Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.
Дзень 29
«З глыбіні я клічу Цябе, Пане. Пане, пачуй мой голас. Няхай Твае вушы пачуюць голас маіх малітваў» (Пс 130 (129), 1–2).
Хвала Бога — тваё жыццё. Большая хвала — тваё сэрца, гатовае быць выслуханым.
Пра цішыню ўжо было напісана дастаткова шмат. Аднак тэма цішыні і маўчання вартая яшчэ большай увагі, асабліва ў час Вялікага посту, асабліва для нас сёння. Мы хочам зноў і зноў вяртацца да гэтай тэмы, каб духоўна практыкавацца ў мастацтве маўчання дзеля ацалення нашых сэрцаў, дзеля заўтрашняга дня і вечнасці. Мы не шукаем выключна тэарэтычных ведаў пра цішыню, але сустрэчы з Богам, які ў бязмоўі прамаўляе. Мы прагнем у час Вялікага посту хоць бы крыху занурыцца ў цішыню, узяць на сябе цяжар маўчання дзеля сустрэчы з сэрцам Бога, якое перадусім нас выслухоўвае…
«Пане, пачуй мой голас».
Пан гатовы цябе слухаць. Ён стварыў цябе, каб выслухоўваць. Табе так цяжка слухаць Бога, бліжняга і самога сябе. Так паралізаваны чалавек, якога прынесли да Езуса, насамрэч не можа, не ўмее і не хоча слухаць. Магчыма, цяжкасць са слуханнем вынікае з тваёй няўважлівасці да таго, што Ён першы цябе выслухоўвае. Уяві Бога, які ўвесь час цябе слухае! Пан стварыў цябе, каб ты быў выслуханы. У гэтым выяўляецца Божая любоў, каб ты быў выслуханы самім Богам. Толькі Пан можа і прагне цябе выслухаць.
Ты прызвычаіўся казаць, што імкнешся слухаць Бога. Можа, хтосьці цябе ўжо выслухаў? Аднак ці ведаеш ты Бога, які выслухоўвае цябе? Для таго, каб кагосьці слухаць, трэба спачатку быць выслуханым. Успомні, ці выслухаў цябе хтосьці — можа, тата, мама, сябар ці сяброўка?
Пра цішыню і маўчанне мы ўжо казалі, разважалі, маліліся. Але, здаецца, замала, калі ўсё яшчэ трывожыцца тваё сэрца, а маўчанне здаецца такім складаным. Яно абсталютна неабходнае, каб дазволіць Богу весці нас праз слуханне.
«З глыбіні я клічу Цябе, Пане».
Клічу з глыбіні майго маўчання. Там, у глыбіні, нараджаецца крык душы і суперажывання з ахвярамі трагедый, пераследу і войнаў. Там, у глыбіні, жыве Бог, які слухае крык церпячых. Так, сам Пан выслухоўвае крык кожнага пакрыўджанага горам і вайной дзіцяці. Клікаць можна толькі з глыбіні сэрца. Там, у глыбіні, адбываецца сустрэча. Каб твая малітва была пачутай, клікаць трэба з глыбіні сустрэчы з Богам. Ягонае вуха заўсёды ўважлівае да майго воклічу, а маё занадта часта не ўмее быць чуйным да Яго слова і, па-над усё, да Яго слухання. Чалавек, якога выслухалі, адчувае прыняцце і любоў.
«…Учыні, каб чалавек заўсёды памятаў, што Ты прамаўляеш нават тады, калі маўчыш; калі ён Цябе чакае, адары яго суцяшэннем, запэўніваючы, што Ты маўчыш з любові і што Ты прамаўляеш з любові, бо ў Тваім маўчанні, як і ў Тваім слове, Ты заўсёды застаешся любячым Айцом; што Ты вядзеш нас, выкарыстоўваючы свой голас, і вучыш, выкарыстоўваючы сваё маўчанне» (Сёрэн К’еркегор).
Пане, дай мне чуйнасць да Твайго Слова. Навучы мяне маўчаць і заставацца ў цішыні Тваёй прысутнасці, каб пачуць Твой голас. І разам з тым, дазволь лепш усведамляць, што гэта Ты прагнеш мяне слухаць. А выслухоўваючы, Ты прытуляеш мяне, як сваё любімае дзіця. Пане, адары мяне досведам Твайго любячага Вуха.
Пан з поўнай любові ўвагай глядзіць на цябе і заўсёды выслухоўвае цябе.
Магчыма, Ён часам маўчыць, каб выпрабаваць цябе, прапануючы больш блізкія адносіны. Бог чакае, каб твае жаданні ачысціліся, каб ты шукаў больш Бога, чым Яго дароў.
Праслаў Пана за тое, што Ён засёды гатовы цябе выслухаць.