Пошук

31.03.2023 15:15   Пераклад: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by

Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.

Дзень 39

А ім сказаў: «Чаго вы такія баязлівыя? Яшчэ не маеце веры?» (Мк 4, 40).

Велікапосныя рэкалекцыі працягваюцца. Дарагія сябры, сёння яшчэ раз запрашаю вас на 15–30 хвілін малітвы праслаўлення.

Праслаўленнем Бога з’яўляецца цнота мужнасці. Вялікім праслаўленнем ёсць прысвячэнне — з вераю — свайго жыцця за бліжняга.

«Я ўжо не баюся Бога, а люблю Яго!» (святы Базыль Вялікі).

Цяжка разважаць і пісаць пра страх, калі навокал небяспека. Мозг нібы змушаны думаць толькі пра абарону… Гаворка не ідзе пра нейкі звычыйны страх, але пра страх смерці, які непазбежны, але часам ён бывае асабліва жорскім, з пахам паленага газу… Найбольшы вораг чалавека найчасцей знаходзіцца не звонку, а ўнутры яго. І гэтым ворагам ёсць страх. Адам і Ева засумняваліся ў любові Пана, таму і спалохаліся свайго Айца (Быц 3, 1–13).

Страх выяўляе недавер да Бога, заўжды блізкага да нас. Страх азначае непрыняцце свайго бліжняга і самога сябе.

Хто альбо што выклікае ў табе найбольшы страх? Ці бачыш свой страх і ці можаш яго назваць? Ці ёсць у табе гатоўнасць размаўляць пра страх?

Непрызнанне страху — гэта праява пыхі. Вызнанне страху ў сабе прыніжае, але ў той жа час дазваляе ўзрастаць у пакоры і ўрэшце перамагчы страх. Ты можаш усе свае страхі аддаць Езусу, які змагаецца ў Аліўным садзе са сваім страхам і дасканала разумее цябе (гл. Мк 14, 32–42). Страх мае ў сабе рысы недаверу і недахопу любові. Давер дае мужнасць і адвагу. Без даверу становіцца немагчымым існаванне супольнасці з Богам (глыбокай еднасці з Ім), чалавечай супольнасці (апірышча ў іншай асобе) і супольнасці з сабой (прыняцця сябе).

Ілюстрацыйная выява з адкрытых крыніц

Пане, дазволь мне распазнаваць і ўсведамляць свой страх. Дасканалы чалавек той, які дасканала ведае свае слабасці. Навучы мяне знаходзіць абарону ў Тваёй прысутнасці і пераадольваць страх у Тваіх абдымках. Навучы прыбягаць да Цябе, калі будзе страшна: у маіх думках, намерах, учынках і дзеяннях. Дай мужнасць не саромецца вызнаваць свой страх чалавеку, які можа выслухаць мяне, гэта значыць, панесці мой страх, але не заразіцца ім! Пане, дай узрастаць у мудрасці праз страх, каб ён не выпаліў мне сэрца. Прашу Цябе, дапамажы мне, каб страх стаў прадметам глыбокай размовы і нагодай для сапраўднай сустрэчы з Табой — жывым Богам.

Перш за ўсё дай мне веру ў тое, што Ты заўсёды побач, у чоўне майго жыцця, і няхай нават бура смерці не разлучыць мяне з Табою, каб я маліўся не да зямнога жыцця, але да Цябе і больш верыў у вечнае жыццё.

Пане, прашу Цябе, проста будзь са мной у маім страху, як Твой Айцец быў з Табой у Аліўным садзе, калі Ты перажываў вялікі страх смерці. Ты, Пане, смерць смерцю зваяваў і жыццё нам дараваў! Ты, Пане, уваскрос! Дай і мне ўваскрашэнне са смерці ўсіх маіх страхаў, бо Ты ёсць Уваскрасенне і Жыццё, і Табе мы ўзносім хвалу.

Праслаўляй Бога за тых людзей, якія не спалохаліся барацьбы і з верай аддалі сваё жыццё за бліжніх.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця