Пошук

31.03.2023 05:15   Пераклад: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by

Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.

Дзень 38

«Няхай уся зямля баіцца Бога, перад абліччам Яго няхай трымцяць усе жыхары свету» (Пс 33 (32), 8).

Праслаўленнем Бога ёсць боязь Божая. Вялікім праслаўленнем з’яўляецца любоў без страху.

«Паколькі боязь Божая — пачатак мудрасці, то няхай тыя, хто па-зямному думаюць, вучацца праз боязь. <…>

Страх абавязковы як уступ да сапраўднай пабожнасці, а потым прыходзіць любоў, якая вядзе да дасканаласці тых, якія былі падрыхтаваныя страхам. <…> Не трэба нікога іншага баяцца, ані чым іншым кіравацца, як толькі бояззю Божай» (св. Базыль Вялікі).

Зазвычай у нашым разуменні страх — гэта штосьці дрэннае і балючае. Гэта нейкія непрыемныя перажыванні, ад якіх хацелася б уцячы, схавацца, ад якіх хочацца пазбавіцца. Людзі баяцца смерці, хваробы, страты працы, нападу злачынцаў, вайны, катастрофы, калецтва, гора і іншых непрыемнасцяў. Гэта нешта такое, аб чым цяжка гаварыць, думаць, а тым больш перажываць.

У Святым Пісанні боязь Божая — штосьці вельмі добрае і пазітыўнае. Гэта тое, што звязана з Божай прысутнасцю ў жыцці чалавека. «Бойцеся Пана, святыя Яго, бо няма нястачы для тых, што баяцца Яго» (Пс 34 (33), 10). Боязь Божая сведчыць аб адносінах з Богам. У боязі Божай чалавек мае досвед Яго любові і баіцца не адказаць на запрашэнне. Аднак боязь Божая азначае нейкі пачатак і патрэбу глыбейшых адносін з Богам, у якіх ужо няма страху невыканання запаведзяў, але выключна сузіранне. Душа шукае сустрэчы з Ім і, знайшоўшы, прабывае ў Ягонай прысутнасці. Пан паступова напаўняе жыццё. Усё жыццё ператвараецца ў малітву і праслаўленне Бога. Таму літургічныя дзеянні павінны поўніцца павагаю і богабаязнасцю (timor Domini) чалавека перад веліччу і міласэрнасцю Бога.

Боязь перад Панам — гэта не страх, які скоўвае і паралізуе: яна напоўнена вялікай павагай і глыбокім трымценнем перад Божай веліччу і міласэрнасцю; вучыць нас дыхаць глыбока і тым самым запрашае да свабоды.

Боязь перад Усемагутным Богам вядзе да роздуму над тым, кім ёсць Бог і кім ёсць чалавек — менавіта кожны з нас.

Ілюстрацыйнае фота: св. падрэ Піо з П’етрэльчыны / ilgiornale.it

Калі ідзеш у нядзелю ў святыню, магчыма, табой кіруе толькі даніна традыцыі або пачуццё абавязку пад пагрозай граху. Так было раней і, можа, так ёсць сёння. Святая Эўхарыстыя, аднак, з’яўляецца малітвай удзячнасці і праслаўлення Езуса за Яго любоў да цябе. У ёй прысутны Пан у целе і крыві. Ён прамаўляе праз Літургію слова і дае сябе ў святой Камуніі. Памятаем, Пан ёсць любоў! У любові няма страху. Дасканалая любоў праганяе страх. Дасканалая любоў не мае страху. Таму яна мацнейшая за ўсе мае страхі, перажыванні, трывогі, няпэўнасць, боль, уціск, бязладдзе.

Ці спяшаешся ў святыню, каб не спазніцца? Ці захоўваеш засяроджанасць на працягу літургіі? Ці знаходзіш радасць ад сустрэч з Езусам у Яго Слове і Эўхарыстыі? Ці ёсць для цябе штосьці больш важнае, чым сустрэча з Езусам у малітве? Ці сустракаеш Яго прыйсце і Уваскрасенне ў сваім жыцці, як гэта рабілі жанчыны міраносіцы «са страхам і вялікай радасцю» (Мц 28, 8)?

Святы айцец Піо з П’етрэльчыны казаў, што «любоў і боязь павінны ісці разам.

Боязь без любові ператвараецца ў подласць. Любоў без боязі — гэта высакамернасць. Калі любоў існуе без боязі, яна становіцца неасцярожнай і не мае тормазу; не зважае, куды імкнецца».

Пане, дзякую Табе за боязь Божую і за тое, што Ты няспынна клічаш да большага ўзрастання! Навучы мяне здаровай боязі Божай, якая будзе трывала абуджаць мяне да пошуку сустрэчы з Табой, жывым Богам. Няхай Твой Дух цалкам кіруе маім жыццём, каб нават досвед страху спрыяў распазнаванню Тваёй волі, каб больш любіць і наследаваць Цябе. Дай мне адчуванне пастаяннай патрэбы сустрэчы, дзе ўжо няма страху…

Праслаў Бога за боязь Божую і за любоў без страху!

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця