Пошук

01.05.2023 15:28   Падрыхтавала: Марына Валасар / Catholic.by

Марыя — прыклад пакоры, любові і дабрыні для кожнага з нас. Менавіта да Яе ў самы яскравы вясновы месяц мы ўзносім свае малітвы, каб праз Яе заступніцтва атрымаць у Бога патрэбныя дары і ласкі.

Адкуль пайшло маёвае набажэнства?

Гісторыя маёвых набажэнстваў пачалася яшчэ ў далёкім V стагоддзі. Тады ў Егіпце хрысціяне копты збіраліся ў маі на працягу ўсяго месяца і спявалі песні ў гонар Марыі. На Захадзе ж яшчэ ў І стагоддзі ў некаторых мясцовасцях май лічыўся месяцам Марыі. І паступова ўзнікла прапанова прысвяціць гэты месяц Божай Маці.

Напрыклад, іспанскі кароль Альфонс Х (памёр у 1284 г.) не толькі сам удзельнічаў у маёвых набажэнствах, але і заахвочваў да гэтага ўсіх сваіх падданых.

Фота: naukapublishers.ru

Упершыню май назвалі месяцам Марыі ў 1549 годзе ў Германіі. Тады была выдадзена кніга «Май духоўны». А ў пачатку ХІХ стагоддзя Папа Пій VII выдаў булу, якой дазволіў практыкаваць маёвыя набажэнствы.

Гэтую малітоўную практыку Папа заахвоціў праводзіць з выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту. Пасля афіцыйнага адабрэння Святым Пасадам маёвае набажэнства пачало шырока распаўсюджвацца ў Касцёле.

Паступова з’явіўся звычай праводзіць набажэнствы каля прыдарожных каплічак, бо не ўсе вернікі маглі даязджаць да касцёла.

Айцы езуіты паступова распаўсюдзілі маёвыя набажэнствы па ўсёй Італіі, а таксама на тэрыторыі Францыі. Папа Пій VII устанавіў спецыяльны адпуст, звязаны з набажэнствам. А ў 1859 годзе благаслаўлёны Пій ІХ зацвердзіў канчаткова форму маёвага набажэнства, якое ўключае Ларэтанскую літанію да Найсвяцейшай Панны Марыі, навучанне святара і благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Ужо да канца ХІХ ст. маёвае набажэнства распаўсюдзілася практычна па ўсім свеце. На нашы землі яго прынеслі таксама айцы езуіты.

Ларэтанская літанія

Галоўнай часткай маёвага набажэнства з’яўляецца Ларэтанская літанія. Яе назва паходзіць ад італьянскага горада Ларэта. Там у мясцовай базыліцы захоўваецца так званы святы дом (Santa Casa), фрагменты жылля Найсвяцейшай Багародзіцы.

Фота: www.churchofthe12apostles.org

Менавіта ў Ларэта літанія да Найсвяцейшай Панны Марыі стала найбольш папулярнай. Але афіцыйна лічыцца, што з'явілася яна ў XII стагоддзі ў Францыі.

Першая версія такой малітвы не захавалася. Адзін з варыянтаў тэксту, якіх існавала даволі шмат, у 1575 годзе кіраўнік хору ў Ларэта Канстанца Порта паклаў на музыку. Менавіта гэты варыянт стаў вядомым ва ўсім свеце.

З часам у літанію дадаваліся ўсё новыя і новыя заклікі. Гэта стала прычынай таго, што Святая кангрэгацыя абрадаў забараніла самавольныя дадаткі.

Змены ўносіліся толькі з дазволу Ватыкана. Самая апошняя з іх была ўнесена ў ва ўспамін Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі, 20 чэрвеня 2020 года. Папа Францішак дадаў у тэкст Літаніі да Найсвяцейшай Панны Марыі (Ларэтанскай) тры новыя заклікі: Mater misericordiae, Mater spei і Solacium migrantium. Першы заклік «Маці міласэрнасці» (Мater misericordiae) дададзены ў літаніі пасля закліку «Маці Касцёла», другі — «Маці надзеі» (Mater spei) — пасля закліку «Маці ласкі Божай» і трэці — «Палёгка мігрантаў» (Solacium migrantium) — пасля закліку «Прытулак грэшных».

Як мы можам перажываць месяц Марыі?

Каб годна перажыць гэты месяц разам з Марыяй і атрымаць усе неабходныя ласкі праз Яе заступніцтва, варта накіраваць позірк свайго духоўнага жыцця ў гэты час на Яе.

  • Разважаць над асноўнымі таямніцамі жыцця Марыі

Можна пастарацца разам з Марыяй перажыць момант Звеставання (Лк 1, 26), прайсціся невялікім шляхам пілігрымкі і «адведаць» Альжбету (Лк 1, 39), узрадавацца нараджэнню Езуса (Лк 2, 1), пабываць у думках на вяселлі ў Кане Галілейскай (Ян 2, 1) ці павучыцца пакоры ля падножжа Крыжа (Ян 19, 25). Разважаць можна над усімі таямніцамі жыцця Маці Божай.

  • Знаёміцца (успамінаць) пра аб’яўленні Маці Божай у розных частках свету

Сваімі аб’яўленнямі ў розных частках свету Марыя хацела перадаць чалавецтву вялікую міласэрнасць Бога, якая прагне выратаваць душы. Сваю любоў да кожнага з нас Яна аб'явіла ў Фаціме (Партугалія), Лурдзе (Францыя), а таксама ў Гвадэлупе (Мексіка).

  • Разважаць над догматамі аб Багародзіцы

Беззаганнае Зачацце Марыі: Яна — адзіная жанчына, якую Бог, дзякуючы збаўчым заслугам Езуса, захаваў ад першароднага граху і адарыў паўнатой ласкі.

Боскае Мацярынства Марыі: Найсвяцейшая Панна Марыя з'яўляецца Маці Езуса Хрыста, Сына Божага.

Вечная Цнатлівасць Марыі: Яна зачала ад Духа Святога, таму заўсёды была Паннай.

Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі: у канцы свайго жыцця Маці Божая з целам і душой была ўзята на неба.

  • Ушаноўваць і ўзгадваць Марыю як Маці ўсіх людзей

Марыя для кожнага з нас з’яўляецца маці. Яна клапоціцца і заступаецца за нас перад сваім Сынам. Дапамагае ў барацьбе са спакусамі і духоўнымі выпрабаваннямі. Марыя з’яўляецца таксама Маці Касцёла.

  • Наследаваць цноты Найсвяцейшай Панны Марыі

У Марыі мы можам павучыцца пакоры, сціпласці і высакароднасці. Яна была напоўнена велізарнай любоўю да бліжніх і спяшалася са сваёй дапамогай да ўсіх. Была цярплівай да сваёй сям’і і да іншых і прымала волю Бога ў сваім жыцці.

  • Чытаць малітвы, спецыяльна прысвечаныя Марыі

Да Марыі, асабліва ў гэты перыяд, мы можам маліцца спецыяльнымі малітвамі. Гэта «Анёл Панскі» (звычайна чытаецца тры разы на дзень: раніцай, апоўдні і ўвечары), «Каралева неба» (лац. Regina Caeli, у велікодны перыяд), Ларэтанская літанія, а таксама Ружанец.

Нездарма лічыцца, што, калі чалавек моліцца на ружанцы, «трасецца ўсё пекла». Злы сапраўды баіцца Марыю, бо Яна перамагла яго, калі сказала Богу «так» і ў сваім улонні прынесла выратаванне ўсяму свету. Скіруем жа свой позірк на Яе і ўкрыемся Яе плашчом, каб годна супрацьстаяць усім спакусам на гэтым няпростым шляху веры.

Фота: wallhere.com

 

Абноўлена 02.05.2023 10:06
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця