Пошук

02.04.2023 05:15   Пераклад: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by

Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.

Пальмовая нядзеля

«На другі дзень многія <…> узялі пальмавыя галінкі і выйшлі Яму насустрач, і ўсклікалі: „Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у Імя Пана, Кароль Ізраэля!“» (Ян 12, 12–13)

Велікапосныя рэкалекцыі працягваюцца. Перад намі яшчэ адзін тыдзень для малітвы праслаўлення.

Бога праслаўляе твой ціхі і любячы голас. Яшчэ больш праслаўляе тваё ўважлівае і пакорнае слуханне.

«Усялякімі спосабамі дбай пра тое, каб праслаўлены быў (табою) Айцец твой, які ў нябёсах» (святы Антоній Вялікі).

Вучні, уваходзячы з Езусам у Ерузалем, цешыліся Яго прысутнасцю і шматлікім воклічам «Гасанна!». Аднак яны яшчэ зусім не разумелі, што адбываецца навокал іх. Вучні не заўважылі пачатку Мукі Пана. Першасвятары ўжо прынялі рашэнне пра забойства Езуса. Народ вітаў Хрыста, марачы пра магутнага зямнога валадара, але ўжо неўзабаве будзе патрабаваць Яго ўкрыжаваць. Радасць людзей не была сапраўдным праслаўленнем волі Айца. Праслаўленне Пана — дух пакорны і сэрца скрушанае (Пс 51 (50), 19).

Дзеці, якія віталі Езуса у брамах Ерузалема, у сваёй лагоднасці, сапраўды Яго распазналі. Арыген называе гэтых дзяцей мудрацамі з абліччамі філосафаў.

У цішыні, маўчанні і ўдзячнасці ты таксама можаш суправаджаць Езуса. Ты можаш ісці за Ім на Галготу і глядзець, як жанчыны, якія пайшлі ажно пад крыж (Лк 23, 49). Пётр суправаджаў Езуса з мячом, а жанчыны былі ўзброеныя толькі вачыма, якімі яны калісьці сузіралі Яго. Ім удалося штосьці пабачыць. Таму яны гатовыя ісці за Ім да самага канца.

Фота Віктара Ведзеня

Каля брам Ерузалема Езуса сустракаюць тры катэгорыі людзей. Хто гэтыя людзі і ў кім ты сябе распазнаеш? Ты можаш убачыць сябе сярод натоўпу простых людзей, якія сёння ўсклікаюць «Гасанна!» Езусу, а ўжо заўтра будуць крычаць «Укрыжуй Яго!». Яны штосьці чулі і ведалі пра Езуса, як Ён памнажаў хлеб, уваскрасіў Лазара і прамаўляў. Магчыма, ты сярод грэкаў, якія цікавяцца пазнаннем яшчэ адной філасофіі жыцця? Як часта ты апынаешся сярод гэтага натоўпу, калі сёння ўсміхаешся чалавеку ў вочы, а праз хвіліну ўжо асуджаеш яго? Як часта эмоцыі натоўпу і меркаванні іншых людзей маніпулююць табой? Як часта ў табе выяўляецца схільнасць адмаўляцца ад сваёй думкі пад ціскам атачэння?

Ты можаш сябе пабачыць сярод катаў, пачынаючы ад першасвятароў, кніжнікаў і фарысеяў, якія з-за сваёй зайздрасці і прагнасці да ўлады ўчынілі судзілішча над Езусам. Ты можаш быць на месцы Пілата, які хоць і не бачыць правіны Езуса, дыпламатычна намагаецца дагадзіць цэзару, рэлігійнай эліце ды ўзбуджанаму натоўпу. Пілат мае ўладу, аднак вышэйшую ўладу мае над ім страх. Як часта ты не знаходзіш у сабе сілы, каб абараніць імя іншай асобы, таму што баішся за сваё жыццё, кар’еру ці выгоду? Ты таксама можаш заўважыць сябе на месцы жаўнераў, звычайных выканаўцаў пакарання, тых, што непасрэдна «каштуюць» чужую кроў…

Ты можаш пабачыць сябе сярод родных, вучняў і вучаніц Хрыста, якія Яго ведалі і любілі, як умелі. Ты можаш паставіць сябе на месца Пятра, які адрокся, таму што спалохаўся і засумняваўся. Пётр і іншыя апосталы не былі яшчэ гатовыя прыняць укрыжаванага Хрыста. Прыйдзе час, Езус у Эмаўсе адкрые ім вочы, і яны ўбачаць больш. Яны пойдуць за Хрыстом, будуць мець прагненне прыняць свае цярпенні і аддаць жыццё за Яго, аднак не таму, што яны сталі мацнейшымі, але таму, што адкрыліся на Яго любоў і прынялі яе. Пётр перамог праз любоў Хрыста да яго! Пётр канчаткова адрокся ад свайго «я» і сустрэўся з укрыжаваным і ўваскрослым Хрыстом. Юда не захацеў…

Пане, дай мне ласку распазнавання Тваёй прысутнасці. Навучы слухаць і чуць Твой голас, які няспынна кліча да большага праслаўлення і блізкасці!

Дазволь усімі сіламі дбаць пра тое, каб праслаўляць Айца, які ў нябёсах, праз слуханне Твайго слова і праз слуханне бліжніх. Пане, дай мудрасці моўчкі сузіраць Цябе. Няхай сэрца ў цішыні і маўчанні заўсёды спявае: «Гасанна!» дзеля сапраўднай і асабістай сустрэч з Табой, жывым Богам — у Тваіх цярпеннях і ўваскрасенні.

Праслаў Пана ціхім і маўклівым сузіраннем, калі рэшта ўсклікае: «Гасанна!» Праслаў Яго ўважлівым слуханнем!

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа