«Пазнай сваю годнасць, хрысціянін!» — гэты заклік старажытных Айцоў Касцёла неяк спантанна ўзнік пры думцы аб распачацці Года веры. Хрысціянін з комплексамі адносна сваёй веры, хрысціянін, якія саромеецца сваёй веры, цураецца яе — гэта нейкае непаразуменне. Вучань Хрыста мае ўсе падставы, каб радавацца сваёй адметнасці і з гонарам распавядаць пра сваю веру.
Хачу ад усяго сэрца павіншаваць усіх братоў і сясцёр католікаў з нагоды пачатку Года веры і выказаць некалькі пажаданняў, якія асабліва ляжаць на сэрцы.
Вельмі хацелася б, каб у гэты Год веры мы, хрысціяне-католікі, годна і адважна паказвалі сваю веру публічна. Прапаную, каб кожны з нас абраў для сабе якісьці спосаб або спосабы прылюднага сведчання аб сваёй прыналежнасці да Хрыста і пастанавіў стала прытрымлівацца гэтага спосабу (або спосабаў).
Адным з найпрасцейшых, але дужа важных, спосабаў ёсць нашэнне навідавоку хрысціянскіх сімвалаў: гэта можа быць крыжык, выява рыбы, ініцыялы Збаўцы, напр. «ІХ» і г. д. У перыяд, калі набірае размах мода на рознага роду астралагічную, акультную або сатанісцкую сімволіку, перад намі, хрысціянамі, стаіць важная задача і абавязак: напаўняць публічную прастору сімволікай святла, дабра і любові, якую дае нам Хрыстус.
Яшчэ адна рэч: не цурацца выконваць прылюдна некаторыя малітоўныя акты. Існуюць выпадкі, калі малітоўны зварот проста прадыктаваны сітуацыяй, калі трэба звярнуцца да Бога незалежна ад таго, ці мы знаходзімся дома, па-за домам, у прысутнасці веруючых ці няверуючых. Адным з такіх момантаў з’яўляецца спажыванне ежы. Горача прашу і заахвочваю ўсіх веруючых хрысціян заўжды перад і пасля ежы выконваць малітоўны акт. Як мінімум — знак крыжа. Памятайма, што кожны раз, калі мы прыступаем да спажывання стравы, рэалізуецца спаўненне нашай штодзённай просьбы: «Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння...» Праявай, скажам так, «добрага тону» ў стасунку да нашага нябеснага Айца ёсць выражэнне ўдзячнасці Яму за спаўненне гэтай просьбы. Ці гэта рэстаран, ці кавярня, ці паб, ці сталоўка ў нас на працы — паўсюль, без ніякіх выключэнняў, хай абавязвае гэтае правіла: перад і пасля ежы звяртаемся ў малітоўным акце да нябеснага Айца. Малітва ў адпаведны момант — гэта наша натуральнае права, і няма ў ёй нічога непрыстойнага або нетактоўнага; калі побач апынецца культурны і добра выхаваны чалавек, то напэўна не будзе кпіць з нашай рэлігійнасці. А людзьмі бескультурнымі або цынічнымі няма сэнсу праймацца: іх рэакцыя — гэта іх праблема, а не наша.
Іншая сітуацыя, калі павінен мець месца малітоўны акт, — калі праходзім побач са святым месцам або знакам (касцёл, царква, каплічка, крыж, святая ікона, могільнік і г. д.). Зрокавае сутыкненне з такімі знакамі не павінна нас пакінуць абыякавымі. Напэўна, было б дзіўна, калі б мы, ідучы, скажам, па вялікім горадзе і сустрэўшы нечакана якуюсьці дарагую асобу, проста так, без ніякай рэакцыі, прайшлі міма. Тым больш было б дзіўна, калі б веруючы, пабачыўшы крыж або ікону, не выразіў ніякай рэакцыі. Хай заіскрыць наша вера пры з’яўленні знакаў, якія нагадваюць пра веліч і хвалу гэтай веры! Ці ідзем мы самотна, ці ў таварыстве іншых людзей, веруючых ці няверуючых, — хай гэта будзе «жалезнае» правіла, што святыя месцы і знакі ўшаноўваем выразным жэстам: гэта можа быць знак крыжа, зняцце шапкі ў выпадку мужчын, схіленне галавы і г. д. Асабліва важна гэта ў выпадку, калі праходзім побач са святыняй, дзе знаходзіцца Найсвяцейшы Сакрамэнт. Прапаную, прынамсі ў некаторых выпадках, напр. ва ўрачыстасці, праходзячы міма касцёла, пра які вядома, што там знаходзіцца Найсвяцейшы Сакрамэнт, нават прыкленчыць на адно калена дзеля ўшанавання Божай прысутнасці. Так, проста на вуліцы, у прысутнасці прахожых, звярнуцца прыблізна ў той бок, дзе знаходзіцца Сакрамэнт, і ўкленчыць.
Я тут назваў прыклады найбольш простых (але важных!) спосабаў публічнага вызнавання веры ў штодзённым жыцці. Кожны можа дапоўніць гэты пералік іншымі, можа, больш пасуючымі да ягонай канкрэтнай жыццёвай сітуацыі.
Цяпер яшчэ некалькі дадатковых рэфлексій. Першая рэфлексія — духоўнага характару. Крайне важна, каб мы распачалі Год веры з ачышчанай душой. Калі хтось знаходзіцца ў стане цяжкага граху, хай не чакае моманту, калі гэты грэх пачне душыць і гнясці, і пустошыць жыццё яго самога і ягоных блізкіх. З дапамогай сакрамэнту паяднання, які, дзякаваць Богу, фактычна паўсюль даступны, трэба разарваць грахоўныя путы і вызваліць сябе для сапраўднай радасці і любові.
Спаўненне гэтай умовы асабліва важнае ў кантэксце публічнага вызнавання веры, пра якое была гаворка вышэй. Грэх — гэта асноўны фактар страху. Таму, калі хтось будзе спрабаваць публічна выражаць сваю веру, застаючыся ў стане цяжкага граху, існуе рызыка, што або на нейкім этапе спалохаецца і зламаецца, або ператворыцца ў фанатыка, які будзе агрэсіўна і нетактоўна навязваць сваю веру.
Другая рэфлексія датычыць магчымага ідэалагічнага процідзеяння. Вось ужо каторае дзесяцігоддзе секулярныя ідэолагі спрабуюць, не без выразных поспехаў, убіць у галовы людзей, што само публічнае вызнаванне веры — гэта акт неталерантнасці, недазволенай рэлігійнай экспансіі і нечага падобнага. Маўляў, носячы на шыі ланцужок з крыжам, я выконваю нейкі «акт насілля» паводле поглядаў майго суседа, які не вызнае хрысціянскай веры. Вельмі важна — хаця б у імя абароны здаровага сэнсу — не паддавацца гэтай абсурднай ідэалогіі і пры сутыкненні з яе адэптамі спакойна, але цвёрда падкрэсліваць, што публічнае вызнаванне веры і гвалт над няверуючымі — гэта розныя рэчы.
Трэцяя рэфлексія — псіхалагічнага характару. Чалавек, які хаваецца са сваімі перакананнямі, які ўвесь час дрыжыць пад націскам праклятага пытання: ой, а што людзі скажуць? — такі чалавек прабывае ў стане псіхічнага дысанансу, ён не здольны гарманізаваць сваё «вонкавае я» з «унутраным я». Публічнае вызнаванне веры — пры ўмове, што гэты чалавек унутры таксама верыць — азначае не што іншае, як дабрадзейную гарманізацыю сваёй псіхікі. Веру і паводжу сябе ў адпаведнасці са сваёй верай; вызнаю перамогу Хрыста і ўшаноўваю Яго як Пераможцу; атрымліваю ад Бога хлеб штодзённы і цяпер дзякую Яму за гэта — вось такая пазіцыя мацуе псіхіку, спрыяе стойкасці. А моцная псіхіка — гэта, як вядома, перадумова прадуктыўнасці і жыццёвай радасці.
Пётр Рудкоўскі