Пошук

04.12.2023 11:35   Пераклад: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота / Shopify.com

На шляху да свята Божага Нараджэння запрашаем паслухаць разважанні аб ключавых постацях Адвэнту, падрыхтаваныя дасведчаным духоўным кіраўніком — айцом Паўлам Касіньскім SJ.

Захарыя

Служыў Богу з юнацтва. Меў жонку, з якой пражыў усё сваё жыццё. Яны жылі прыстойна і сумленна, аднак Бог не адказваў на іх малітвы. Яны не мелі дзяцей, пра якіх так марылі. Жыццё навучыла Захарыю, што ён мусіць з гэтым пагадзіцца. Ён састарэў і ўжо не ўяўляў сабе, што можа быць інакш. Сэрца б жадала, пэўна, але цвярозы розум вяртаў на зямлю.

У дні Ірада, караля юдэйскага, быў адзін святар, па імені Захарыя, з роду Абія. Ён меў жонку з дачок Аарона, а імя яе было Альжбета. Абое былі справядлівымі перад Богам, жывучы беззаганна паводле ўсіх запаведзяў і наказаў Пана. Але не мелі дзіцяці, бо Альжбета была бясплоднай; і абое былі ўжо ў старым узросце.

Калі Захарыя ў парадку сваёй чаргі выконваў святарскае служэнне перад Богам, яму паводле святарскага звычаю выпаў лёс увайсці ў святыню Пана, каб прынесці ахвяру каджэння. Усё ж мноства народу малілася звонку падчас каджэння. І з’явіўся яму анёл Пана, які стаяў з правага боку кадзільнага ахвярніка. Захарыя збянтэжыўся, калі ўбачыў анёла, і страх ахапіў яго.  Анёл жа сказаў яму: «Не бойся, Захарыя, бо выслухана просьба твая, і жонка твая Альжбета народзіць табе сына, а ты назавеш яго імем Ян. Будзе табе радасць і весялосць, і шмат хто ўзрадуецца нараджэнню ягонаму. Бо ён будзе вялікі ў вачах Пана, не будзе піць ні віна, ні сіцэры і напоўніцца Духам Святым яшчэ ва ўлонні сваёй маці. Многіх з сыноў Ізраэля наверне да іхняга Пана Бога. І сам пойдзе перад Ім у духу і моцы Іллі, каб вярнуць сэрцы бацькоў да дзяцей, і непаслухмяных — да разважлівасці справядлівых, каб падрыхтаваць Пану народ дасканалы». Тады сказаў Захарыя анёлу: «Па чым я пазнаю гэта? Бо я стары і жонка мая ў старым узросце». Анёл сказаў яму ў адказ: «Я Габрыэль, стаю перад Богам, і пасланы гаварыць з табою, і абвясціць табе добрую навіну пра гэта.  І вось, ты будзеш маўчаць і не зможаш гаварыць да дня, калі гэта станецца, за тое, што не паверыў словам маім, якія збудуцца ў свой час».

Народ жа чакаў Захарыю і дзівіўся, што ён затрымліваецца ў святыні.  А калі выйшаў, не мог гаварыць з імі; і яны пазналі, што ён бачыў з’яўленне ў святыні. А ён гаварыў з імі на мігах і заставаўся нямым.  Калі скончыліся дні служэння ягонага, ён вярнуўся ў свой дом.

(Лк 1, 5-23)

Анёл супакойвае: «Не бойся!». Столькі разоў Захарыя маліўся і заклікаў Бога пачуць ягоныя просьбы — і дробныя, штодзённыя, і самыя вялікія. Аднак, калі з’явілася перспектыва іх спаўнення, яго пранізвае страх. Чалавек ён праўдзівы, справядлівы і сумленны, але моцна напалоханы і ўражаны Божай прысутнасцю і дзеяннем.

О, Захарыя, няхай і ў маіх вушах прагучаць словы, якія ты пачуў ад анёла: «Не бойся!».

«Бо я ўжо стары», — кажа Захарыя. А гэта значыць, немагчыма, каб штосьці змянілася. Я занадта стары, занадта стомлены; жыццё склалася іначай… Мы маем шмат слушных аргументаў, каб прыхаваць свой недавер і млявасць. Хоць лепш было б прызнаць, што часам нам неабходны такі досвед немачы, сумневу ва ўласных сілах, каб дазволіць дзейнічаць Богу, прыняць з Ягоных рук збаўленне.

У выніку размовы з анёлам Захарыя анямеў і змоўк. Можа здавацца, што напаткала яго «кара» за нявер’е ў словы Габрыэля. Але ў той жа час гэта быў шанец на штосьці іншае, новае. Захарыя пачаў «гаварыць на мігах» — жэстамі, рухамі, мімікай. Ён мусіў «на мігах» казаць сваёй жонцы Альжбеце, што сын мае насіць імя Ян.

Звычайна тое, што выглядае цяжкасцю, нават «карай» за грэх, можа выявіцца новым адкрыццём, новай перспектывай. І да мяне Бог ставіцца так, як да Захарыі.

Няхай жа Захарыя стане для мяне сёння правадніком. Бог карыстаецца яго дапамогай, каб Езус мог нарадзіцца ўва мне.

Абноўлена 04.12.2023 16:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.