Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.
Дзень 31
«Навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам» (Мц 11, 29).
Тваё жыццё — праслаўленне Бога. Большае праслаўленне — гэта прыняцце жыцця з яго радасцямі і цярпеннямі, а значыць, у любові Хрыста і самога сябе.
«Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для сваіх душаў» (Мц 11, 28–29).
Сёння Пан асаблівым чынам запрашае нас прыйсці да Яго. Вельмі часта для таго, каб сустрэцца з Богам, мы неяк рыхтуемся. Збіраючыся ў святыню, адпаведна апранаемся; плануючы пайсці да споведзі, робім рахунак сумлення; перад малітвай запальваем свечку і кіруем позірк на абраз ці крыж на сцяне.
Сёння, калі нашыя сэрцы поўныя болю, роспачы, неразумення, ранаў, нам няварта няшчыра ўсміхацца, саромецца сваіх пачуццяў, хавацца або ўтойваць ад Хрыста свае цяжары. Наадварот, нам трэба ўзяць гэта ўсё з сабой у дарогу, якой мы ідзем да Яго.
Стаць перад Богам у праўдзе свайго сэрца. Калі баліць — крычаць і плакаць! Што б гэта ні было — прынесці ўсё Хрысту, бо толькі Ён можа даць суцяшэнне, мір і спакой. Толькі Ён можа гэта зрушыць і панесці!
Ты можаш сёння аддаць Хрысту ўсе свае цяжары? Ці ўсведамляеш, што толькі ў Ім магчыма знайсці спакой, надзею, веру? Ці памятаеш той момант, калі Езус дакрануўся да твайго сэрца з вялікай пяшчотай і любоўю? Ці прагнеш адчуць гэта зноў? Ці разумееш, што найцяжэйшыя раны сённяшняга дня можа ацаліць толькі Ён? Што ты робіш дзеля гэтага?
Ціхмянасць, лагоднасць Езуса паходзіць з Яго любячага сэрца. Лагоднасць — гэта ўменне зразумець іншую асобу, здольнасць суперажываць яе цярпенню, болю, цяжкасцям, умець паспачуваць, абняць, выслухаць, памаўчаць. Лагоднасць заклікае адмовіцца асуджаць іншага, але ні ў якім разе не апраўдваць граху, які робіць чалавек. Быць «ціхім і пакорным сэрцам» азначае несці супакой. «Мяккі адказ уціхамірвае гнеў» (Прып 15, 1).
«Бо Я ціхі», — кажа пра сябе Хрыстус. Езус — Бог, і мог бы прыйсці на зямлю з трыумфам і пад трубныя гукі. Але Ён прыйшоў слабым і ціхім немаўляткам, прыехаў у Ерузалем на асле, памыў ногі апосталам і даў сябе ўкрыжаваць.
Пакора — гэта здольнасць убачыць сваю абмежаванасць. Сёння мы па-асабліваму бачым свае немачы, падзенні, знясіленасць. Калі чалавек пакорны, то разумее, што пастаянна мае патрэбу ў Божай дапамозе. Пакорны чалавек не баіцца крытыкі. Пакорны чалавек удзячна прымае дапамогу ад іншых. Пакорны чалавек уважліва выслухоўвае малога і старога. Пакорны чалавек з радасцю гатовы паслужыць убогаму, галоднаму, сасмягламу і падарожнаму.
Лагоднасць вучыць нас адкрывацца на іншага, не замыкацца ў сабе і на сабе, а пакора захоўвае Бога ў сэрцы.
Езус кажа пра сябе, што Ён ціхі і пакорны сэрцам. Ціхмянасць Езуса струменіць з глыбіні Яго любячага Сэрца. Ён паказвае яе праз чуласць, пяшчоту, добразычлівыя і сяброўскія адносіны. Пакора Езуса выяўляецца ў Яго адданасці волі Айца. Сэрца Езуса не пярэчыць, а прымае ўсё жыццё без выключэння. І здзяйсняе гэта ў малітве да Нябеснага Айца.
Езус заклікае нас наследаваць Яго ў гэтых цнотах. Дасягнуўшы іх, на ўзор Езуса мы здолеем ціха і пакорна прыняць усё сваё жыццё з яго радасцямі і смуткамі. Задумайся над тым, ці хочаш вучыцца ад Езуса Яго пакоры? Ці ты лагодны да сябе і бліжніх? Езус запрашае цябе прыйсці.
Пане, калі боль, адчай, неразуменне мучаюць мяне, вылечы гэта сваёй пяшчотнай прысутнасцю. Калі я адчуваю сябе знясіленым і слабым, зрабі лягчэйшым мой цяжар. Дай сілы быць настойлівым у малітве, пакорным у чаканні, лагодным сярод супольнасці. Пане, я прымаю Тваё запрашэнне і гатовы прыйсці да Цябе з усімі цяжарамі. Веру, што прабыванне з Табой зробіць маё сэрца ціхім і падорыць мне спакой!
Праслаў Бога за пяшчоту, спагаду і зычлівасць іншых да цябе. За крышынкі лагоднасці ў табе, якія маеш да бліжніх!