Пошук


У хрысціянстве ёсць толькі адзін Святар — Езус Хрыстус. Ён жа — адзіны Пасярэднік. Апосталы не называліся святарамі. Вучні апосталаў таксама. Вучні вучняў... аж да трэцяга стагоддзя цураліся слова «святар». Супольнасць хрысціянаў была перш за ўсё ekklesia — скліканне розных паводле функцый, але роўных па статусе братоў і сясцёр у Хрысце. І сярод гэтых шматлікіх функцый існавала функцыя прэзбітэра, якая давала права дадзенай асобе быць «старэйшым» падчас літургічных сустрэч. Але гэтае «старшынёўства» не ператварала дадзеную асобу ў персону «вышэйшага гатунку»; яна надалей заставалася «роўнай сярод роўных».

«Святар», «іерэй», «пастыр», «вялебны айцец», «ксёндз-дабрадзей», «другі Хрыстус» — гэта інтэрпрэтацыйныя «нарасты», якія прараслі на культурай глебе розных эпох і рэгіёнаў. Не думаю, што іх трэба гуртам пазбаўляцца, як прапануюць багасловы з рэфармаваных Цэркваў, аднак варта таксама не блытаць іх з «коранем».

Напамін пра карані прэзбітэрскай паслугі можа мець ачышчальнае значэнне. Думаю, што хрысціянін, які атрымаў святарскае пасвячэнне, павінен перш за ўсё ўзрастаць і развівацца як сапраўдны брат для іншых членаў супольнасці. Гэта ўжо пазней — па меры сталення і здабывання духоўнай мудрасці — ён можа паволі ператварыцца ў духоўнага айца, але нават і тады павінен памятаць, што ў поўным сэнсе слова «ёсць толькі адзін Айцец — той, што ў небе» і «адзін Настаўнік — Хрыстус» (пар. Мц 23, 8–9).

У памятны дзень майго святарскага пасвячэння, 24 чэрвеня, я пачуў багата цёплых і поўных зычлівасці слоў. Але гэтая цеплыня часам дасягала неапраўдана высокіх градусаў. Мая сястра апавядала, як некаторыя пабожныя парафіянкі настойліва яе папраўлялі, калі яна казала проста «Пётр». Ойча Пётр — выразна падкрэслівалі яны, пераконваючы, што нават мая родная сястра павінна да мяне і пра мяне казаць не інакш, як толькі «Ойча». Балазе, што хоць ніхто не дадумаўся маіх бацькоў схіляць да таго, каб велічалі свайго сына «айцом».

Не будзем перабольшваць, браты і сёстры, з тытуламі. Не будзем перабольшваць з сакралізацыяй царкоўных слугаў. Не будзем шукаць зямных замяняльнікаў Бога ці то ў выглядзе залатога цяльца, ці ў выглядзе «святога айца». Будзем паважаць сваіх пастыраў, але не абагаўляць іх. Будзем памятаць пра карані.

Пётр Рудкоўскі

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа