У нядзелю 11 чэрвеня ў Іўі (Гродзенская дыяцэзія) прайшла працэсія Божага Цела, славутая дыванамі з кветак, якімі тутэйшыя вернікі традыцыйна аздабляюць у гэты дзень вуліцы свайго горада.
Прыгожая івейская традыцыя, якую ўжо пачалі пераймаць у іншых мясцінах, стала нагодаю для грунтоўнага разважання, якое змясціў на старонцы Дэканату Іўе ў сацыяльнай сетцы Вк мясцовы парафіянін Раман Ярмош.
Свой допіс ён назваў «Знак надзеі для Касцёла: працэсія Божага Цела як прастора для супольнай працы івейскіх вернікаў». У ім аўтар, які ў парафіі і дэканаце адказвае за СМІ, разглядае падрыхтоўку да працэсіі ў святле сінадальнага працэсу, што цяпер адбываецца ў паўсюдным Касцёле, а таксама ў святле тэматыкі прысвечанага апостальству свецкіх вернікаў пастырскага года, які сёлета перажывае Касцёл у Беларусі.
Разважанні маладога свецкага верніка з’яўляюцца важным і аўтэнтычным сведчаннем, якое прапануем увазе чытачам парталу Catholic.by.
У кастрычніку 2021 года Папа Францішак распачаў Сінод Біскупаў на тэму: «На карысць Касцёла сінадальнага: камунія, удзел і місія». Слова «Сінод» (сход) паходзіць з грэцкай мовы, і яго першапачатковае значэнне — «сумесны шлях». Сінод — гэта прастора сустрэчы біскупаў адзін з адным і са Святым Айцом, месца для абмену вопытам і інфармацыяй для сумеснага пошуку ўніверсальных пастырскіх рашэнняў.
Гісторыя Касцёла паказвае, што сінадальная дзейнасць з’яўляецца вельмі важнай яго часткай. Заўсёды для вырашэння найважнейшых пытанняў склікаліся сусветныя, або паўсюдныя Cаборы, Сіноды біскупаў, дыяцэзіяльныя Сіноды, а таксама разнастайныя рады.
Цяперашні Сінод жадае разглядзець розныя аспекты жыцця Каталіцкага Касцёла і звяртае заклік да кожнага, хто належыць да Божага народа — свецкіх вернікаў, канcэкраваных асоб і святароў.
Свецкія вернікі складаюць асноўную частку Касцёла і могуць шмат сказаць не толькі аб яго дасягненнях, але і праблемах. Таму Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі падтрымала гэтую думку і прысвяціла 2023 пастырскі год апостальству свецкіх. Яго тэма, агучаная біскупамі, — «Апостальства свецкіх — знак надзеі для Касцёла ў Беларусі».
Беларускія іерархі адзначаюць, што Касцёл у нашай Бацькаўшчыне ўдзячны свецкім вернікам за ўдзел у яго адраджэнні і дзейнасці, што праяўляецца перадусім у аднаўленні старых і будаўніцтве новых касцёлаў, катэхізацыі, дабрачыннасці, СМІ, арганізацыі пілігрымак і іншых акцыях. Аднак епіскапат адзначае, што сучаснае хрысціянства перажывае пэўны парадокс. З аднаго боку, павялічваецца колькасць людзей, якія жывуць так, як быццам Бог не існуе. Таксама заўважна рэлігійная абыякавасць. З іншага ж боку, відавочны якасны прагрэс веры ў жыцці свецкіх. Нямала з іх цікавіцца Евангеллем, хоча жыць яго праўдай і несці яе тым, хто яшчэ яе не пазнаў або забыўся. Гэта — творчая праслойка сучаснага хрысціянства, якая вызначае яго будучыню.
Вышэйзгаданае можна таксама перакласці і на парафіяльныя супольнасці нашага івейскага дэканату. За шматгадовую гісторы каталіцтва на нашай зямлі менавіта пры ўдзеле свецкіх будаваліся і аднаўляліся святыні, арганізоўвалася катэхетычная дзейнасць і дабрачыннасць.
Яркім прыкладам удзелу свецкіх вернікаў ў жыцці Касцёла можна назваць урачыстасць Цела і Крыві Пана нашага Езуса Хрыста. Менавіта маштабы і ўмовы гэтага свята могуць найбольш шырока адчыніць дзверы перад вернікамі для праявы сваёй творчасці і супольнай працы.
Вядома, што Эўхарыстычныя працэсіі з нагоды гэтай урачыстасці праходзяць па вуліцах гарадоў і мястэчак, падчас якіх робяцца чатыры прыпынкі каля імравізаваных алтароў. У Іўі гэтае свята спалучана з традыцыяй: перад алтарамі ствараюцца кветкавыя дываны <…>. Галоўнае, што ў справе падрыхтоўкі да свята вядучая роля аддаецца вернікам, а духоўныя асобы выконваюць ролю кансультантаў. Заўважана, што парафіяльная супольнасць з удзячнасцю і павагай ставіцца да людзей, якія прынялі ўдзел у арганізацыі працэсіі.
Вядома, што супольная праца яднае людзей. Так і тут: амаль на працягу тыдня патрабуецца як творчая, так і фізічная праца: прыдумаць «дызайн» алтара, змайстраваць яго, знайсці і сабраць кветкі і, нарэшце, аформіць усё гэта. Прыемна, што тыя, хто не можа ў поўнай меры далучыцца да стварэння алтара і дываноў, заўсёды стараюцца прынесці свае кветкі.
Для арганізацыі працы вернікі парафіі ўмоўна дзеляцца на групы, і за кожнай замацоўваецца духоўная асоба. Адным алтаром займаюцца бацькі першакамунійных дзяцей, іншымі — малітоўныя суполкі і жыхары вуліц. Знаходзіцца нават месца для спаборніцтва: кожная група імкнецца зрабіць найпрыгажэй.
У дзень урачыстасці працы хапае для ўсіх: мужчыны ўсталёўваюць каркас алтара, а жанчыны складаюць дываны з кветак. Дарэчы, адказныя за дэкор ужо а шостай гадзіне раніцы прыступаюць да працы па афармленні алтароў. Пасля таго, як усё зроблена, застаецца некалькі мужчын, якія да моманту падыходу працэсіі дбаюць пра свежасць выгляду кветак. Пасля таго, як пры алтары адбылася малітва, праца зноў працягваецца: трэба разабраць дэкарацыі, а прыдатныя для выкарыстання пялёсткі кветак збіраюць і высушваюць для іншых працэсій.
Добрым плёнам урачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста з’яўляецца супольная праца людзей, умацаванне ўзаемаадносін і актыўны ўдзел свецкіх ў жыцці Касцёла, што спрыяе збліжэнню вернікаў і духоўных асоб, да чаго і імкнецца Сінод Біскупаў.