Пошук

09.05.2024 06:40   Кардынал Казімір Свёнтэк / Catholic.by
Джота. Унебаўшэсце.

Ва ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана прапануем гамілію Сведкі веры кардынала Казіміра Свёнтка, прамоўленую ім амаль 20 гадоў таму, 20 мая 2004 года, у катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску, але якая па-ранейшаму актуальная, бо з’яўлякцца сведчаннем веры, пацверджаным жыццём вялікага пастыра.

УНЕБАЎШЭСЦЕ ПАНА ПАВЯЛІЧВАЕ НАШУ ВЕРУ

«Мужы галілейскія, чаго стаіце і ўглядаецеся ў неба?»
(Дз 1, 11)

«А яны пайшлі і паўсюль абвяшчалі Евангелле»
(Мк 16, 20)

Як у часе Велікодных святаў Уваскрэсенне Пана было для нас прычынаю для радасці, так Яго ўшэсце на неба з’яўляецца для нас новаю прычынаю радавацца. Таму што мы ўшаноўваем памятку таго дня, у які Хрыстус узняў нашую слабую чалавечую натуру на трон Айца, па-над усе нябесныя войскі, па-над усе анёльскія хоры і ўсе сілы нябесныя. Такім укладам спраў Божых мы ўмацаваны і ўзмоцнены, каб яшчэ цудоўней праявілася Божая ласка, якая ўчыніла, што вера нашая не аслабла, не пахіснулася надзея і не астыла любоў, калі на нашых вачах адышоў Той, які слушна абуджаў нашую пашану.

Так, сапраўды, вялікая гэта сіла духа і прычына вялікага святла ў душах вернікаў, калі яны непахісна вераць у тое, чаго не бачылі на ўласныя вочы, і іх жаданні скіраваныя да таго, чаго нельга ўбачыць.

Ці маглі б з'явіцца падобныя пачуцці ў нашых сэрцах, і ці магла б вера нам прынесці апраўданне, калі б нашае збаўленне грунтавалася толькі на тым, што застаецца ў полі нашага зроку? У сакрамэнтах цяпер знаходзіцца тое, што было бачным у нашым Збавіцелі.

Наша вера становіцца больш дасканалай і моцнай, бо вучэнне заняло месца бачання, а Яго аўтарытэт з таго часу прымаюць сэрцы вернікаў, асвечаныя святлом з неба.

Гэтую веру, яшчэ больш павялічаную Унебаўшэсцем Пана і ўмацаваную дарамі Духа Святога, не здолелі спалохаць ні кайданы, ні турмы, ні выгнанне, ні голад, ні агонь, ні дзікія звяры, ні таксама розныя вычурныя катаванні, якія выкарыстоўвалі жорсткія пераследвальнікі.

Аж да праліцця крыві абаранялі яе па ўсім свеце не толькі мужчыны, але і жанчыны, юнакі і кволыя дзяўчаты. Гэтая вера выганяла злых духаў, аздараўляла з хваробаў, уваскрашала памерлых.

Святыя Апосталы, хоць і былі ўмацаваныя столькімі цудамі і навучаныя столькімі настаўленнямі Езуса, спалохаліся, убачыўшы страшэнную муку Пана, але пасля ваганняў яны прынялі праўду аб уваскрэсенні. Апосталы, аднак, атрымалі карысць ад Унебаўшэсця Пана, бо яны, баязлівыя да гэтага, былі напоўнены вялікай радасцю, паколькі ўглядаліся вачыма душы ў боства Хрыста, які сядзіць праваруч Айца. Яны ўжо не засяроджвалі ўвагі на чалавечым целе Хрыста, але духам зразумелі, што Той, Хто ўзышоў на неба, не пакінуў сваіх вучняў.

Таму цяпер Сын Чалавечы дазволіў пазнаць сябе больш дасканала і больш святым чынам як Сын Божы, калі вярнуўся да хвалы велічы Айца. І таксама тады невымоўным чынам стаў нам больш блізкі як Бог, калі аддаліўся ад нас як чалавек.

З таго часу вера, больш асветленая, пачала лепш пазнаваць роўнасць сутнасці Айца і Сына і ўжо не патрабавала датыкацца ў Хрысце да таго, што цялеснае, што Яго рабіла ніжэй за Айца.

Гэтае Цела, цяпер праслаўленае, надалей захоўвае сваю натуру, але цяпер Цела Адзінароднага Сына Божага, роўнага Айцу, спасцігаецца не цялесным дотыкам рукі, як у святога Тамаша, але духоўным разуменнем веры.

У Дзеях Апосталаў напісана: «І, сказаўшы гэта, Ён узнёсся на вачах іхніх, і воблака забрала Яго з іхніх вачэй. І калі яны пільна ўзіраліся ў неба, як Ён узыходзіў, вось два мужы сталі перад імі ў белым адзенні і сказалі: Мужы галілейскія, чаго стаіце і ўглядаецеся ў неба? Гэты Езус, узяты ад вас на неба, прыйдзе таксама, як вы бачылі Яго, калі Ён узыходзіў на неба» (Дз 1, 9–11).

«Чаму стаіце? — стоячы, не дасягнеце неба!» Святы Марк Евангеліст піша: «Яны ж пайшлі…»

Трэба ісці, каб дайсці да неба. А ісці — гэта значыць абвяшчаць Евангелле, укараняць у сваё жыццё, у свае паводзіны сутнасць Евангелля: веру, надзею, любоў.

Нагамі ступаць па зямлі, а галавою імкнуцца да неба: такая пастава чалавека па сваёй прыродзе, такой таксама павінна быць духоўная пастава чалавека па веры ў Бога.

Прыслухаемся да словаў Апостала, які гаворыць: «Шукайце таго, што ў вышынях, дзе Хрыстус сядзіць праваруч Бога; пра тое, што ў вышынях, думайце, а не пра зямное» (Клс 3, 1–2). Так жывучы, так паступаючы, мы дойдзем да неба, дзе зможам весяліцца і радавацца вечнаму прабыванню з Богам.

Абноўлена 09.05.2024 06:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.