Пошук

09.12.2023 15:00   Пераклад: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by
Адведзіны. Фрэска Джота / Wikipedia.org

На шляху да свята Божага Нараджэння запрашаем паслухаць разважанні пра ключавых асоб Адвэнту, падрыхтаваныя дасведчаным духоўным кіраўніком — айцом Паўлам Касіньскім SІ.

Альжбета

На нашым Адвэнтавым шляху мы сустракаем сёння жанчыну мудрую і чуллівую, жыццё якой доўга не ўкладалася паводле яе мараў і планаў. Што яна мне скажа? Куды павядзе і чым натхніць?

Альжбета была энергічнай і рашучай жанчынай. Умела слухаць. Марыла аб прыгожым доме, поўным дзіцячага гоману. Аднак ёй не было таго дадзена, і гэта вельмі яе прыгнятала. Яна саромелася і балюча перажывала шматлікія з’едлівыя заўвагі атачэння наконт яе бясплоднасці. Маршчыны і сівыя валасы толькі ўзмацнялі пачуццё фрустрацыі і жыццёвай паразы.

І пасля гэтых дзён зачала Альжбета, жонка ягоная, і ўкрывалася пяць месяцаў, кажучы: «Так учыніў мне Пан у тыя дні, калі глянуў на мяне, каб зняць з мяне ганьбу перад людзьмі».

Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды. Яна ўвайшла ў дом Захарыі і прывітала Альжбету. Калі Альжбета пачула прывітанне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і напоўнілася Альжбета Духам Святым. Яна ўсклікнула моцным голасам і сказала: «Благаслаўлёная Ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго. Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне? Бо калі голас прывітання Твайго загучаў у вушах маіх, узварухнулася радасна дзіцятка ва ўлонні маім. І шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам».

(Лк 1, 24–25. 39–45)

«Пан глянуў на мяне, каб зняць з мяне ганьбу перад людзьмі», — кажа Альжбета. Якія драматычныя словы... Колькі пякучага болю прасвечваецца скрозь іх: штодзённыя кпіны, меркаванні, грэблівыя перасуды; чуецца тут таксама трагічнае пачуццё сораму, неадпаведнасці чаканням, адчуванне сябе іншай, адкінутай і забытай нават Богам.

Людзі, нават самыя блізкія, могуць быць бязлітаснымі. Альжбета доўгія гады насіла ў сабе горыч і няўцешнасць.

Калі Марыя прамовіла словы прывітання, Альжбета адчула, што з ёй дзеецца штосьці нязвыклае.

Дзіцятка ў ёй узварухнулася, і яна адчула, як ахінае яе шчаслівае трымценне — святло і моц Святога Духа.

Якую вялікую моц мае слова іншага чалавека, якія перажыванні адчыняе перад намі. Альжбета пазнала ў Духу, што Марыя «благаслаўлёная між жанчынамі» і носіць у сваім улонні Пана. Слова прывітання Марыі адкрыла перад ёй новы свет. Добрае слова мае моц асвятліць гарызонт і паказаць нам новыя перспектывы.

«Яна ўсклікнула моцным голасам». Людзі крычаць ад страху або ў захапленні. Альжбета так рэагуе на моцны досвед, на напоўненасць Духам, на перспектыву нечага новага.

Яна выходзіць са сваёй схованкі, яе путы ганьбы і паразы рассыпаюцца, новае жыццё пульсуе ў ёй. Тое жыццё, якое носіць пад сэрцам, і тое, якое праз яе зараз пішацца.

Альжбета хваліць Марыю, што тая «паверыла», ды толькі і яна сама цяпер з’яўляецца адным з асноўных элементаў Божага плану збаўлення. Яна гэтак жа паверыла ў спаўненне абяцання Пана.

Сёння Альжбета няхай будзе маёй правадніцай з месцаў ганьбы, зняволення і фрустрацыі да новага жыцця, да абяцання Пана, які прыходзіць, каб ува мне нарадзіцца, каб мяне збавіць.

Абноўлена 09.12.2023 18:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.