Пошук

21.12.2023 06:00   Пераклад: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by

На шляху да свята Божага Нараджэння запрашаем паслухаць разважанні пра ключавых асоб Адвэнту, падрыхтаваныя дасведчаным духоўным кіраўніком — айцом Паўлам Касіньскім SІ.

 

Юзаф

Ягоная роля ў падрыхтоўцы прыйсця Хрыста была выключнай. Яму была даверана апека над Езусам, Сынам Божым, і Ягонай Маці, Марыяй. Можна меркаваць, што ў яго былі іншыя жыццёвыя планы і намеры. Заручаны з Марыяй, ён хацеў мець сям’ю, слухаць Бога і захоўваць праведнасць.

Юзаф не быў гатовы да таго, з чым яму давялося сутыкнуцца. Ён быў высакародны і непакоіўся пра добрае імя Марыі. Бог злагодзіў ягоныя сумневы, паказваючы іншую перспектыву. Не пад прымусам, але свабодна Юзаф зрабіў свой выбар.

Гэта адна з найважнейшых і адначасова найбольш таямнічых постацяў Святога Пісання. Ягоная роля ў гісторыі збаўлення вельмі важная: ён слухае, перажывае, верыць і дзейнічае без аніводнага слова. Застаецца ў ценю, заўсёды чуйны, паспяхова выконвае ўсё што яму даручана.

Юзаф, муж Марыі, апякун Езуса — асаблівы праваднік у гэтым Адвэнце.

Нараджэнне Езуса Хрыста было такім. Пасля заручын Маці Ягонай Марыі з Юзафам, перш чым яны пачалі жыць разам, Яна зачала ад Духа Святога. Юзаф жа, муж Яе, будучы справядлівым і не жадаючы зняславіць Яе, хацеў патаемна адпусціць Яе. Калі ён надумаў гэта, вось анёл Пана з’явіўся яму ў сне і сказаў: «Юзэфе, сыне Давіда, не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае ў Ёй ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, а ты дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад грахоў ягоных». А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Панам праз прарока, які кажа: «Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя Эммануэль, што азначае з намі Бог». Абудзіўшыся ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана, і прыняў жонку сваю, і не спазнаваў Яе, пакуль Яна не нарадзіла Сына, якому ён даў імя Езус.

(Мц 1, 18–25)

Становішчу, у якім апынуўся Юзаф, не пазайздросціш. Ён мае ясную перспектыву будучыні, канкрэтныя жыццёвыя планы, і раптам бачыць, што дзеецца штосьці абсалютна непрымальнае.

Цалкам натуральна, калі б у ім узнікла абурэнне, гнеў, асуджэнне і патрабаванне справядлівага пакарання. Але Юзаф не паддаецца гэтым пачуццям.

Хоць не ведае, што з’яўляецца сапраўднай прычынай такой сітуацыі, але застаецца чалавекам ураўнаважаным і справядлівым. Шукае такога рашэння, якое прынесла б як найменей шкоды і як мага болей дабра.

Напэўна псіхічны стан маладога сужэнца быў досыць кепскі, поўны стрэсу і страху, раз анёл Пана сказаў яму: «Не бойся!» Ад анёла Юзаф даведваецца пра Божы план збаўлення. Сітуацыя, якая яму небеспадстаўна здавалася нечым такім, што пераўзыходзіць яго сілы і што ён не можа ды не ведае як прыняць, раптам атрымала іншы сэнс. Юзаф як чалавек справядлівы і чулы змог на гэта пагадзіцца і зразумець.

Як часта досвед хваробы, расчаравання, цяжкіх жыццёвых выпрабаванняў і асабістых паразаў адольвае і прыгнятае нас, бо нам не стае справядлівасці і адчувальнасці, каб паглядзець на гэта вачамі Бога?

«Абудзіўшыся ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана». Нашае жыццё не адбываецца ў думках, планах і марах. Урэшце трэба абудзіцца і сказаць «так». Юзаф «зрабіў» — і гэта было ягонае слова згоды на місію, на вызначаную яму ролю. На старонках Святога Пісання мы не знойдзем ніводнага слова, вымаўленага Юзафам. Свае намеры ён пацвярджаў учынкамі.

Юзаф быў апекуном Езуса, калі Ён вучыўся хадзіць, гаварыць і рабіць штосьці самастойна. Вучыў Яго, кім ёсць бацька. Вучыў, як стаць сапраўдным мужчынам.

А калі Езус абвяшчаў: «Не кожны, хто кажа Мне: „Пане, Пане…“, але той, хто выконвае…» (Мц 7, 21), — напэўна думаў пра Юзафа, свайго апекуна.

Юзэфе, праваднік Адвэнту, навучы мяне шукаць таго, што лепшае. Дазволь пераняць тваю чуласць і праведнасць і дапамажы абудзіцца ад сну, каб чыніць дабро.

Абноўлена 21.12.2023 10:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця