Пошук


«Ты Кароль юдэйскі?»

Гэтаксама як у старажытнасці разважаў Пілат, ці Езус Назаранін не пагражае «рымскаму правапарадку», так і сёння многія задаюцца пытаннем: ці гэты Езус не пагражае дэмакратыі? талерантнасці? ці не пагражае еўрапейскаму правапарадку? прагрэсу? навуцы і тэхніцы? цывілізацыйнаму развіццю?... Калі Понцій Пілат задае пытанне «Ты Кароль юдэйскі?», то мае на ўвазе ролю Езуса ў зямной барацьбе за ўладу: у чым заключаецца Твая палітыка?

Што на гэта адказвае Езус?

Валадарства Маё не з гэта га свету. Калі б з гэтага свету было Маё Валадарства, то слугі Мае заступіліся б за Мяне, каб Я не быў выдадзены юдэям. Але цяпер Маё Валадарства не адгэтуль. (...) Я для таго нарадзіўся і для таго прыйшоў на свет, каб засведчыць аб праўдзе (пар. Ян 18, 36–37).

Тут варта паставіць пытанне: да каго гэтыя словы скіраваны ў першую чаргу — да Пілата, ці, хутчэй, да паслядоўнікаў Хрыста? Я думаю, што перш за ўсё да нас, хрысціянаў.

Выкарыстоўванне Імя Езуса дзеля здабывання ўлады, узмацнення ўплываў у грамадстве, павышэння сацыяльнага статусу было і застаецца адной з найвялікшых праблем хрысціянства. Патрабаванне адмысловых правоў, прывілеяў, ільготаў па той прычыне, што хтосьці ёсць «слугою Хрыста» — гэта спакуса, якая стала пагражае прадстаўнікам Касцёла. Адной з праяў такога злоўжывання ёсць схільнасць многіх духоўнікаў выкарыстоўваць святарскую вопратку для аблегчання вырашэння пэўных надзённых спраў, што мае месца ў хрысціянскіх краінах, у тым ліку і ў Беларусі. Многія святары і законнікі, хоць у штодзённым жыцці і не носяць духоўнай вопраткі, усё ж ахвотна яе апранаюць, калі, скажам, ідуць да лекара альбо ў консульскі аддзел. Сутана, каларатка з’яўляецца даволі надзейным сродкам псіхалагічнага ўздзеяння на службовых асоб, каб тыя трактавалі духоўнікаў як персон вышэйшага гатунку, а не як звычайных, шэрых людзей. Думаю, няцяжка здагадацца, чым корміцца антыклерыкалізм, і чаму ў Еўропе хрысціянства становіцца ўсё менш і менш папулярным.

Атакі на Касцёл і на хрысціянскія сімвалы, як напрыклад, крыж — гэта, безумоўна, прыкрыя рэчы. Магчыма, часта яны несправядлівыя. Але думаю, што варта, каб мы, хрысціяне, успрымалі гэтыя напады перш за ўсё як нагоду да навяртання. Нагоду да ўсведамлення, што калі мы сапраўды належым да Хрыста, то наша Валадарства не з гэтага свету. Нам трэба вызваляцца ад прагі ўлады і пераадольваць спакусу здабывання прывілеяў на гэтым свеце.

Нам давераны скарбы намнога больш каштоўныя, чым, скажам, грошы і ўлада. Мы з’яўляемся ўладальнікамі моцы самога Хрыста. Падчас Камуніі гэтая моц становіцца асабліва дзейснай. Гэта моц міру, любові і прабачэння. Мы можам — дакладней, можам магчы — тое, што не заўсёды можа гэты свет — пераадольваць зло пры дапамозе дабра. Мы пакліканы да ўдзелу ў каралеўскай годнасці Хрыста, быць волатамі Дабравесця і вестунамі Божага Валадарства, якое — паўторым за Езусам — «не ёсць з гэтага свету». Мы пакліканы сведчыць аб моцы любові.

Вось такое ёсць наша Валадарства.

Пётр Рудкоўскі
Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа