Пошук

07.04.2023 05:15   Пераклад: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by

Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.

Вялікая пятніца

Калі Езус пакаштаваў воцату, сказаў: «Здзейснілася!» І, схіліўшы галаву, аддаў духа (Ян 19, 30).

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты.

Дарагія сябры, сёння таксама запрашаю вас на малітву праслаўлення. Праслаўленнем Бога ёсць твой штодзённы крыж, які ты з вераю і любоўю нясеш.

«Мы павінны шукаць еднасці моўчкі, на каленях і перад Укрыжаваным» (святы Ян Павел ІІ).

Пад крыжам нашыя словы губляюць значэнне, бо ўжо ўсё сказана: гэта мой грэх і Яго безумоўная любоў! Адзінае, што магу, вымавіць словы пакаяння: «Пане, Езу Хрыстэ, Сыне Божы, змілуйся нада мной, грэшым/грэшнай!» І яшчэ прагну, стоячы на каленях, прабываць у цішыні перад Укрыжаваным, заглыбіўшыся ў бязмоўную вечнасць… Ён ужо замоўк, і я прагну маўчаць і слухаць усім сэрцам!

Мука Езуса Хрыста дасканалым чынам паказвае нам наш крыжовы шлях. Звернем увагу, як Езус праходзіць гэты шлях. Яму вельмі цяжка, як і табе сёння, аднак Ён, тады і сёння, з вялікім высілкам і яшчэ большай любоўю да цябе, устае і ідзе далей. Ці заўважаеш у Яго цярпенні прынамсі штосьці падобнае на сваё жыццё? Мы бачым таксама людзей, якія суправаджаюць Езуса. Яны плачуць над Ім, спачуваюць, жадаюць дапамагчы, як Вераніка. Іншыя людзі абыякавыя. Больш за тое, яны кпяць з Езуса, дадаюць пакутаў. Ці бачыш сябе сярод натоўпу, які асуджае Езуса? А, можа, ты пад крыжам як Сымон Кірынеец, якога прымусілі несці крыж? Як часта цябе змушаюць да служэння, нямілага сэрцу? Магчыма, так адбываецца таму, што ты замала размаўляеш з Богам пра свой крыж і не шукаеш Яго волі?

Ілюстрацыйная выява: lightstock.com

Хрысціянін не павінен уцякаць ад цярпення. Сучасны чалавек вельмі часта наракае, як малое капрызнае дзіця, якое сячэ галіну, на якой сядзіць. А потым плача, бо звалілася ў гной… Трэба ўсведамляць, што мы здатныя чыніць зло. Укрыжаванне Хрыста дазваляе нам не падманваць сябе. Святы Ігнацый Лаёла навучае, што ў прысутнасці Укрыжаванага вельмі складана падманваць сябе і іншых.

Прашу Пана аб ласцы сузірання ўкрыжаванага Хрыста. Надзвычай важна навучыцца сузіраць укрыжаванне, якое мне дазволіць убачыць сваё цярпенне (а ў ім — майго Пана) і прыняць яго ўсім сэрцам.

Прагну маліцца Божым словам перад Укрыжаваным: у цішыні, на каленях. Перад Ім хачу пытацца, што я зрабіў для Хрыста за сваё жыццё? Што я раблю для Хрыста, якога сёння крыжуюць? І што я маю зрабіць, хацеў бы зрабіць для Хрыста? Часта гэта я крыжую Хрыста праз сваю свядомую непаслухмянасць… Аднак, магчыма, я хацеў бы змяніць сваё жыццё? Можа, хацеў бы падзякаваць за Яго Крыж? Прашу, каб Бог даў ласку сузірання крыжа ў цішыні. Няхай крыж прамаўляе да мяне!

Пане, навучы мяне палюбіць Тваю Муку ў штодзённым жыцці. Дай мне ласку не баяцца ўдзелу ў Тваіх цярпеннях.

Будзь праслаўлена Мука Твая, Пане!

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця