Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.
Вялікі чацвер
«Я вельмі хацеў спажыць гэтую пасху з вамі, перш чым буду цярпець…» І, узяўшы хлеб, узнёс падзяку, паламаў і даў ім, кажучы: «Гэта ёсць Цела Маё, якое за вас будзе выдана. Гэта чыніце на Маю памяць» (Лк 22, 15. 19).
Праслаўленнем Бога з’яўляецца дар святой Эўхарыстыі. Праслаўленне — гэта адкрытасць сэрца на дар Бога ў Эўхарыстыі.
Калі Юда вырашыў здрадзіць і далучыўся да Сінэдрыёна, ужо ўсё было падрыхтавана да арышту Езуса. Менавіта ў атмасферы здрады Езус рыхтаваўся да Пасхальнай вячэры. Езус не выяўляе здрадніка і дазваляе ворагам наблізіцца. Ён ідзе насустрач смерці, таму што галоўная мэта для Яго — выканаць волю Айца.
Для юдэяў Пасха ўяўляе сабой найпрыгажэйшае свята, па якім усе тужаць, бо яно азначае цэнтральную падзею гісторыі народа Ізраэля, «пераход» з няволі да свабоды.
Езус таксама тужыў па гадзіне пераходу да Айца. Езус часта казаў вучням пра мэту сваёй місіі: пра Ерузалем, пра сваю муку, пра Уваскрасенне. Езус ідзе на Галготу, на вяршыню крыжа і ў месца сустрэчы з Айцом. Ён дакарае вучняў за іх глухату і неразуменне Ягоных словаў. Пасля Апошняй вячэры вучні перапалохаюцца і пакінуць Езуса. Пакінуць аднаго ў пакутах…
Аднак цяпер, падчас вячэры, Езус жадае быць з імі ў радасці.
Апошняя вячэра азначае радасць прысутнасці Пана са сваімі вучнямі. Езус жадае быць з імі, каб адкрыць сваё сэрца і адарыць любоўю.
У прысутнасці Пана выяўляецца Яго любоў. Асабліва цяпер Ён жадае быць з імі, бо неўзабаве будзе забіты і вернецца да Айца. Ён ужо не будзе фізічна побач з вучнямі. Сёння Ён прагне перадаць ім яшчэ штосьці важнае, устанавіць святую Эўхарыстыю, у якой хоча застацца з імі ў Целе і Крыві. Апошняя вячэра — гэта ўрачыстая гадзіна вялікай радасці. Сэрца Пана радуецца і жадае быць з табой і дзеля цябе ў гэтай падзеі.
Ці Апошняя вячэра з’яўляецца для цябе месцам радасці?
Апошняя вячэра напоўнена радасцю, аднак над ёю лунае прадчуванне блізкага расстання, няўпэўненасці вучняў і здрады. Езус кажа, што Ён «вельмі хацеў спажыць гэтую пасху» са сваімі вучнямі. Наколькі моцнае тваё жаданне «спажыць гэтую пасху» з Езусам? У кожнай святой Эўхарыстыі Езус жадае быць з табою. Ці ў табе ёсць жаданне прыняць, спажыць гэтую Пасху? Ці ты ўважлівы і актыўны ўдзельнік святой Эўхарыстыі?
Наколькі вучні разумелі словы Езуса, калі Ён вымаўляў: «Гэта ёсць Цела Маё і Мая Кроў»? Што для цябе значаць гэтыя словы?
Менавіта ў той момант Пан, Езус Хрыстус, быў прысутны на Вячэры фізічна і эўхарыстычна. «Гэта чыніце на Маю памяць», — Касцёл даслоўна выконвае гэтае даручэнне на працягу тысяч гадоў. Мы верым, што праз гэтыя словы святара Хрыстовыя смерць і ўваскрасенне рэальна прысутнічаюць у святой Эўхарыстыі. Перамененыя хлеб і віно ў Цела і Кроў Хрыста становяцца нашым саўдзелам, Камуніяй, крыніцай найглыбейшага з’яднання з Езусам і Яго Касцёлам.
Прымаючы святую Камунію, ці маеш свядомасць з’яднання з Богам? Ці святая камунія ёсць той крыніцай лучнасці з Ім, якая дазваляе наблізіцца да Яго? Ці ў святой Камуніі ты шукаеш адзінства з Панам, са сваімі братамі і сёстрамі? Ці ёсць у табе хваляванне і любоў да Эўхарыстыі? Ці рыхтуешся да Эўхарыстыі — і не толькі праз эўхарыстычны пост, але праз чытанне Евангелля? Ці напярэдадні разважаеш пра нядзельную святую Імшу? Ці чакаеш Божай літургіі як сустрэчы з найлепшым Сябрам? Ці нядзельная Эўхарыстыя з’яўляецца для цябе найважнейшай падзеяй тыдня? Запрашаю цябе разважаць над сваім удзелам у святой Эўхарыстыі на працягу ўсяго жыцця. Ці змяняецца штосьці? Ці дбаеш пра паглыбленне свайго стаўлення да Эўхарыстыі? Ці ёсць у табе ўдзячнасць? Грэцкае слова «эўхарыстыя» — гэта «падзяка». Святая Эўхарыстыя ёсць малітвай падзякі. Ці прыходзіш на святую Імшу, каб дзякаваць за святую Камунію, за муку Хрыста і Яго любоў? Ці хутчэй прыходзіш для таго, каб прасіць?
Ты можаш сёння дзякаваць Езусу за Яго Эўхарыстычную прысутнасць. Ты можаш дзякаваць за тое, што дагэтуль маеш магчымасць прымаць святую Камунію. Старэйшыя людзі памятаюць часы, калі вернікі не мелі гэтай магчымасці. Ці ўсведамляеш вялікі дар Бога ў святой Эўхарыстыі?
Заўважым, што наш удзел не заўсёды годны і поўны любові. Як часта мы распазнаём у сабе ляноту і абыякавасць да нядзельнай літургіі і нават забываемся перапрасіць за гэта Пана? Як часта мы няўважлівыя і рассеяныя настолькі, што пасля святой Імшы ўжо не памятаем, пра што было Евангелле?
Дзякуем Пану за тое, што Ён захацеў застацца з намі такім выключным чынам у постаці святой Эўхарыстыі. Шукаем час для малітвы перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам у цішыні і прысутнасці Бога.
Апошняя вячэра — гэта свята ўстанаўлення сакрамэнтаў святой Эўхарыстыі і святарства. Словамі «гэта чыніце на Маю памяць» Езус устанаўлівае сакрамэнт святарства. Мы можам разважаць пра ўсіх святароў, якія нас суправаджалі дагэтуль. Колькі іх было ў гісторыі нашага жыцця? Успамінаю цяпер айца Казіміра Манчынскага з Латвіі, які мяне рыхтаваў да святой Камуніі. Пастыр і айцец. Святы чалавек! Успомнім імёны нашых душпастыраў і іх гісторыі. Падзякуем за іх; за тое, што Бог паставіў іх на шляху нашага жыцця.
Падзякуем таксама за дар нашага святарства, калі мы з’яўляемся семінарыстамі і святарамі. Згадай гісторыю свайго паклікання. Ці ты ўдзячны за яго? Ці рупішся няспынна пра ўзрастанне ў сакрамэнце святарства? Святарства — гэта дар, заданне і выклік. Галоўная місія святарства — праслаўленне Бога і служэнне людзям. Ці ты шануеш гэты дар? Наколькі святарства ўплывае на тваё штодзённае жыццё, на малітву? Якая твая малітва як святара, якая твая споведзь і ўдзел у літургіі? Якое тваё святарскае служэнне? Ці не «згубіўся» ты ў ім?
«Будзьце лекарамі для параненых і даглядайце здаровых, вылечвайце хворых, а здаровых заахвочвайце да належнай веры» (святы Базыль Вялікі).
Пане, дзякую Табе за дар жыцця і асабліва за пакліканне да святарства!
Праслаў Пана за святыя сакрамэнты святарства і Эўхарыстыі!