Пошук

01.04.2023 05:15   Пераклад: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by

Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.

Дзень 40

«Ойча, калі Ты жадаеш, адхілі ад Мяне гэты келіх. Але не Мая воля, а Твая няхай станецца» (Лк 22, 42).

Праслаўленне Бога — гэта тваё і маё жыццё. Больш праслаўляе той, хто прымае Яго волю і ўмее стаяць у праўдзе перад Панам!

У нашых адносінах з Богам мы часта спрабуем граць розныя ролі і паводзіць сябе так, як звычайна ў адносінах у сям’і, на працы, у супольнасці. Мы баімся шчыра вызнаць свае страхі, боль, нянавісць, незразуменне, параненасць, заганы… Мы маскіруемся перад Богам, «падмалёўваем» сябе. Прыходзім у святыню, збіраемся маліцца, адкрываем Святое Пісанне і замест таго, каб сустрэцца і весці дыялог з Богам, пачынаем граць ролю добрага хрысціяніна ці грэшніка і фактычна робімся фарысейчыкамі!

У малітве, у размове з Айцом Езус вучыць нас станавіцца вольнымі, вучыць нас прагнуць свабоды! Толькі свабодны чалавек сапраўдны.

Пан глядзіць на сэрца кожнага з нас. Яму вядома пра нас усё; Ён не патрабуе, каб мы аблівалі сябе брудам або, наадварот, распавядалі Яму пра свае дасягненні і перамогі. Стаць перад Богам у праўдзе — гэта вялікая каштоўнасць духоўнага жыцця. Гэта шчырасць, гэта любоў, гэта пакора. Езус Хрыстус у Гэтсыманскім садзе сустракаецца са сваім Нябесным Айцом і без боязі і сораму кажа Яму пра страх і боль, вылівае сваю душу, з вялікім даверам і любоўю: «Ойча, калі Ты жадаеш, адхілі ад Мяне гэты келіх». І нягледзячы ні на што, Езус гатовы прыняць волю Айца. Як Бог Ён быў гатовы выканаць волю Айца цалкам, але як чалавек Езус шукае падтрымкі ў любові і сіле Айца.

Ілюстрацыйная выява: De Agostini / G. Sioen / Getty Images

Ці цяпер, у часы выпрабаванняў, ты шчыры перад Панам? Ці Ён і цяпер з’яўляецца тваім Сябрам, ці, можа, паступова, з кожным прыкрым перажываннем Ён нібы аддаляецца? Ці шукаеш і распазнаеш Яго волю ў сваёй штодзённасці? Ці шукаеш падтрымкі і разумення ў Яго любові і ў сіле Айца? Ці можаш казаць пра гэта шчыра з Богам і іншым чалавекам? Ці жыве ў табе дух даверу?

«Хрысціянства і ўнутранае жыццё не могуць быць нечым накшталт адступлення ці стану выздараўлення» (Эрых Пшывара SІ, «Пра неба душы»). Агульны стан барацьбы ў тым, каб вытрымаць унутранае напружанне. Фанатызм, фундаменталізм у адназначнай ацэнцы дабра і зла, жорсткасць у схематычным адрозніванні сябра і ворага, веруючага і няверуючага — гэта ўцёкі ад сапраўднай і плённай барацьбы. Уцёкамі таксама можна назваць хваравітую аскезу, сутаргавую барацьбу, інакш кажучы, спадзяванне толькі на свае сілы. Духоўнае жыццё — гэта не сутаргі, але і не поўны спакой. Лагоднасць і моц, ціхае чаканне і воля да барацьбы ў духоўным жыцці могуць гарманічна суіснаваць.

У тваёй барацьбе ты ніколі не самотны. Ніколі! Ты заўсёды можаш давяраць сябе і свае высілкі Пану.

Езу, дзякую Табе і праслаўляю Цябе за прыклад у прыняцці волі Айца! Дапамажы стаяць перад Табою ў праўдзе нават у найцяжэйшыя хвіліны жыцця! Прашу, будзь у маім сэрцы, калі я буду ў смяротнай небяспецы!

Ты — Святло жыцця, агарні мяне сваім святлом!

Але не мая, а Твая воля няхай станецца!

Праслаў Пана за прыклад духоўнай барацьбы ў Гэтсыманскім садзе! Праслаў Яго за сілы для нашай духоўнай барацьбы!

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа