Пошук

29.03.2023 05:15   Пераклад: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by

Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.

Дзень 36

Мудры слухае і павялічвае веды, а разумны прыдбае ўмеласць (Прып 1, 5).

Ты праслаўляеш Бога, калі дзякуеш Яму з усіх сіл, усім сэрцам і ўсёй душой. Глыбокая ўдзячнасць з’яўляецца праслаўленнем.

«Дзень і ноч дораць нам у кожным імгненні безліч дабра і хараства. Дастаткова толькі звярнуць на гэта ўвагу — і ўдзячнасць напоўніць нас. Хіба мы ўважлівыя? Вось пытанне. І акурат тут нам могуць дапамагчы аскетычныя практыкаванні. Ужо шмат гадоў я, напрыклад, занатоўваю ў штодзённіку прынамсі адну рэч, за якую я яшчэ ніводнага разу не падзякаваў» (Дэвід Стэйндл-Раст OSB).

Дзякаваць азначае жыць у засяроджанасці сузірання і рухацца да святасці. Удзячнасць — супольная рыса ўсіх святых.

Удзячнасці нас вучыць любячая ўвага як аскетычнае практыкаванне, якое дапамагае заўсёды знаходзіць прычыну для падзякі. Ты можаш дзякаваць вось за гэты промень сонца, за глыток паветра і вады; дзякаваць за працягнутую і моцную далонь іншага чалавека, якую паціскаеш, але і за маленечкую дзіцячую; дзякаваць за абдымкі і ўсмешку; за цёплы кубак кавы ў сваіх азяблых руках і за таго, хто яе прыгатаваў; зноў і зноў нястомна дзякаваць за яшчэ адзін дзень жыцця… Ці заўважаеш гэта ўсё? Гэта аскетычныя практыкаванні ў Вялікім посце. Пагадзіся, зусім не простыя практыкаванні, асабліва ў цяперашні час. Галоўны выклік, ці хочаш практыкавацца і ўзрастаць у любячай увазе?

Ілюстрацыйная выява з адкрытых крыніц

Прыгода з удзячнасцю толькі распачынаецца! Сёння! З Богам заўсёды ёсць пачатак і вечнасць.

Удзячнасць перамагае ўсялякае зло і напаўняе сэрца радасцю і любоўю… Удзячнасць умацоўвае адносіны з Богам, бліжнімі і з самім сабой.

Сёння 36-ы дзень Вялікага посту 2023 года Божага. Гэты год ёсць Божым годам, нягледзячы ні на што. Дзякую з усіх сіл менавіта за гэты год гісторыі маёй краіны і майго жыцця (аскетычнае практыкаванне). Дзякую, што неўзабаве распачнецца Вялікі тыдзень. Ён даўно настаў і ў той жа час яшчэ ў чаканні. Ён нібы патрабуе нейкага «дапаўнення» (завяршэння) Мукі Пана. Хутка настане цішыня пустой магілы Хрыста. Ужо вось-вось — Хрыстовае ўваскрасенне! Дзякую за Яго ўваскрасенне, якое ўжо настала і якога мы яшчэ чакаем, прагнем, як ніколі дагэтуль…

Дзякую менавіта за гэтыя нашыя жаданні Ягонага і нашага ўваскрасення! Дзякую за тое, што прагнем Ягонай прысутнасці і моцы ў маёй і нашай слабасці.

Буду спяваць Пану пры жыцці маім, буду граць псальмы Богу майму, дакуль я ёсць (Пс 104 (103), 33).

Езу Хрыстэ, Сыне Божы, змілуйся нада мной, грэшным!

Праслаў Бога за «прагненне большага пазнання Хрыста, каб Яго больш любіць і наследваць».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця