Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.
Вялікая субота
Там з прычыны прыгатавання юдэйскага паклалі Езуса, бо магіла была блізка (Ян 19, 42).
Хвала Табе, Пане, за Тваю Муку і Смерць, якія Ты пажадаў прыняць дзеля нашага збаўлення!
«Смерць — гэта не што іншае, як сон, падарожжа, перасяленне, супакаенне, ціхая прыстань, вызваленне ад неспакою і свабода ад жыццёвых клопатаў» (святы Ян Залатавусны).
Смерць зазвычай выклікае ў нас страх і непрыняцце. Чалавек не хоча прыняць смерць, таму што створаны для жыцця. Смерць — гэта вораг. Аднак я магу паглядзець на смерць па–іншаму…
«На самай справе, смерць, якой мы так часта баімся, — адна з найбольш чаканых для мяне падзей, якая напаўняе сэнсам маё жыццё… Памерці — значыць трапіць у абдымкі Пана…» (Пэдро Арупэ SІ).
У святле смерці Хрыста і Яго Уваскрасення — што для мяне смерць ?
Смерць — пераход у абдымкі Пана, сустрэча з Ім твар у твар, адшуканне сябе ў Ім, што дае супакой. Смерць — пачатак новага жыцця, больш свабоднага, лёгкага і праўдзівага, якое струменіць у вечнасць.
Баяцца смерці — гэта баяцца жыцця. Смерць ёсць сярод штодзённага жыцця. У нараджэнні і выхаванні дзіцяці месціцца самаадрачэнне, а, значыць, паміранне свайго «я». Цяжар будзённай працы — гэта паміранне. Калі маўчу і даю прастору для Божага голасу, я выбіраю смерць для майго «эга», каб Бог мяне ажывіў. Калі цярпліва выслухоўваю кагосьці, я выбіраю смерць майго «я» дзеля жыцця…
У момант смерці Езуса на крыжы настала цішыня. Смерць спыніла Муку. Боль страціў паўнату ўлады.
Смерць — гэта вызваленне. Ён уваскрос — і я ўваскрэсну.
Вялікая субота — дзень усведамлення і перажывання смерці Хрыста, які, выканаўшы волю свайго Нябеснага Айца і споўніўшы сваю місію на зямлі, спачывае ў магіле.
Вялікая субота — дзень вялікай цішы і маўчання. Не чуваць больш крыкаў натоўпу, асуджэння фарысеяў, здзекаў жаўнераў, плачу жанчын… Ужо не чуваць ляскання зброі, удараў малатка па метале цвікоў, моцнага грому… Болей не чуваць! Цішыня…
Магчыма, у гэтай цішыні я магу адшукаць сябе. Прабываючы перад магілай Хрыста можна толькі дзякаваць. Толькі ўвайшоўшы ў цішыню можна наблізіцца да Бога. Быць у цішыні дзеля Бога. Вялікія рэчы нараджаюцца ў цішыні. Магчыма сёння, у гэтай цішыні каля Панскага гробу народзішся новы ты/новая ты, нараджуся новы я. Бязмоўе і ціша фармуюць новага чалавека.
У цішыні і маўчанні ёсць штосьці сакральнае, што дазваляе адчуць смак вечнасці.
У Бога, які спачывае ў цішыні і самоце магілы, мы можам навучыцца многаму. Нават тады, калі навокал шум і мітусня зямных спраў, і нават стрэлы і выбухі, плач дзяцей і маці, мы можам адпачыць у Богу! Адпачынак у Богу заўсёды поўны вялікай надзеі. Такі адпачынак глыбока заспакойвае сэрца.
«Вялікае маўчанне пануе сёння на зямлі, вялікае маўчанне і вялікая самотнасць. Вялікае маўчанне, бо Кароль спіць. Зямля здрыганулася і заціхла, таму што Бог спачыў у целе і пайшоў будзіць тых, якія спалі спрадвеку…» (Гамілія на Вялікую суботу, ККК 635).
У абдымках Хрыста смерць не страшная, бо Ён ужо ўваскрос! Блізкасць Уваскрослага Хрыста перамагае ўва мне страх смерці. Яго любоў да мяне мацней за мой страх. У Ягонай прысутнасці нічога не палохае мяне. Смерць — толькі пераход да вечнага жыцця, як для Езуса яна стала пераходам у абдымкі Айца.
Чаго мне варта баяцца, дык гэта смяротнага граху, які нішчыць блізкія адносіны з Богам, аддаляе ад Яго Любові. Выбар граху азначае выбар смерці.
Вялікая субота з’яўляецца таксама днём чакання. Заўтра будзе Пасхальная раніца. Заўтра будзе нашая сустрэча з уваскрослым Хрыстом. Здаецца, усё стварэнне чакае гэтага дня. Але гэта будзе заўтра. Сёння няхай свет яшчэ крыху памаўчыць…
Пане, прагну сёння спыніцца і ўвайсці ў цішыню. Ты, які ёсць Богам жыцця, дай мне ласку не баяцца смерці і заўсёды выбіраць жыццё. Праз пазнанне Цябе я напаўняюся жыццём. Сустрэча з Табой — гэта сапраўдны пачатак жыцця. Святы Ігнацый Лаёла просіць аб ласцы большага пазнання Пана, каб Яго больш любіць і наследаваць. Пазнанне Хрыста дорыць любоў, а яна дадае больш жыцця. Любоў Хрыста да мяне пераадольвае страх смерці і саму смерць ува мне.
Пане, дзякую Табе за Тваю Смерць і Уваскрасенне. Дзякую Табе за Жыццё! Праслаўляю…
Праслаў Бога за Яго смерць! Праслаў Яго за стан чакання Ягонага Уваскрасення!