Пошук


Прамова а. Пятра Рудкоўскага ОР падчас медыцынскай канферэнцыі з нагоды Сусветнага дня хворага ў Віцебскай абласной бальніцы

Шаноўнае спадарства!

Гэта вялікі гонар прамаўляць перад такой пачэснай аўдыторыяй. Прызнаюся, што не адразу ўдалося мне «злавіць» якую-небудзь ідэю, якой бы можна было непустаслоўна падзяліцца з вамі. Значная частка з прысутных тут — урачы, якіх часам называюць таксама дактарамі. З даўніх часоў у лацінскім слове «doctor» месцяцца гэтыя два значэнні: вучоны і лекар, а ў свядомасці многіх людзей гэтыя два значэнні надалей глыбока пераплеценыя між сабой. Яскравым сведчаннем чаго можа быць казус аднаго ксяндза, які абараніў доктарскую дысертацыю па гісторыі, а некаторыя яго парафіянкі, пачуўшы, што іх пастыр стаў «доктарам», прыйшлі да яго з просьбай, каб той іх палячыў, бо былі свята перакананыя, што раз хтосьці стаў «доктарам», значыць, добра разбіраецца ў пытаннях здароўя і хваробы.

Я не з’яўляюся доктарам ані ў першым, ані ў другім значэнні, тым не менш рызыкну прамовіць некалькі рэфлексій, навеяных чытаннем і разважаннем над словамі з Евангелля паводле Марка. Дазвольце, зачытаю фрагмент:

«А пэўная жанчына, якая хварэла на крывацёк дванаццаць гадоў і шмат выцерпела ад многіх лекараў, патраціла на іх усю маёмасць сваю, аднак нішто не дапамагло, і ёй станавілася нават горш, пачуўшы пра Езуса, падышла ў натоўпе ззаду і дакранулася да Ягонай вопраткі, бо казала сама сабе: Калі хаця б дакрануся да Яго вопраткі, выздаравею. І адразу ж спыніўся ў яе крывацёк, і адчула яна ў целе, што выздаравела ад хваробы. Езус жа, адразу адчуўшы, што моц выйшла з Яго, звярнуўся да народу і сказаў: Хто дакрануўся да Маёй вопраткі?»
     
Затым наступае невялічкі дыялог паміж Езусам і жанчынай, у выніку якога Езус публічна хваліць глыбокую веру гэтай жанчыны. Але звярнуць хачу ўвагу на такую фразу: моц выйшла з Яго. Прызнайма, даволі цікавыя, можа, нават дзіўныя словы. Дарэчы, грэчаскі тэкст дазваляе вось такое прачытанне: моц пакінула Яго!

Так ці інакш, гэтую фразу я хацеў бы звязаць з досведам спачування, «сочувствия», і некалькі думак выказаць наконт гэтага досведу. Прызнаюся, што мне няпроста ўдаюцца размовы з хворымі, церпячымі людзьмі. Нярэдка пасля такой размовы я маю адчуванне спусташэння, знясілення, нечага, што можна было б апісаць менавіта так: моц выйшла з мяне. Ад аднаго лекара, каторы, дарэчы, з’яўляецца таксама дамініканінам, я даведаўся, што на этапе падрыхтоўкі авалодвання прафесіяй медыкам не рэкамендуюць празмерна атаясамлівацца з унутраным станам пацыентаў, беручы пад увагу псіхічнае здароўе медыкаў. Магчыма, ёсць у гэтай рэкамендацыі большая або меншая доля слушнасці, аднак жа... Аднак задаю сабе пытанне, чаму Езус усё ж такі дазволіў, каб «моц выйшла з Яго»? Ну, адказ тут, бадай, просты: каб жанчына, якая ледзь не згубіла апошнюю надзею, стала здаровай.

Вось жа ёсць пэўная небяспека ў празмернай «эканоміі» сваёй моцы, у абераганні сваёй душэўнай і фізічнай сілы, у пазбяганні спачувальнай салідарнасці з церпячымі. Так, калі спачуваем, «моц выходзіць» з нас. Мы не раз можам адчуць, што хворы чалавек як быццам «высмоктвае» нашу энергію. Будаванне абаронных бар’ераў можа здацца цалкам разумным рашэннем.

Хто ведае, можа, у некаторых выпадках такія бар’еры патрэбныя. Але мы –—урачы, медсёстры, медбраты, святары, сацыяльныя работнікі — можам стварыць паміж сабой і церпячым чалавекам такі бар’ер і такую дыстанцыю, што наша дзеянне перастане лячыць.

Звернем яшчэ раз увагу на стан жанчыны з прачытанага ўрыўка Евангелля:  жанчына хварэла на крывацёк дванаццаць гадоў (1), шмат выцерпела ад многіх лекараў (2), патраціла на іх усю маёмасць сваю, але нішто не дапамагло (3), ёй станавілася нават горш (4).

Хто гэтыя лекары, да якіх звярталася гэтая жанчына? Ці не былі гэта тыя лекары, якія «перагнулі» ў абераганні сябе перад «празмерным» спачуваннем? Мабыць, не толькі «перагнулі», але апынуліся на антыподах спачування: сталі паразітаваць на цярпенні іншага чалавека, умела выцягнулі ў яе грошы, не дапамогшы ёй, а можа, нават пагоршыўшы яе стан.

І так, маем, з аднаго боку: спачуванне, суадчуванне, спагаду, тое, што грэкі прыгожа называлі sympatheia (сімпатыя) і, з другога боку, нячуласць, абыякавасць, «беспачуццёвасць». І тут трэба шчыра і рэалістычна прызнаць, што спачуванне — гэта не ёсць камфортны досвед. Спачуванне змяшчае ў сабе спазнанне «выхаду моцы» з нас; спачуваючы, мы можам адчуць сябе знясіленымі. І чым больш глыбокае будзе наша спачуванне, тым большае можа быць наша адчуванне, што той, да каго мы праяўляем спачуванне, як бы «кроў высмоктвае» з нас. І нярэдка будзем мець рацыю, бо — зноў жа — рэалістычна трэба прызнаць, што церпячыя, хворыя людзі застаюцца грэшнымі людзьмі і могуць злоўжываць нашым спачуваннем.

Вернемся яшчэ раз да Евангелля. Мяне вельмі інтрыгуе тут адзін момант. Непасрэдна пасля апісання аздараўлення Езусам жанчыны (і спазнання «выхаду моцы» з Яго) наступае апісанне ўваскрашэння. Гэта значыць, дзеяння, якое патрабуе нашмат большай моцы, чым аздараўленне! Супастаўленне гэтых двух цудаў, мяркую, тут невыпадковае, яно павінна нам дапамагчы ўсвядоміць, што ўслед за досведам «выхаду моцы» наступае досвед «вяртання моцы», прычым у падвоенай, патроенай, памножанай у сотню разоў, ступені!

Такім чынам, не варта, мабыць, баяцца «губляць моц» і «быць знясіленым» праз наша спачуванне да церпячых.

Пётр Рудкоўскі

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа