Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.
Вялікі аўторак
Тады Марыя сказала: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова». І адышоў ад Яе анёл (Лк 1, 38).
Ты праслаўляеш Пана сваім пакорным слуханнем Божага Слова. Праслаўляеш выкананнем Яго волі.
«Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова,» — гэтымі словамі Марыя поўнасцю аддаецца ў рукі Бога Айца і адкрывае прастору для дзеяння Святога Духа. Толькі пасля гэтых словаў Бог можа ўцелавіцца ва ўлонні Марыі. На свой заклік Пан не сустракае ніякага супраціўлення ці перашкоды. Ён сустракае толькі адкрытасць і паслухмянасць, пакору і давер. І таму Марыя атрымлівае Слова: «Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе».
«Няхай мне станецца паводле твайго слова», — Марыя захоўвала паслухмянасць Слову ў Бэтлееме і падчас уцёкаў у Егіпет, у Кане і пад крыжам на Галгоце… Багародзіца не толькі стрыманая ў словах. Яна надзвычай мудра ўмее разважаць і сузіраць вачыма веры. Яе малітвай стала адвечнае маўчанне ў Богу. Без Марыі немагчыма ўявіць сабе гісторыю збаўлення.
Багародзіца становіцца для нас прыкладам таго, як у гэты цяжкі час неймаверных і балючых страт, безнадзейнасці і болю паверыць у Божую задуму адносна нас.
Як адкрыцца Богу і па Ягонай ласцы напоўніцца даверам да Яго. Як немагчымае для чалавека, а магчымае для Бога ўпусціць у сваё жыццё. І як, зрэшты, духоўна прамовіць сярод жыццёвых выпрабаванняў: «Велічае душа мая Пана, і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцы».
«Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова,» — гэтыя словы Марыі сталі пачаткам новага этапу збаўлення чалавецтва. Гэтыя словы ў тваім жыцці могуць стаць новым этапам твайго збаўлення. Ці ўсведамляеш гэта? Ці паспрабуеш прамовіць гэтыя словы ў глыбіні сваёй істоты, даць Богу прастору для дзеяння, адкрыць хоць бы шчылінку ў сваім сэрцы для Яго любячага дотыку? Ці можаш хоць на некалькі хвілін свядома стаць перад Богам і сказаць: «Вось я, тут і цяпер, давяраю Табе, няхай са мной станецца паводле Твайго слова, і няхай Твая будзе воля»?
«Не маем іншага даверу, акрамя таго, які чэрпаем ад Цябе, найпакорнейшая Дзева» (святы Эфрэм Сірын).
Жыццё Багародзіцы спавітае глыбокай таямніцай маўчання. У евангелістаў знаходзім няшмат словаў Марыі. Евангеллі паводле Марка і Мацвея не перадаюць аніводнага Яе слова. Яна, укрытая ў ценю Сына, знаходзіцца цалкам і дарэшты пад дзеяннем Святога Духа. У задуме Бога Марыя непарыўна звязана са слуханнем Слова Бога. Марыя не проста павярхоўна ўспрымае інфармацыю, а слухае, услухоўваецца, заглыбляецца, каб зразумець значэнне Слова. Тое, Каго Яна слухае і што Яна слухае, становіцца для Яе Таямніцай.
Марыя, навучы мяне прабываць у цішыні, каб у ёй я больш распазнаваў прысутнасць Твайго Сына і любіў Яго! Марыя, учыні мае вушы адкрытымі. Навучы мяне слухаць рэчаіснасць, у якой я жыву, выслухоўваць кожную асобу, якую сустракаю, асабліва тую, якой цяпер найбольш гэта патрэбна.
Суправаджай мяне праз Вялікі тыдзень Твайго Сына і нашых выпрабаванняў.
Ты маўчала пад крыжам свайго Сына, зберагаючы ўсё, што адбывалася навокал, у сваім сэрцы. Табе Пан дазволіў сузіраць Таямніцу. Навучы і мяне ў пакоры слухаць Твайго Сына.
Праслаў Пана, як Марыя, пошукам і прыняццем Яго святой волі!