Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.
Дзень 30
«Усё рабіце на славу Божую» (1 Кар 10, 31).
Славай Божай з’яўляецца тваё добрае жыццё ў пакланенні і служэнні Богу.
«Чалавек створаны, каб хваліць Бога, нашага Пана, шанаваць Яго і служыць Яму, і праз гэта збавіць сваю душу» (св. Ігнацый Лаёла).
Чалавек створаны для праслаўлення Бога. Праслаўляць Яго — гэта бачыць Яго веліч ва ўсім, што Ён стварыў. Хваліць і праслаўляць Бога праз створаны свет — гэта заўважаць яго хараство: захад сонца, зоркі і месяц на небе, вецер, горы і даліны, нябесных птушак і кожную пралеску…
«Благаслаўляйце Пана, усе дажджы і росы, хваліце і ўзвялічвайце Яго навекі» (Дан 3, 64).
Благаслаўляйце Пана крыніцы, моры і рэкі, ільды і снягі! Праслаўляем Творцу за шум дажджу, кожную кроплю вады, якая падае на твар, за водар і свежасць… Праслаўляць Бога — гэта бачыць Бога скрозь дождж, быццам Ён дакранаецца да цябе і выказвае сваю любоў. Бог быццам дорыць мне гэты дождж, акурат у гэтую хвіліну, маўкліва і велічна прысутны праз яго…
Праслаўляць Пана — гэта бачыць Ягоную дабрыню у прысутнасці і падарунках, якія Ён спасылае. Ягоная дабрыня выўляецца праз усёабдымны дар Касцёла. Яго міласэрнасць і прабачэнне ты атрымліваеш у кожным сакрамэнце пакаяння і Эўхарыстыі. Яго дабрыня выпраменьваецца скрозь кожную ўсмешку іншага чалавека і яго ўважлівае вуха. Дабрыня Бога прысутная ў кожнай крышынцы хлеба ў тваіх руках…
Праслаўленнем Пана з’яўляецца тваё добрае жыццё як Божы дар для цябе і іншых людзей.
Найвялікшае праслаўленне — калі хтосьці аддае сваё жыццё за бліжняга. Бескарыслівае жыццё ўслаўляе Бога. Любоў да ворагаў і прабачэнне свайго крыўдзіцеля — гэта сапраўды вялікае праслаўленне Бога.
Пакланяцца Богу перадусім азначае шукаць і спаўняць Яго волю, імкнуцца быць з Ім ва ўсім, што нас атачае і напаўняе. Нараджэнне дзіцяці — гэта прыняцце Яго волі для новага жыцця. Абарона Бацькаўшчыны — гэта святое выкананне Ягонай святой волі. Калі мы хочам служыць Богу, то аддаём Яму першае месца ў сваім жыцці. Служыць Богу можна праз служэнне свайму бліжняму. Выхоўваць дзіця — гэта служыць Богу.
Гэты дзень падараваны мне Богам — дзеля таго, каб я прыняў яго з удзячнасцю. Пане, дай мне сёння ласку любіць Цябе з пашанай і праслаўленнем; любіць бліжніх добразычлівым словам і высакародным учынкам; любіць сябе з павагай як Божае стварэнне. Няхай дзень майго жыцця будзе пражыты на Тваю большую хвалу!
Пане, навучы праслаўляць Цябе ў паўсядзённасці: у працы і адпачынку, ва ўзаемаадносінах з блізкімі, у змаганні з сабой, у поспехах і паразах…
Па–над усё дазволь праслаўляць Цябе сваёй малітвай уважлівага слухання. Дай мужнасць і сілу для барацьбы! Будзь са мной да самага канца, каб мая нага не спатыкнулася і воля не пахіснулася! Суправаджай мяне ажно да Уваскрасення.
Ойча, прабач нам правіны нашыя і не ўводзь у спакусу, але збаў ад злога. «Бо Тваё Валадарства і моц, і хвала навекі. Амэн».
Праслаў Бога за яшчэ адзін дзень жыцця! Падзякуй Яму за тры вялікія дары, якімі Ён цябе сёння адарыў.