Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.
Вялікі панядзелак
«Ахвяра для Бога — дух пакорны, сэрцам зламаным і пакорным Ты, Божа, не пагарджаеш» (Пс 51 (50), 19).
Ты праслаўляеш Бога сваёй пакорай, якая выяўляецца ва ўважлівым і любячым слуханні.
«Пакора — аснова ўсіх цнотаў, а таму ў душы, дзе няма гэтай цноты, не можа быць ніякіх іншых цнотаў, толькі адзін выгляд» (святы Аўгустын).
Пакора — гэта ласка, якая перамяняе чалавечае сэрца і чыніць яго свабодным і адкрытым Богу. Без пакоры няма сапраўднага сузірання, а значыць няма наследавання Хрыста, асабліва ў Яго цярпенні. Праявай пакоры з’яўляецца ўменне прыняць крытыку, але таксама здольнасць выказваць яе з любоўю… Крытыка свайго настаяцеля можа азначаць большую пакору, а яе адсутнасць — кар’ерызм, крывадушнасць ці баязлівасць.
Пакора — гэта адвага быць праўдзівым у тым, каб прыняць сваю чалавечую прыроду, асабліва ў яе крохкасці.
Пакора — гэта здольнасць успрымаць свет і сябе такімі, якія ёсць, з усімі выклікамі часу.
Пакора — гэта ўменне радавацца самым простым рэчам і падзеям.
Пакора — гэта ўменне бачыць цудоўнае ў шэрай будзённасці.
Пакора — гэта калі ты прагнеш радавацца першаму нарцысу і філіжанцы ранішняй кавы, і, галоўнае, ты кожны раз радуешся па-сапраўднаму.
Пакорны чалавек радуецца звычайным абдымкам і цэніць кожную працягнутую далонь у вітанні. Пакорны чалавек заўсёды вельмі ўдзячны за вялікія і малыя дары — за вочы іншага чалавека! Пакорны чалавек можа, умее і хоча цярпліва чакаць…
Нарэшце, пакора — вялікі давер да Бога, які ўсемагутны, верны, любячы і клапатлівы, асабліва ў крызісе тваёй самотнасці.
Пакорны чалавек прымае поспех і паразу са спакойным і свабодным сэрцам і ў перакананні, што і гэта мае сэнс. Пакорны чалавек пазбаўлены хвалявання і няўпэўненасці. Ён атрымлівае большую асалоду ад працэсу сваёй працы, чым ад яе выніку, або ад працэсу ўзрастання ў святасці, чым ад дасягнення яе. Пакорны чалавек больш засяроджаны на асобе Езуса, чым на Яго вучэнні і запаведзях…
Сузірай пакору Езуса на Яго крыжовым шляху на Галготу. Сузіранне Яго пакоры «апранае» ў пакору. Праслаўленне Пана — праява вялікай пакоры. Праслаўляй Яго асабліва за маленькія дары, у якіх месціцца Яго вялікая любоў! Вялікі дар Бога — твае расплюшчаныя вочы і луста хлеба на стале, яшчэ адзін дзень жыцця…
Колькі ў табе ёсць менавіта такой пакоры? Ці цнота пакора ўвогуле з’яўляецца для цябе каштоўнасцю? Ці ты сапраўды шукаеш і прагнеш Хрыстовай пакоры?
«Пане, дай мне сілу змяніць тое, што я магу змяніць. Пакору прыняць тое, што я не магу змяніць. І мудрасць адрозніць першае ад другога».
Пане, Ты мяне заўсёды пакорна выслухоўваеш, хоць гэта Ты ёсць Словам Нябеснага Айца, які даў мне два вухі! Ты кожны раз выслухоўваеш мяне ў Таямніцы пакаяння і ў іншым чалавеку, каб падараваць мне новае сэрца. Пане, прашу Цябе, дай і мне пакору каб уважліва слухаць Цябе і маіх бліжніх! Навучай мяне пакоры больш бачыць хараство стварэння, каб адкрыцца на Тваю любоў, у якой я маю патрэбу! Пане, будзь праслаўлены за пакорных людзей у гісторыі майго жыцця. Дзякую Табе за ўсё…
Праслаў Пана сваім пакорным слуханнем!