Пошук

09.04.2023 05:15   Пераклад: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by

Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.

Нядзеля Змёртвыхпаўстання

У першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы (Ян 20, 1).

Сёння — з ласкі Божай — працягваецца жыццё, але завяршаецца час Вялікага посту: час вялікіх рэкалекцый і духоўнага аднаўлення.

Вялікі пост — гэта не пра аскетычныя высілкі чалавека, але пра дзеянне Бога, пра Яго любоў і перамогу жыцця над смерцю.

Сёлета мы вырашылі падарожнічаць да Уваскрасення шляхам праслаўлення. Жыццёвы шлях надзвычай цярністы ў гэтыя дні. Сапраўды цяжка праслаўляць Бога ў наш час… Аднак я ўпэўнены, што ніводзін з удзельнікаў і ўдзельніц гэтых рэкалекцый не шкадаваў хвілін, прысвечаных малітве, і прыняў усе выпрабаванні, праз якія давалося нам прайсці. Упэўнены, што мы сталі мацнейшымі Богам!

У цябе былі сілы праслаўляць Бога за яшчэ адзін дзень жыцця, за сваіх родных і сяброў, якія застаюцца побач. З трымценнем сэрца хацелася штодня праслаўляць Бога за людзей, якія ахвяруюць сабой, аддана служаць іншым, захоўваюць вернасць свайму сумленню. Праслаўляць Бога за створаны свет. Сапраўды, было безліч нагод для праслаўлення…

Запытай сябе, ці стала больш праслаўлення ў тваім жыцці? Ці змянілася нешта ў тваім стаўленні да ўдзячнасці?

Ілюстрацыйная выява з адкрытых крыніц

Праслаўленне — спосаб жыцця. Чалавек праслаўлення — чалавек барацьбы, сапраўды жывы і непераможны. Чалавек праслаўлення з’яўляецца чалавекам Уваскрасення.

Яшчэ і яшчэ мы жадаем узносіць хвалу дзеля перамогі Хрыста і нашага ўваскрасення.

Праслаўляць Бога — гэта заўсёды шукаць Уваскрослага Хрыста і знаходзіць нашае паўстанне з мёртвых у Ім!

Дарагія сябры, спадзяюся, што час гэтага Вялікага посту падараваў вам прадсмак Хрыстовага Уваскрасення дзякуючы шляху праслаўлення. Спадзяюся, што гэты час стаў нагодай для большага ўзрастання ў веры, надзеі і любові, прынёс большую радасць, глыбейшы сэнс жыцця, таксама і праз блізкасць іншых людзей. Вельмі спадзяюся, што праслаўлення Бога ў вашых сэрцах стала больш, а праз вас — у цэлым свеце. Веру, што Пан закрануў вашае жыццё, розум, волю, сэрца і цела. Няхай праславіцца Яго святое імя! Калі так адбылося, то Уваскрасення стала больш! Дзякую вам за ўдзел у гэтых рэкалекцыях. Для мяне вялікі гонар і радасць малітоўна суправаджаць кожнага і кожную з вас у гэты складаны час.

Молімся! Верым! Спадзяемся! Любім! За ўсё дзякуем… Хрыстус уваскрос!

Абноўлена 04.12.2023 11:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа