Пошук


Смерць чатырох дыпламатаў, дзясяткі знішчаных будынкаў, тысячы спаленых амерыканскіх і еўрапейскіх сцягаў — вось такі чорны шлейф пацягнуў за сабой аматарскі фільм «Нявіннасць мусульман». Рэакцыя мусульман на знявагу прарока Мухамеда гэтым разам па сваёй гвалтоўнасці пераўзышла рэакцыю ў 2005–2006 гг., калі ў адной дацкай газеце былі змешчаны карыкатуры Прарока.

Хто вінаваты? — гэтае пытанне чарговы раз павісла ў паветры, гэтым пытаннем прасякнуты шматлікія каментары, дыскусіі і палемікі вакол трагічных падзей мінулых тыдняў. Магчымы прынамсі два адказы: 1) вінаваты стваральнікі фільма; маўляў, калі б не яго з’яўленне, не было б гэтых смертаносных падзей; 2) вінавата «нецярпімасць» мусульман, якія не ўмеюць або не хочуць прызнаць «свабоду слова». Абодва адказы, аднак, спараджаюць далейшыя пытанні. Бо калі прызнаць, што вінаваты стваральнікі фільма, то ці гэта азначае, што трэба цяпер усталёўваць якуюсьці цэнзуру? Само слова «цэнзура» некаторых наводзіць на вусціш. А калі прызнаць, што вінаваты мусульмане, то напрошваецца пытанне: а што, калі для некаторых (а нават для многіх) добрае імя Прарока больш важнае, чым свабода слова?

Мэтай гэтага допісу не ёсць высвятленне, хто і наколькі вінаваты. Хацелася б скарыстаць з нагоды, каб глянуць на наш, хрысціянскі, свет праз прызму «абразы рэлігійных пачуццяў». Бо тут справа ўжо не абмяжоўваецца аказіянальным выпускам нейкага аматарскага фільма. Публічнае высмейванне і аплёўванне хрысціянскіх святыняў, прычым не ў чужым, а ва ўласным цывілізацыйным абшары, часам набывае сапраўды ўражваючы размах. Вось Злучаныя Штаты: з канца 90-х гадоў рэгулярна ў розных тэатрах робіцца пастаноўка блюзнерскага спектакля «Corpus Christi» (апошняя пастаноўка адбылася месяц таму ў Каліфорніі). Езус і Ягоныя вучні паказаны ў ім геямі, а здрада Юды — здрадай на глебе сексуальнай рэўнасці. Вось Францыя: узімку 2011–2012 гг. у Тулузе і Парыжы ладзілася пастаноўка спектакля «Пікнік на Галгоце», дзе крыжовая мука нашага Пана апаганена з дапамогай парнаграфічных сцэн, а сам Пан Езус прыроўнены да тэрарыста. Пастаноўкі гэтага блюзнерскага спектакля часткова фінансаваліся французскім урадам (!). Вось Польшча: Адам Дарскі, зорка чорнага металу, публічна рве Біблію, характарызуючы яе амаль нецэнзурнымі эпітэтамі. Вось Беларусь: цэнтральныя вуліцы краіны названы ў гонар тых, хто нішчыў касцёлы і цэрквы, спілоўваў крыжы і спрычыніўся да смерці соцень і тысяч вызнаўцаў Хрыста... Прыклады можна множыць, але і гэтых дастаткова, каб задацца адным пытаннем: чаму хрысціяне — кажучы вобразна — не падпальваюць пасольствы?

Насамрэч гэта пытанне не да хрысціян. Той хрысціянін, які ўсведамляе сваю веру і сваю годнасць, добра ведае адказ. Адказ выдатна прачытваецца ў дзвюх кароткіх фразах нашага Збаўцы: «Схавай меч» (скіравана да Пятра) і «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што чыняць». Для хрысціяніна справа зразумелая: блюзнерцы патрабуюць больш спачування, чым пакарання.

Мяне здзіўляе іншае. Чаму над гэтым пытаннем не задумаюцца самі ідэолагі так званай «свецкай культуры» і «рацыянальнага светаўладкавання», асабліва вызнаўцы аксіёмы (а такіх вызнаўцаў багата!), што Касцёл або Царква — гэта бастыён дагматызму і нецярпімасці? Для многіх ідэолагаў секулярызму довадам «нецярпімасці» з’яўляюцца мірныя пратэсты хрысціян супраць такіх праяваў «мастацтва», як «Пікнік на Галгоце» або «Код да Вінчы». А калі ў мінулым годзе ў Авіньёне адзін з хрысціянскіх пратэстуючых пашкодзіў фотаздымак Андэрса Серана (на якім паказана распяцце Хрыста, акунутае ў... прабачце, урыну), то падняўся сапраўдны лямант: як можна нішчыць мастацкі твор! Гэта ж рэлігійны экстрэмізм! Варварства! Інквізіцыя! Аўтар так шмат творчай сілы ўклаў у тое, каб стварыць такі шэдэўр, а тут нейкі хрысціянскі фанатык асмеліўся гэты твор апаганіць!

Кантраст паміж рэакцыяй мусульман і рэакцыяй хрысціян на абразу рэлігійных пачуццяў больш чым відавочны. Палаючыя будынкі амерыканскіх пасольстваў у Лівіі, Судане, Йемене і шэрагу іншых краін з аднаго боку і пашкоджаны фотаздымак — з іншага. Бачыце розніцу? А вось для прапаведнікаў секулярызму розніцы тут няма, альбо калі ёсць, то яна неістотная. Яны ўсцяж, незалежна ад фактаў, гатовы пафасна і натхнёна разважаць пра «цемрашальскую» і «свабоданенавісніцкую» сутнасць Касцёла/Царквы. Як казаў класік — «калі факты не адпавядаюць тэорыі, то тым горш для фактаў».

Секулярызм — гэта глыбока ірацыянальная дактрына. З часоў Асветніцтва яна паразітуе на хрысціянскіх інтэлектуальных і этычных дасягненнях, але ўвесь час намагаецца паднесці гэтыя дасягненні без рэлігійнай складовай. І вось так трапечацца ва ўласных супярэчнасцях.

А. Пётр Рудкоўскі ОР

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця