Пошук

06.12.2023 07:00   Пераклад: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота / Canva.com

На шляху да свята Божага Нараджэння запрашаем паслухаць разважанні аб ключавых постацях Адвэнту, падрыхтаваныя дасведчаным духоўным кіраўніком — айцом Паўлам Касіньскім SJ.

Марыя

Яна была вельмі юнай, гадоў, можа, чатырнаццаці. Выхаваная ў пабожнасці і прастаце. Напэўна Яна марыла аб тым жа, што і яе равесніцы, аб добрым замужжы, сям’і і дзецях. Яна хацела служыць Пану Богу. І гэты намер быў для Яе бясспрэчным і безумоўным. Як гэтае жыццё для Бога будзе выглядаць на практыцы, Яна не магла прадбачыць. Аднак была гатова.

Свет быў створаны па Божым слове: «Няхай станецца!...»  Гісторыя чалавецтва была, аднак, пазначана першародным грахом. Ужо тады, у раі, пасля граху Адама і Евы, Бог прадказаў, што некалі будзе «жанчына і яе патомства», якое «сатрэ галаву» зла. Бог выбраў Марыю, новую Еву чалавецтва, каб нарадзіла Збаўцу свету. Выбраў, але не прымусіў. Ён чакаў Яе згоды, Яе дазволу. «Няхай мне станецца…» — гэта слова «новага стварэння», збаўлення свету.

У той час:

Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад галілейскі, які называўся Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя.

Анёл, увайшоўшы да яе, сказаў: Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою. Яна ж збянтэжылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта за прывітанне.

І сказаў Ёй анёл: Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. І вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага. І валадарыць будзе над домам Якуба вечна, і валадарству Яго не будзе канца.

А Марыя сказала анёлу: Як станецца гэта, калі я мужа не ведаю? Анёл сказаў Ёй у адказ: Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і народжанае Святое будзе названа Сынам Божым. Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасці сваёй, і ёсць ужо на шостым месяцы тая, якую называлі бясплоднай; бо для Бога няма нічога немагчымага.

Тады Марыя сказала: Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова. І адышоў ад Яе анёл. 

(Лк 1, 26-38)

Марыя не рыхтавалася да слоў анёла Габрыэля, не чакала такой сустрэчы і такой навіны. Ужо адбыліся заручыны з Юзафам. Яна мела іншыя ўяўленні наконт сваёй будучыні. Словы анёла збянтэжылі і занепакоілі Яе да той ступені, што Габрыэль прамовіў: «Не бойся!».

Досвед спаткання з Богам не заўсёды прыносіць спакой, асабліва калі кранаецца сутнасці нашых планаў на будучыню, таго, што ў жыцці мы лічым фундаментальным.

Галоўнае ўсё ж, што Яна разважала над значэннем пачутых слоў, заставалася ўважлівай і старалася распазнаваць.

Аднак, анёльскага абвяшчэння, што Яна абраная стаць Маці Бога, было недастаткова, каб усё Ёй растлумачыць. Марыя пачала пытацца аб тым, як гэтае прадказанне мае споўніцца, як усё гэта станецца. Вось, чарговы крок для прыняцця Божага задання.

Спачатку разважаем аб значэнні пачутага, потым дапытваемся, калі не ўсё ясна. Гэта не гандаль з Богам, не пошук адгаворак. Марыя — асоба сумленная і празрыстая перад Богам і Ягонай прапановай.

Калі Бог кліча чалавека да нейкай місіі, то дае і пацвярджэнне, напаўняе ўпэўненасцю ў хвіліну сумневаў. Не трэба баяцца ставіць Яму пытанні.

Толькі тады Марыя кажа: «Няхай мне станецца паводле твайго слова». Марыя – «новая Ева». Яе словы — гэта словы новага стварэння, словы збаўлення. Ці ведала Марыя, на што вырашаецца і якім будзе Яе лёс? Не. Яна не ведала, які шлях збаўлення выбраў Бог, ані нават падрабязнасцяў сваёй ролі. Яна сказала Богу сваё «так», не ведаючы, што з Ёй будзе.

О, Марыя, правадніца на шляхах Адвэнту, навучы мяне разважаць значэнне Божага закліку, дапамажы перамагаць страх перад запытваннем, а потым адважна адказваць Богу: «Так».

Абноўлена 06.12.2023 10:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця