Пошук

21.03.2023 05:15   Пераклад: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by

Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.

Дзень 28

«Хто ад Бога, той слухае Божыя словы» (Ян 8, 47).

Праслаўленнем Бога з’яўляецца тваё жыццё. Яшчэ большым праслаўленнем — твае шырока адкрытыя духоўныя вочы на веліч Стварыцеля, які аб’яўляецца праз свае стварэнні!

Благаславі, душа мая, Пана,
Пане, Божа мой, Ты вельмі вялікі.
Ты апрануўся ў веліч і красу.
Ты ахінуўся святлом, быццам шатай.

(Пс 104 (103), 1–2).

Святы Францішак з Асізі, углядаючыся ў прыгажосць прыроды, прапануе сузіраць гэты велічны дар з радасцю і праслаўленнем. Усё, што атачае нас навокал, створана Панам, і Божая любоў выўляецца ў Яго стварэнні. Прырода — гэта кніга, якую напісаў Бог. Створаны на вобраз і падабенства Божае чалавек — неад’емная частка гэтай кнігі. Больш за тое, гэтая кніга не завершана! Бог творыць сёння, у гэтую хвіліну. Ён творыць лясы, стэпы, рэкі, моры… Ён творыць кожную кветачку, лісток, былінку… Ён творыць чалавека — цябе і мяне! Гэты працэс не спыняецца!

«Я стварыў зямлю, і чалавека на ёй стварыў Я» (Іс 45, 12).

Ці адчуваеш сябе часцінкай велічнага Божага твору! Ці сустракаўся з Богам праз прыроду? Што адчуваеш, калі Ён дакранаецца да цябе праз пяшчотны подых ветру, промень сонца, кроплю дажджу на шчацэ? Ці ўсведамлеш, што зямля, якая цяпер мае на сабе раны вайны, крычыць да цябе адным-адзіным словам — ЖЫЦЦЁ?!

«Для веруючага чалавека разважаць над стварэннем азначае чуць пасланне, прыслухацца да парадаксальнага голасу цішыні» (св. Ян Павел ІІ).

Пан гаворыць у цішыні. Сузіранне прыроды ў цішыні сэрца вядзе наўпрост да сустрэчы са Стварыцелем, да ўсведамлення, што прыгажосць жыцця — гэта Божы дар. Сузіранне прыроды ў цішыні вядзе нас да ачышчэння жыцця, да адчування і перажывання ўнутранай радасці, нягледзячы на ніякія цяжкасці. Прабываючы сам-насам з прыродай, мы прабываем з самім Богам і такім чынам уваходзім у цесныя адносіны са сваім Стварыцелем. У гэты момант нашае сэрца ўзрушваецца і прагне праслаўляць Бога. «Буду спяваць Пану пры жыцці маім, буду граць псальмы Богу майму, дакуль я ёсць… Благаславі, душа мая, Пана!» (Пс 104 (103), 33.35).

«Стварэнні — маўклівае слова Бога. Хараство прыроды без словаў раскрывае нашым вачам неацэнныя багацці Айца, які ўвесь час прысутнічае сярод людзей. Боскага слова не чуе чалавечае вуха, а ўсё ж яно найглыбейшае з усіх словаў. Сонца, месяц і зоркі — цалкам бязмоўныя для нашых вушэй, але яны — сутнаснае слова і важнае пасланне ў нашым жыцці на зямлі» (пар. кардынал Рабэр Сара, «Сіла маўчання»).

Ілюстрацыйная выява: Рixabay.com

«Будзь праслаўлены, Пане,
З усімі сваімі стварэннямі,
А найбольш з нашым братам сонцам,
Якое дае дзень, а Ты свеціш праз яго.
Яно прыгожае і прамяністае,
А бляск яго
Нагадвае Цябе, о Найвышэйшы!

Будзь праслаўлены, Пане,
Братам нашым месяцам
І нашымі сёстрамі зоркамі,
Створанымі Табою ў небе,
Яркімі, каштоўнымі і прыгожымі.

Будзь праслаўлены, Пане,
Братам нашым ветрам,
Паветрам і аблокамі,
Надвор’ем і рознымі порамі часу,
Якімі Ты корміш сваё стварэнне.

Будзь праслаўлены, Пане,
Нашай сястрыцай вадой,
Вельмі карыснай,
Пакорнай, каштоўнай і чыстай.

Будзь праслаўлены, Пане,
Братам нашым агнём,
Якім Ты асвятляеш ноч,
А ён — прыгожы і радасны,
Палкі і моцны».

Гімн святога Францішка Laudato si', урывак

Пане, навучы мяне праслаўляць Цябе сваім жыццём. Глыбока крані маё сэрца прыгажосцю Твайго стварэння!

Распальвай моц жадання служыць Табе, слухаць Цябе, выконваць Тваю волю. Навучы ўсім сэрцам спяваць Табе песні падзякі! Хвала Табе, Пане, хвала Табе!

Стварэнні — хвала Стварыцеля. Паглядзі на неба ці на птушак. Хіба яны не нясуць табе вестку пра веліч іх Стварыцеля? Каб убачыць і пачуць, трэба затрымацца і суцішыцца. Памятай пра штодзённую ўдзячнасць Богу. Праслаў Бога за захад сонца, птушак, дыханне…

Абноўлена 21.03.2023 06:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа