Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.
Вялікая серада
«І ўстанавіў Дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі, каб яны былі з Ім, каб паслаць іх прапаведаваць» (Мк 3, 14).
Хвала Пана — тваё і маё жыццё. Большая хвала ў тым, каб пачуць і прыняць Яго запрашэнне, адгукнуцца на Яго заклік: быць з Ім!
«Найвышэйшы, праслаўлены Божа, асвяці змрок майго сэрца і дай мне, Пане, сапраўдную веру, непахісную надзею і дасканалую любоў, разуменне і пазнанне, каб выканаў Тваё святое і праўдзівае пасланніцтва» (святы Францішак Асізскі).
Першаснае пакліканне кожнага чалавека — быць з Панам. Вучань, прызначаны і пакліканы быць з Панам, каб станавіцца сабою: Яго дзіцем і сябрам, суправаджаць Яго.
Галоўнае для Езуса ў прабыванні з чалавекам — не апостальства, а адносіны. Езус будуе блізкія сувязі, глыбокія, блізкія адносіны са сваімі сябрамі, з кожным асабіста. Гэтыя стасункі павінны стаць моцным мастком паміж Ім і апосталамі, а таксама асновай супольнасці вучняў. Менавіта такія адносіны ў будучыні стануць падмуркам даверу, падтрымкі і сяброўства. Менавіта такія стасункі з Ім дадуць апосталам сілу пайсці на крыж і несці Добрую Навіну людзям — прапаведваць.
Быць з Ім — гэта галоўнае апостальства і месца нараджэння Касцёла, яго місіі. Быць з Панам — мэта ўсяго апостальскага служэння. Быць з Ім, каб распазнаць волю Айца і ведаць Таго, каго пасланыя прапаведваць. Быць з Ім каля крыжа, пад крыжам, на крыжы… на Ягоным, на сваім і тваім крыжовым шляху.
Быць з Ім — значыць быць з народам: з дзеткамі, жанчынамі і старымі ў час выпрабаванняў. Быць з Ім — гэта быць прынамсі духоўна з тымі, хто змагаецца. Быць з Ім — гэта ўдзень і ўначы разважаць і распазнаваць лепшы шлях да перамогі. Быць з Ім азначае не губляць здаровы сэнс і быць увесь час на крыжовай дарозе тут, а не дзесьці далёка. Быць з Ім — гэта не быць абыякавым на пакуты бліжняга. Быць з Ім — гэта выслухаць хоць бы аднаго спалоханага вайной, прыгнечанага чалавека, прыняць крыж, як гэта зрабіў Езус, мой Пан… Аднак, ва ўсім я прагну перадусім быць не з вайной, але з Ім; не «завісаць» у навінах пра вайну, але шукаць абдымкі Хрыста, каб канчаткова перамагчы і дайсці да радасці Яго ўваскрасення.
Тры гады апосталы былі пры Ім. Тры гады яны вучыліся ва «ўніверсітэце» Хрыста, назіралі за Ім, але галоўнага экзамена на Аліўнай гары і пад крыжам, здаецца, не здалі: Хрысту было балюча, што яны не могуць чуваць пры Ім нават адной гадзіны (пар. Мк 14, 37).
Ці можаш маліцца шчыра і чуваць аддана ў цішыні свайго сэрца, прабываючы з Ім? Ці разумееш, што Яму не баліць твой грэх, нават найцяжэйшы, але Яму баліць адлегласць паміж Ім і табою? Што ўвогуле для цябе азначае быць з Панам, быць пры Ім? Ці ўсведамляеш, што перш, чым стаць перад іншай асобай, ты пакліканы стаць перад Панам у малітве, чуванні, цішыні? Ці намагаешся ўвесь свой дзень — сваю працу, навучанне, прабыванне з сям’ёй і г.д. пражыць з пастаянным усведамленнем, што Пан поруч з табой, у табе?
«Твая малітва пакажа табе, у якім стане ты знаходзішся» (святы Ян Лесвічнік).
«У тыя дні Ён узышоў на гару памаліцца і правёў усю ноч у малітве да Бога. Калі настаў дзень, паклікаў сваіх вучняў і выбраў з іх дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі» (Лк 6, 12–13).
Езус кліча апосталаў падчас малітвы, падчас Яго інтымнага дыялогу з Айцом. Гэтак, як Езус быў цесна злучаны з Айцом, так і нас кліча да глыбокіх адносінаў з Ім. Езус неаднойчы паказвае вучням прыклад малітоўнага чування.
У бязмоўнай глыбіні свайго сэрца кожны з нас можа адчуць прагненне быць з Ім, каб пазнаць, кім Ён сапраўды ёсць, стаць сведкамі Яго жыцця і ўваскрасення ў нашым свеце. Спачатку чалавек пакліканы навучыцца жыць Яго запаведзямі, а потым перайсці да значна большага і глыбейшага: да ўнутранага жыцця з Панам.
Быць пры Ім, прабываць з Ім, у Яго прысутнасці — гэта вучыцца больш любіць. Любіць Пана, а потым і свайго бліжняга.
Езу, я хачу быць з Табой заўсёды, няспынна! Навучы мяне пастаянна ўсведамляць Тваю прысутнасць і адчуваць на сабе Твой любячы позірк! Хачу дзяліць з Табой мае справы і адпачынак, боль і радасць, страты і здабыткі! Толькі дзякуючы Тваёй ласцы магу быць з Табою, а жыццё можа напоўніцца Тваім духам і Тваім жыццём.
Праслаў Пана за пакліканне «быць з Ім!»