрэцца з цікавай сужэнскай парай. «Мы нібыта хрысціяне, — расказвалі ўжо немаладыя муж і жонка, — але ўсё роўна неяк у Бога не верым. Бо калі б Ён існаваў, то не дапусціў бы, каб людзі пакутавалі. Калі на свеце столькі зла, войнаў, насілля, міжволі ўзнікае пытанне: а дзе ж Бог? Чаму Ён усё гэта не спыніць? Калі б існаваў той хрысціянскі Бог-Любоў, то свет не быў бы такім...»
Я не стаў адразу адказваць на іх пытанне, а пачаў падыходзіць здалёк.
— А як жывецца вашым дзецям? — спытаўся я.
— Ой, ведаеце, столькі праблем! — ажывіліся мае суразмоўцы. — Мы вучым іх жыць, стараемся дапамагчы, але ж яны ўвогуле не слухаюцца!
— А ведаеце, у вашых дзяцей няма бацькоў!
— Як гэта? — збянтэжыліся сужэнцы. — Дык вось жа мы...
— Не, — працягваў я спакойным голасам, — калі б яны мелі бацькоў, то не дапусцілі б, каб іх дзеці рабілі зло, ламалі жыццё сабе і іншым. Любячыя бацькі не дапусцілі б такое.
— Але яны ж дарослыя людзі! Як мы можам змусіць іх слухацца?
— Вось бачыце, прыкладна такая ж сітуацыя і з Богам, які таксама можа думаць пра нас, людзей: няўжо трэба пазбавіць іх свабоды, каб яны перасталі рабіць зло?
Няма сумненняў, што кожны чалавек свабодны. Нават калі мы абмежаваныя ўмовамі знешняга свету і грамадства, то ўнутры, у душы, кожны можа думаць і выбіраць, што захоча. Кожны чалавек сам робіць канчатковы выбар: паддацца дабру ці злу, пайсці у тым ці іншым накірунку, глядзець ці не глядзець, браць ці не браць. І нават той чалавек, які кажа, што ў яго нібыта не было выбару, зрабіў свой выбар: аддаў іншаму свабоду распараджацца сабой.
Аналіз жахлівых наступстваў бяздумнага выкарыстання Божага дару свабоды прыводзіць некаторых людзей да думкі, што свабода — гэта зло для чалавека. Такія людзі, маючы негатыўныя перажыванні наступстваў памылковага распараджэння свабодай выбару, схіляюцца да думкі, што людзям не можна даваць свабоду, бо гэта можа прывесці іх да знішчэння. На працягу гісторыі з’яўляліся шматлікія праектанты ратавання чалавека (і грамадства) ад яго самога. Нават сярод хрысціянаў часам з’яўляюцца меркаванні, што свабода — гэта зло. Але дар Божы не можа быць злом. У чым жа сутнасць гэтага дару? Чаму Бог згадзіўся цярпець усё зло гэтага свету за цану падараванай нам свабоды?
Каб зразумець гэтую «ўпартасць» Пана Бога, дастаткова на імгненне ўявіць сабе свет без свабоды. У гэтым свеце ўсе, як запраграмаваныя робаты, чыняць тое, што добра паводле праграмы і на тры-чатыры кажуць «люблю». Але любяць не таму, што хочуць, але таму, што так трэба казаць. Там, дзе няма свабоды, няма «хачу». Гэта тэатр аднаго акцёра — аўтара праграмкі, якому кажуць тое, што ён сам укладзе ў вусны сваіх «цацак». Тут ніхто нікога не хоча, ніхто не любіць, усім усё абыякава, бо яны толькі выконваюць зададзеную праграмай функцыю.
А Бог, жывучы супольнасцю Любові Трох Асобаў, пажадаў падарыць стварэнню магчымасць адчуць Яго любоў. Толькі ўнутрана свабодны чалавек можа любіць па-Божаму. Свабода — гэта ўзнёслае пакліканне чалавека, дадзенае Богам. Гэта самы адказны і рызыкоўны дар Усявышняга. Гэты дар настолькі важны, што ўсе іншыя найвялікшыя даброты без свабоды губляюць свой сэнс і бляск.
Але свабода — гэта не мэта, гэта толькі сродак, умова. Свабода, адарваная ад дабра асобы і любові да асобы, ператвараецца ў жахлівую антычалавечую зброю, якая перамолвае сэнс у бессэнсоўнасць. Узнёслая слуга Любові, ператвараецца ў слугу нянавісці. Свабода рабіць зло заўсёды абмежаваная і недаўгавечная, бо яна разбурае ўсё, а значыць — і саму сябе. Свабода тварэння дабра бясконца творчая. Ці не ў гэтым крыецца таямніца часта незразумелай для сучаснага прагматычнага чалавека «веры» Бога ў свабоднага чалавека. Бо сапраўды вольным становіцца той, хто знаходзіць найглыбейшы сэнс гэтага дару, адкрыўшы яго першапрычыну і мэту ў любові Творцы.
Кс. Андрэй Рылка
14.10.2008 г. 13:03Аўтар: Света
14.10.2008 г. 16:12Аўтар: Кастусь Шыталь
15.10.2008 г. 10:45Аўтар: Паўлюсь Андрончык
15.10.2008 г. 15:30Аўтар: хакон
15.10.2008 г. 15:54Аўтар: хакон
15.10.2008 г. 19:19Аўтар: Кс. Андрэй Рылка
Шаноўны Хакон, закранутая Вамі праблема адносін паміж законам і свабодай вельмі важная. Некаторыя выкарыстоўваюць свабоду, каб разбураць (чыніць беззаконне), Бог жа заклікае нас да пазітыўнай свабоды: тварыць. З пункту гледжання хрысціянства, закон ніколі не павінен кіраваць чалавекам, але сам свабодны чалавек кіруецца законам дзеля забеспячэння агульнага дабра. Не ўсе гэта разумеюць. Каб нішчыць, не трэба мудрасці, дастаткова сілы. Але сілы не дастаткова, каб тварыць.
20.10.2008 г. 12:39Аўтар: Рыгор Астапеня
Дарэчы, даволі мудры адказ.
18.11.2008 г. 11:06Аўтар: Вольга
20.12.2008 г. 20:44Аўтар: Павал
20.12.2008 г. 21:04Аўтар: Павал
Сапраўдны святар - гэта лекар, пасланы Богам для людзей каб яны маглі увайсці ў Валадарства Нябескае. Удзячны Вам за Вашу працу айцец Андрэй. Дапаможа нам Валадар Наш ў правільнасці нашага выбару!