Пошук

11.07.2023 11:44   Тэкст і фота: Раман Ярмош / Catholic.by

У аўтарскім матэрыяле Раман Ярмош, малады вернік парафіі святых Пятра і Паўла, апосталаў, у Іўі (Гродзенская дыяцэзія), дзеліцца разважаннямі, якія з’явіліся ў яго падчас пешай пілігрымкі да Маці Божай Тракельскай, Каралевы нашых сем’яў.

З 7 па 9 ліпеня адбываліся штогадовыя ўрачыстасці ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Тракельскай, Каралевы нашых Сем’яў, на якія зноў, як калісьці, пешкі і на роварах прыбыло нямала пілігрымаў.

Адметнасцю сёлетняга Тракельскага фэсту стала масавае (у параўнанні з мінулым годам) аднаўленне пешага паломніцтва пасля перапынку, выкліканага пандэміяй каранавірусу.

Сярод іншых, 5 ліпеня, ужо ў 26-ы раз, стартавала пешая пілігрымка з Івейскага дэканату. Пешы шлях адлегласцю ў 70 кіламетраў, напоўнены разважаннямі на тэму сёлетняга фэсту — «Марыя, аб’яднай нашы сэрцы і сем’і», — а таксама пра апостальства свецкіх вернікаў, якому прысвечаны пастырскі год у Касцёле на Беларусі, выклікаў шэраг думак адносна таго, як пілігрымка прывівае і абуджае адказнасць за Касцёл.

Да пачатку пандэміі каранавірусу івейская пілігрымка ішла праз усе парафіі дэканату, наведваючы кожны касцёл. Пілігрымы бачылі жыццё мястэчак і вёсак, мелі магчымасць параўноўваць убачанае з тым, якім яно было раней. Трэба зазначыць, што і падчас кавіду паломніцтва не прыпынялася, толькі на тры гады «перасела» на ровар і змяніла маршрут.

З упэўненасцю можна зазначыць, што на Івейшчыне не знойдзеш католіка (ды і не толькі), які б не чуў пра «Тракелянку», як у народзе называюць фэст у Тракелях.

На працягу 23-х гадоў пешая пілігрымка да Маці Божай Тракельскай, стаўшы моцным сведчаннем веры, сфармавала своеасаблівыя традыцыі. У кожным мястэчку, у кожнай вёсцы штогод вернікі добразычліва і цёпла сустракалі пілігрымаў каля прыдорожных крыжоў.

Зразумела, што кожны населенны пункт сустракаў у меру сваіх магчымасцяў: у аграгарадках, большых вёсках вернікі збіраліся вялікімі групамі; у маленькіх вёсачках ці на хутарах — па некалькі асоб. Прычым важным момантам заўсёды было тое, што кожны стараўся паднесці пілігрымам кубак вады ці свойскага кампоту, пачаставаць хатняй выпечкай, падрыхтаваць у цяньку месца для адпачынку. На ўсё гэта вясковыя людзі ў гарачую летнюю пару знаходзілі час. Як жа тут не ўзгадаць словы з Евангелля паводле Мацвея: «І хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі кубкам халоднай вады ў імя вучня, сапраўды кажу вам, не страціць узнагароды сваёй» (Мц 10, 42)?!

Не менш яркім прыкладам супольнай працы свецкіх вернікаў з’яўляецца і прыём пілігрымаў на начлег. Канечне, пробашч парафіі загадзя інфармуе парафіянаў аб патрэбе арганізацыі месцаў для адпачынку, матывуе людзей. Але толькі сумесныя высілкі аднавяскоўцаў, суседзяў, удзельнікаў малітоўных груп вядуць да поспеху ў гэтай справе, хуткай і добрай арганізацыі месцаў для начлегу пілігрымаў.

Варта падкрэсліць і тое, што такая сумесная праца вернікаў патрэбна не толькі для карысці пілігрымаў: яна карысная і для тых свецкіх вернікаў, якія з імі ўзаемадзейнічаюць.

Сёлета, перажыўшы час пандэміі каранавірусу, жыхары вёсак дзякавалі за магчымасць сабрацца і памаліцца разам з вандроўнікамі да Маці Божай. Старэйшым жыхарам вёсак, відавочна, было прыемна бачыць маладых людзей, якія праз удзел у пілігрымцы даюць сведчанне веры, якую старэйшыя збераглі ў часы ганенняў. Сотні маладых вернікаў сваёй прысутнасцю, спевамі і гоманам ажыўлялі апусцелыя вёскі, давалі магчымасць старэйшым люзям узгадаць сваё дзяцінства і маладосць. Са слязьмі на вачах дзяліліся яны ўспамінамі аб сваім уласным пілігрымаванні ў мінулыя гады, прычым не толькі ў Тракелі, але таксама і ў недалёкія ад Іўя Дуды, і ў далейшую Вострую Браму ў Вільні…

Хочацца дадаць і тое, што сама пілігрымка — гэта вялікая прастора для супольнай працы свецкіх. Вядома, за арганізацыю пілігрымкі нясе адказнасць духоўная асоба, але адказны адзін не ў стане цалкам усё прадумаць, і пракантраляваць: запіс удзельнікаў, падбор песень, арганізацыю абеду ці начлегу, медыцынскую дапамогу. Тут неабходная сумесная праца, энтузіязм, фантазія і запал кожнага ўдзельніка, большасць з якіх — свецкія асобы.

На жаль, адсутнасць пешага пілігрымавання на працягу трох гадоў прывяла да змяншэння колькасці пілігрымаў і пэўнага заняпаду паломніцкага духу.

Вядома, што большая частка вернікаў, якія ідуць у пілігрымку, гэта старэйшыя школьнікі і студэнцкая моладзь, хуткая на пад’ём, ды і час канікул спрыяе таму, што можна на некалькі дзён вырушыць да Маці Божай. Пандэмія не спыніла час: многія маладыя людзі атрымалі адукацыю, уладкаваліся на працу, а некаторыя маюць ужо сям’ю, дзяцей і таму сабрацца ў пілігрымку ім стала складаней. У «дакавідны» час усё шло па ланцужку: кожны год у пілігрымку прыходзіў хтосьці новы, на наступны год ён меў ужо пэўны багаж вопыту і ведаў і мог усім гэтым падзяліцца з навічкамі.

Сёлета ж атрымалася так, што большая частка пілігрымаў упершыню узяла ўдзел ў паломніцтве. Разрыў штогадовага «лацужка» пілігрымак прывёў да страты некаторых добрых традыцый, якія складаліся на працягу больш як двух мінулых дзесяцігоддзяў.

Аднак хочацца спадзявацца, што ў будучым усе яны будуць адноўлены, а таксама дапоўняцца новымі. Вядома, само па сабе гэта не станецца, і гэта — яшчэ адзін сумесны выклік як для пілігрымаў, так і да асоб свецкіх і духоўных.

Напрыканцы хочацца падкрэсліць, што добрым плёнам пілігрымавання становіцца не толькі супольная малітва, пачатак новых знаёмстваў ці ўмацаванне ўзаемаадносін, але таксама актыўная супольная праца вернікаў і духоўных асоб, а сёлета таксама і выяўленне новых праблем, якія неабходна вырашаць разам, чаго і патрабуе Сінод Біскупаў на тэму сінадальнасці.

Абноўлена 11.07.2023 22:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа