Пошук

28.03.2023 05:15   Пераклад: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by

Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.

Дзень 35

Бо Пан дае мудрасць, і з вуснаў Яго — веды і разважлівасць (Прып 2, 6).

Запрашаю цябе зноў на 15–30 хвілін малітвы праслаўлення. Ты праслаўляеш Бога, калі заўважаеш найменшы Яго дар. Ты праслаўляеш больш, калі радуешся Ягонаму дару, дзякуеш і шукаеш свабоды ў сваіх жаданнях большага.

Трэцім забойцам удзячнасці з’яўляюцца завышаныя патрабаванні.

Будучы вязнем скажонага мыслення, чалавек лічыць, што мае права на ўсё, і патрабуе таго, што можа быць толькі падаравана (Віллі Ламберт SІ).

Ты — вельмі здольны чалавек. Ты ўмееш чытаць, пісаць, атрымаў адукацыю, плануеш жыццё… Спыніся на хвіліну і разваж, што ўсё гэта ты не здабыў самастойна. Калісьці цябе заахвоцілі да навучання і падарылі веды. Табе ўсё падаравана Богам, бацькамі і настаўнікамі. Ты можаш прагнуць большага. Аднак памятай, што празмерныя патрабаванні не дазваляюць табе ўбачыць тое, што ўжо ёсць пад рукой, а яно часта з’яўляецца надзвычай важным. Падаравана цалкам усё!

«Няшчасныя пад канец жыцця цяжка адчуюць, якую бязглуздасць і марнасць яны любілі» (Тамаш Кемпійскі, «Следам за Хрыстом», пераклад Станіслава Грынкевіча).

Ілюстрацыйная выява з адкрытых крыніц

Разважлівыя і мудрыя людзі могуць распазнаваць ужо сёння глыбокі сэнс жыцця. Каб быць шчаслівым, мне зусім не абавязкова ездзіць на новым люксовым аўто і жыць у асабняку. Я не мушу патрабаваць празмернага камфорту, калі ў свеце столькі бежанцаў, сіротаў, якія не маюць даху над галавой. Сёння я не маю права наракаць на жыццё, калі бачу малое дзіця, якое страціла бацьку на вайне. Я ўсведамляю, што павінен быць больш вольны ў сваіх патрабаваннях. Жыць для іншых. Служыць ахвярна. Перамагаць ворага ў сабе і, па-над усё, дзякаваць за тое, што ўжо атрымаў, за яшчэ адзін дзень жыцця, за ўсход сонца, за бацькоў і добрага сябра, за пакліканне!..

Празмерныя патрабаванні часта не дазваляюць радавацца жыццю тут і цяпер.

«Заўсёды ласка даецца таму, хто з падзякаю яе прымае; звычайна Бог адбірае яе ў таго, хто пышніцца, а дае пакорнаму» (Тамаш Кэмпійскі, «Следам за Хрыстом», пераклад Станіслава Грынкевіча).

Пане, дай свабоду розуму і сэрца. Навучы бачыць Твае дары і годна іх прымаць. Навучы радавацца дарам жыцця. Адары свабодай для ўсё большай удзячнасці, каб я не жыў у нерэальных патрабаваннях, але здолеў «шукаць і знаходзіць Цябе ва ўсім» (св. Ігнацый Лаёла).

Праслаў Пана за хараство прыроды, якая моўчкі аб’яўляе Сэрца Бога! Праслаў Яго за тое, што ты бачыш гэтую прыгажосць!

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.