Пошук

10.11.2023 11:35   Падрыхтаваў: Раман Ярмош / Catholic.by
Удзельнікі «Легіёна Марыі» / фота з часопіса «Дыялог»

Малады вернік парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі (Гродзенская дыяцэзія) Раман Ярмош дзеліцца сваімі разважаннямі адносна ролі дзейнасці рухаў і супольнасцяў у парафіяльным жыцці.

У святле падзей апошніх гадоў, якія суправаджаліся спадам пакліканняў да святарства і кансэкраванага жыцця, тэматыка прысвечанага апостальству свецкіх вернікаў пастырскага года, які сёлета перажывае Касцёл у Беларусі, з’яўляецца вельмі актуальнай і адпаведнай выклікам часу.

У сённяшнім свеце адчуваецца пільная патрэба ў сталых хрысціянах, якія ўсведамляюць, кім яны з’яўляюцца праз святы хрост, а таксама разумеюць сваё пакліканне і заданне ў Касцёле. Таксама заўважна, што як у свеце, так і ў нашай краіне сучаснае хрысціянства перажывае пэўны парадокс. З аднаго боку, павялічваецца колькасць людзей, якія жывуць так, быццам Бог не існуе, расце рэлігійная абыякавасць. З іншага ж боку, відаць якасны прагрэс веры ў жыцці свецкіх. Вернікі глыбей цікавяцца Евангеллем, хочуць жыць яго праўдай і дзяліцца ёю з тымі, хто яе яшчэ не пазнаў або пра яе забыўся. Менавіта гэтая катэгорыя вернікаў можа стаць рухавіком развіцця Касцёла. Часта найбольш актыўныя вернікі дзейнічаюць не паасобку, а ўдзельнічаюць у розных касцёльных рухах і супольнасцях.

У апошнія гады заўважна дынамічнае развіццё рухаў, таварыстваў і рэлігійных груп, якія ўтвараюцца ў парафіях, хоць бы на прыкладзе парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі. Кожная з парафіяльных груп выконвае розныя заданні ў залежнасці ад таго, для якой мэты была створана, беручы пад ўвагу патрэбы і пажаданні парафіяльнай супольнасці.

На цяперашні момант ў парафіі дзейнічаюць наступныя групы: суполка Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas, «Легіён Марыі», Францішканскі ордэн свецкіх, міністранты, парафіяльны хор, рух «Маці ў Малітве», «Маргарыткі», колы «Жывога Ружанца», аднаўляецца Таварыства добрай смерці.

Гэта рухі, якія з’явіліся пераважана ў апошнія 20–30 гадоў. Але яны маюць добры падмурак, які быў закладзены яшчэ ў XVII стагоддзі, у час прыбыцця на Івейшчыну бэрнардынаў, чыю справу працягвалі пазней святары і законныя сёстры ў складаным і багатым на маштабныя гістарычныя падзеі ХХ стагоддзі. Менавіта іх спадчынай карыстаецца парафія, хоць на першы погляд гэтага можна і не заўважыць.

Кс. Ільдэфонс Бобіч (пробашч парафіі з 1930 па 1944 год) і арганізаваны пры касцёле гурток шыцця, кан. 30-гг. ХХ ст. / ivjebiblioteka.wixsite.com

Пачынаючы з XVII стагоддзя і на працягу больш як двухот гадоў у парафіі існавала брацтва святой Ганны і святога Антонія. Акрамя таго, з XVIII стагоддзя ў Іўі існаваў парафіяльны прытулак для бедных і састарэлых. Такім чынам, парафія дзейнічала ў сферы дабрачыннасці амаль на працягу ўсёй сваёй гісторыі. У перыяд паміж дзвюмя сусветнымі войнамі пры парафіі існавалі курсы ткацтва, кравецтва і вышывання, а таксама арганізоўваўся адпачынак для дзяцей і моладзі.

Пачынаючы з 2000 года пры парафіі распачала дейнасць суполка Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas, якая аказвае дапамогу інвалідам, шматдзетным сем’ям, самотным асобам.

Больш як за 20 гадоў свайго існавання яна дапамагла многім людзям не толькі на тэрыторыі парафіі, але і за яе межамі. Гэта — яскравы прыклад сумеснай працы духоўных асоб і свецкіх валанцёраў, якае дае добры плён.

Шмат гадоў пры парафіі існуе і «Легіён Марыі» — супольнасць католікаў, якая пад апекаю Беззаганнай Марыі дапамагае Касцёлу ў барацьбе супраць сілаў зла. Мэта суполкі — праслаўленне Бога і асвячэнне членаў Легіёну праз штотыднёвыя малітоўныя сустрэчы і практычнае выкананне апостальскай працы. Легіянеры моляцца на ружанцы, імкнуцца прыняць удзел у святой Імшы штодня. У сваёй пабожнасці ўдзельнікі гэтага руху сталі пераемнікамі вельмі папулярнага ў свой час Трэцяга ордэна святога Францішка, які аб’ядноўваў свецкіх у духу францішканскай харызмы, але ў апошнія гады паступова скарачаецца.

На працягу года ўдзельнікі «Легіёну Марыі» бяруць удзел у рэкалекцыях, злётах, духоўных сустрэчах, пілігрымках, а да пандэміі таксама праводзлі пілігрымку да капліцы Маці Божай Вастрабрамскай у вёсцы Урцішкі, што ў некалькіх кіламетрах ад Іўя. Таксама да пачатку пандэміі яны наведвалі мясцовы шпіталь і былі, калі так можна сказаць, «сувязнымі» паміж хворымі і святаром: менавіта ад іх ксёндз ведаў, хто з хворых прасіў аб споведзі ці намашчэнні.

Важную ролю ў літургічным жыцці парафіі адыгрываюць міністранты.

Яны дапамагаюць святару падчас цэлебрацыі святой Імшы і іншых літургічных набажэнстваў. Акрамя таго, міністранты — добрыя памочнікі ў падтрыманні парадку ў святыні і вакол яе. Усё гэта яшчэ з дзяцінства прывівае адказнасць за Божы дом і ў дадатак задавольвае дзіцячы інтарэс: бо хто, як ні міністрант, зведаў усе куткі і рэчы старажытнай святыні?

З даўніх часоў у касцёльнай традыцыі вядомы выраз: «Двойчы моліцца той, хто добра спявае». Першыя звесткі аб парафіяльным хоры ў Іўі адносяцца да 1929 года, калі арганістам у парафіі працаваў Фэлікс Котэк. Менавіта ён, будучы добрым музыкантам, арганізаваў парафіяльны хор.

Напрыканцы ХХ стагоддзя, пасля заканчэння перыяду пераследу, у парафіі зноў з’явіліся спевакі. Акрамя асноўнага парафіяльнага хору, былі створаны дзіцячы і моладзевы хоры, нават хор ветэранаў з бліжэйшай вёсцы Урцішкі.

Усе яны змаглі паказаць свае таленты на фестывалі калядных песень, які, пачынаючы з 2003 года, штогод праводзіцца ў Іўі.

Сапраўднай пярлінкай і гонарам парафіі з’яўляецца хор Canticum Sacrum, які каля пяці гадоў праслаўляе Бога сваім спевам і ўпрыгожвае галоўныя літургічныя цэлебрацыі не толькі ў Іўі, але і ў Тракелях, і ў Барунах. Хор існуе дзякуючы энтузіязму маладых людзей, хоць у яго складзе ёсць як моладзь, так і людзі сярэдняга ўзросту. Адметнасцю калектыву з’яўляецца і тое, што спевам праслаўляюць Бога не толькі католікі, але і людзі іншых веравызнанняў шматканфесійнага мястэчка, якія цікавяцца гісторыяй і традыцыямі хрысціянства.

Рух «Маці ў малітве», распаўсюджаны ў многіх парафіях, мае сваю суполку і ў Іўі. Яго дэвіз — «Аб’яднаўшыся ў малітве, мы выратуем нашых дзяцей». Мэта руху — усведамленне кожнай маці свайго мацярынскага паклікання праз малітву, бязмежны давер да Бога і даручэнне кожнага свайго дзіцяці Яго абароне. Як вядома, жанчына-маці ніколі не перастае клапаціцца пра сваіх дзяцей, нават калі тыя ўжо дарослыя.

Удзел у гэтай суполцы дапамагае скіраваць клопат маці ў патрэбнае рэчышча і дапамагчы ў вырашэнні розных праблем.

Жанчыны збіраюцца на супольную малітву, разважаюць над Святым Пісаннем, бяруць актыўны удзел ў Эўхарыстычных працэсіях, разам дбаюць аб прыгыжосці тэрыторыі пры касцёле, праяўляючы свае ўменні і фантазію.

 

Удзельніцы руху «Маці ў малітве»

Сярод многіх груп і рухаў найбольш вядомым і папулярным ў нашым рэгіёне з’яўляецца «Жывы Ружанец», які ахоплівае супольнай малітвай вялікую колькасць людзей. Многія ўдзельнікі руху — гэта ўжо пажылыя асобы, для якіх супольная малітва на ружанцы становіцца пасільнай дапамогай у развіцці Касцёла.

Вядома, цэнтрам парафіяльнага жыцця заўсёды з’яўляецца святыня. Касцёл часам успрымаецца як установа, дзе проста вырашаюцца розныя справы, звязаныя з хростам, шлюбам альбо пахаваннем, і для многіх вернікаў, на жаль, кантакт з Касцёлам на гэтым заканчваецца.

Таму менавіта праз супольную працу душпастыраў і ўдзельнікаў касцёльных рухаў і супольнасцяў можна дасягнуць большага ўсведамлення ўсімі вернікамі адказнасці за сваю парафію і святыню.

Да таго ж свецкія вернікі часта хутчэй, чым духоўныя асобы, адчуваюць праблемы парафіі і рэагуюць на іх. Для іх паспяховага вырашэння будзе карыснай як мага большая адкрытасць і інтэнсіўнае супрацоўніцтва душпастыраў з малітоўнымі рухамі, падтрымка старых і развіццё новых суполак, без якіх ужо немагчыма ўявіць сабе паўнавартаснае парафіяльнае жыццё.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця