Пошук

30.03.2023 05:15   Пераклад: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by

Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.

Дзень 37

А Ён спытаўся ў іх: «А вы кім лічыце Мяне?» Адказваючы, Пётр сказаў Яму: «Ты — Хрыстус» (Мк 8, 29).

Хвала Бога — тваё і маё жыццё. Мы праслаўляем Пана яшчэ больш, калі ў сваё жыццё прымаем Пана як Сябра. Сябра, які з вялікай любові за кожнага з нас аддаў сваё жыццё на крыжы.

Пан пытаецца сваіх вучняў пра тое, што думаюць пра Яго людзі, а таксама яны, Ягоныя вучні. Вядома, Езусу не трэба дазнавацца, што пра Яго думаюць, бо Ён ведае гэта дакладна. Даць адказы на гэтае пытанне важна самім вучням, а значыць і кожнаму з нас. Адказ на гэтае пытанне павінен быць узяты не з катэхізіса ці кніжак, а з асабістых адносін з Хрыстом.

Ад Пятра Езус пачуў: «Ты — Хрыстус». На што Пётр атрымаў адказ: «Шчаслівы ты, Сымоне, сыне Ёны, бо не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой, які ў нябёсах. I Я кажу табе, што ты — Пётр, скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго» (Мц 16, 17–18).

Пазнаць, кім для нас ёсць Хрыстус, — значыць, атрымаць моцны падмурак даверу да Бога. Такая аснова адкрывае шлях да яшчэ большага пазнання Пана.

«Для мяне Езус ёсць усім… Толькі так магу выказаць, што Езус Хрыстус азначае для майго жыцця ўсё… Забярыце Езуса з майго жыцця, і ўсё ўва мне разваліцца, нібы цела, з якога нехта дастаў шкілет, галаву і сэрца… Для мяне Езус Хрыстус — сябра, асабліва ў Эўхарыстыі» (а. Пэдро Арупэ SІ).

Ілюстрацыйная выява з адкрытых крыніц

Для мне Езус Хрыстус — найбліжэйшы сябра, чый любячы позірк мяне заўсёды суправаджае; Ён — мой старэйшы Брат, а перадусім Ён — дасканалы Чалавек. Ён — вельмі блізкі голас, які кліча мяне да сябе і свайго Айца. Езус — гэта адносіны, таямніца адносін любові з маім бліжнім, з сабой і Айцом.

Кім для цябе з’яўляецца Езус, які аддаў сваё жыццё за цябе і якога ты ўбачыш у Вялікую пятніцу на крыжы?

Хто для цябе Хрыстус, калі чуеш цяжкія навіны, калі апынаешся пад  рэальнай пагрозай смерці, калі страх напаўняе сэрца, калі родныя і блізкія далёка, магчыма, у небяспецы і ты адчуваеш сваё поўнае бяссілле?

Кім для цябе ёсць Пан, калі ў гэты трывожны час абдымаеш сваіх дзяцей, мужа, бацькоў? Кім ты лічыш Езуса, калі сёння можаш спаць у цёплым ложку, у сваёй хаце або там, дзе табе далі прытулак, калі навокал людзі, якія цябе падтрымліваюць, саграюць сваёй усмешкай і добрым словам?

Мабыць, адным з найвялікшых праяў сяброўства з’яўляюцца шчырыя абдымкі. Езус заўсёды чакае нас на Святой Літургіі, каб першым абняць нас. Наймацней мы можам абняць Езуса, прымаючы святую Камунію. Эўхарыстыя — сяброўскія адносіны з Езусам. Любоў Хрыста настолькі бязмежная, што Ён аддае за свайго сябра жыццё. «Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх» (Ян 15, 13).

«Найлепшы сябра — той, хто, не пытаючыся пра прычыны твайго смутку, можа зрабіць так, каб да цябе зноў вярнулася радасць» (св. Ян Боско).

Каб прыняць Езуса як сябра, трэба працягнуць да Яго пустыя далоні і адкрыць Яму сваё сэрца. Сяброўства Езуса — бясцэнны дар. Удзячнасць за гэты дар — найлепшы спосаб наблізіцца да Яго. Удзячнасць — фундамент даверу. Ва ўдзячным сэрцы шмат прасторы для Бога.

Езу, дзякую Табе за Тваё сяброўства. За Твае моцныя абдымкі ў Найсвяцейшай Эўхарыстыі. Праслаўляю за Твой любячы позірк, які асабліва адчуваю ў найбольш жахлівыя дні. Пане, навучы ўсё больш адчуваць Тваю любоў у сяброўсіх адносінах з Табою. Пане Езу Хрыстэ, умацуй мяне для выканання місіі любові і служэння ў гэтым свеце!

Праслаў Хрыста за ўсіх Яго сведкаў, якія спрыялі тваёй сустрэчы з Ім! Праслаўляй Яго, бо Ён добры!

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа