Пошук

27.03.2023 05:15   Пераклад: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by

Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.

Дзень 34

«О, Пане, Божа наш, якое велічнае імя Тваё па ўсёй зямлі. Веліч Твая ўзносіцца па-над нябёсамі. З вуснаў дзяцей і немаўлят Ты ўчыніў хвалу, каб утаймаваць ворага і мсціўцу (Пс 8, 2–3).

Ты праслаўляеш Бога, калі заўважаеш паўнату Яго дароў. Ты праслаўляеш Яго больш, калі цешышся Яго дарамі і ўсім сэрцам дзякуеш за іх.

Працягваючы ўчарашнюю тэму, паразважаем над другім забойцам удзячнасці, а менавіта над легкадумнасцю, з якой мы без увагі ўсё прымаем; чалавек не ўсведамляе, што здароўе, добрая праца, цудоўнае надвор’е і г.д. — гэта Божыя дары (пар. Віллі Ламберт SІ «З любові да рэчаіснасці»).

Бог стварыў цябе вельмі добра! Будзь Яму ўдзячным!

Цябе ўвогуле магло не быць Тваё жыццё магло раптоўна абарвацца. Ты мог нарадзіцца з дэфектамі мовы, зроку, без тваёй цудоўнай далоні… Паглядзі на яе. Твая далонь — гэта сапраўдны шэдэўр Стварыцеля. Уяві зямны шар без дрэў і кветак… Уяві жыццё без сонечнага цяпла, чыстага паветра і празрыстай вады… Уяві жыццё без родных і сяброў… Ты адораны так шчодра. Гэта ўсё выяўляе бязмежную і безумоўную любоў Бога да цябе. Ты вельмі багаты. Ты — Божае дзіця. Ты здольны падзякаваць за ўсе дары з глыбіні сэрца. Ці прагнеш гэта зрабіць?

«Калі зважыш на годнасць Даўцы, — ніводзін дар Яго ня здасца табе ані малым, ані малавартым. Не можа быць малым тое, што дае Бог Найвышэйшы» (пар. Тамаш Кэмпійскі, «Следам за Хрыстом», пераклад Станіслава Грынкевіча).

Ілюстрацыйная выява з адкрытых крыніц

Пане, навучы мяне заўважаць дары Тваёй любові. Навучы дзякаваць за мезены палец на руцэ. Дазволь радавацца вясне, якая надыходзіць, нягледзячы ні на што. Спеў птушак быццам перамагае гукі вайны. Ойча Нябесны, дай натхненне святкаваць кожную крышынку штодзённага хлеба.

Прашу, перадусім навучы мяне распазнаваць і прымаць Тваю прысутнасць у іншых людзях, якіх Ты ставіш на маім жыццёвым шляху.

Дзякую Табе за яшчэ адзін дзень жыцця, нават калі ён быў цяжкім. Дзякую за тое, што Ты быў са мной і праз мяне для многіх іншых людзей. Дзякую за тое, што Ты змяшчаешся ў кожным імгненні майго жыцця і напаўняеш яго глыбокім сэнсам. Дзякую і праслаўляю Цябе за тое, што Ты заўжды змагаешся ўва мне і перамагаеш. Дзякуй за тое, што Ты — мой Бог і што я прагну Цябе шукаць.

Праслаў Бога за твае далоні, якія Ён стварыў з вялікай любові! Праслаў Яго справамі сваіх рук!

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.