Пошук

25.03.2023 05:15   Пераклад: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by

Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.

Дзень 32

«Заўсёды радуйцеся, няспынна маліцеся. За ўсё дзякуйце, бо такая адносна вас воля Божая ў Езусе Хрысце» (1 Тэс 5, 16–18).

Праслаўленнем Бога з’яўляецца тваё жыццё ў паўнаце радасці. Найбольшым жа праслаўленнем будзе твая ўдзячнасць за яшчэ адзін дзень жыцця. Удзячнасць азначае прыняцце дару і глыбокія адносіны з Даўцам усялякай ласкі.

Усе святыя маюць супольную рысу: глыбокую ўдзячнасць за любоў Бога да чалавека, якая выяўляецца ў вялікіх і малых Ягоных дарах. Удзячнасць — гэта праслаўленне!

Святыя ніколі не былі бязгрэшнымі. Аднак іх аб’ядноўвала пастаянная свядомасць блізкасці Бога, які напаўняў іх сваёй любоўю і міласэрнасцю. Святы Пётр вызнае свой грэх, прыпадаючы да каленяў Езуса (Лк 5, 1–11). Пройдзе час, і ён будзе гатовы праславіць Пана, аддаючы сваё жыццё, бо спазнаў Яго бязмежную любоў.

«За ўсё дзякуйце» азначае таксама «заўсёды дзякуйце». Святы Павел у пэўным сэнсе заклікае нас стаць відушчымі, каб мы пачалі пільна глядзець і распазнаваць Божую прысутнасць ва ўсім. Святы Ігнацый таксама вучыць «шукаць і знаходзіць Бога ва ўсім». Пан прысутны ва ўсім! Яго любоў дае і падтрымлівае кожнае жыццё.

Святы Ігнацый Лаёла ў лісце да сабрата Сімана Радрыгіша (1534) напісаў, што ў святле ўсеабдымнай Божай дабрыні прычынай любога зла, якое толькі можна сабе ўявіць, і любога граху, з’яўляецца нашая няўдзячнасць.

Колькі ўва мне няўдзячнасці?

Няўдзячнасць — адна з найбольшых праяваў пыхі.

Няўдзячны чалавек увесь час наракае. Няўдзячны чалавек прагны да ўсяго і захоплівае, прыўлашчвае ўжо адным сваім поглядам і думкай. Няўдзячны чалавек — гэта абсалютна сляпы і самотны чалавек, які не бачыць дароў, якія ўжо атрымаў і, галоўнае, не бачыць Даўцу жыцця.

Ілюстрацыйная выява з адкрытых крыніц

З грэцкай мовы Эўхарыстыя — гэта падзяка. Святая Эўхарыстыя — малітва падзякі. Цэнтральная малітва хрысціянскага жыцця можа заахвоціць да рахунку сумлення: колькі ўдзячнасці ёсць у нашай свядомасці?

Сёння мы павінны дзякаваць Богу за тых, хто аддае жыццё, каб іншыя маглі жыць; аддае найкаштоўнейшы дар жыцця — за нас. Удзячнасць дазваляе нам узрастаць у праслаўленні Таго, хто нам дорыць сябе ў святой Камуніі.

Пане, навучы мяне быць удзячным! Дазволь мне заўважаць Твае вялікія і малыя дары.

Найперш дай мне ласку распазнавання Тваёй прысутнасці і дзеяння ў маім жыцці. Дзякаваць — значыць прымаць Тваю любоў. Прымаючы любоў, я магу радавацца дарам жыцця ў паўнаце. Дапамажы разумець, што ўдзячнасць — не дадатак, але аснова адносін з Табою і маім бліжнім.

О, Пане, я дзякую Табе…

Жыццё — гэта любоў. Любоў — гэта ўзаемнасць у даванні. Без удзячнасці няма камунікацыі. Вучыся дзякаваць за малыя і вялікія дары… Удзячнасць — найлепшы шлях наследавання Хрыста, і ты можаш яго абраць. Праслаў Бога за блізкіх людзей! Праслаў за сяброў, праз якіх Ён заўжды поруч з табой.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця