Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.
Дзень 27
Калі настаў дзень Пяцідзясятніцы, усе былі разам у тым самым месцы. Раптам узняўся шум з неба, нібы павеў моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі. З’явіліся ім падзеленыя языкі, быццам ад агня, і затрымаліся на кожным з іх. Усе напоўніліся Духам Святым і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім прамаўляць (Дз 2, 1–4).
Праслаўленнем з’яўляецца тваё жыццё, падараванае Богам у Святым Духу. Вялікім праслаўленнем Бога ёсць тваё ўсведамленне і прыняцце дару жыцця, якое няспынна падтрымлівае Дух.
Святы Дух не мае аблічча і не мае слова. Па сваёй прыродзе Ён нячутны і дзейнічае ў цішыні.
Святы Дух прамаўляе праз прарокаў, святых і Божых людзей. Дух ніколі не чыніць вэрхалу. Ён прыходзіць у ціхім подыху ветрыку і дзейнічае з сілай і моцай. Дух вядзе кожнага чалавека да праўды. У маўчанні Ён вядзе чалавецтва да Хрыста, нагадваючы Яго вучэнне. Адзіны раз, калі Святы Дух аб’явіў сябе гучна — гэта дзень Пяцідзясятніцы, каб абудзіць чалавецтва, навярнуць і ўратаваць ад граху.
Святы Дух жыве ў чалавеку і дае яму існаванне. Дух — бязмоўная сіла, якая падтрымлівае жыццё. Божы Дух — гэта Дух праўды, які можа дакранацца да майго сумлення, утвараючы неспакой, каб ачысціць мяне і прынесці Божы спакой. Святы Дух паказвае праўду, аднак не асуджае. Суцяшыцель заўсёды суцяшае сэрца чалавека.
Гэта Ён заўсёды шэптам паўтарае ў глыбіні майго сэрца словы прарока Ісаі: «А цяпер так кажа Пан, які стварыў цябе, Якубе, і ўфармаваў цябе, Ізраэлю: «Не бойся, бо адкупіў Я цябе і назваў цябе імем тваім; ты — Мой. Калі пойдзеш праз ваду, з табой буду, і рэкі не затопяць цябе; калі будзеш ісці праз агонь, не згарыш, і полымя не спаліць цябе, бо Я — Пан, Бог твой, Святы Ізраэля, твой Збаўца: Я даў Егіпет на адкупленне цябе, Этыёпію і Сабу — за цябе, бо дарагім стаўся ты ў вачах Маіх і слаўным, Я люблю цябе і дам людзей за цябе і народы — за душу тваю. Не бойся, бо Я з табою, ад усходу прывяду патомства тваё і з захаду збяру цябе (Іс 43, 1–5).
Ці ў мяне ёсць вера ў тое, што Бог прысутны і дзейнічае з сілай і моцай у гісторыі майго жыцця і майго народа?
Дух Бога таксама прамаўляе да твайго розуму і сэрца. У цішыні і маўчанні ты можаш спазнаць Яго дзеянне і пачуць Яго голас. Дух не мае слова, але Ён мае ціхі голас і моц.
Які ты маеш досвед Духа Святога? Ці адчуваеш Яго ціхую і любячую прысутнасць і сілу? Дух Айца Нябеснага ёсць увесь час. Я цалкам у Яго абдымках, і Ён ніколі мяне не пакіне, гэтак жа як не пакінуў Сына на дрэве крыжа.
Няхай Божы Дух заўсёды моліцца ў пустыні нашых сэрцаў, у цішыні і маўчанні.
«Палюбі маўчанне па-над усё. Яно народзіць плод у тваёй душы. Словамі цяжка гэта растлумачыць. Найперш намагайся змоўкнуць. Дзякуючы маўчанню ў нас нараджаецца тое, што нас да яго прыводзіць. <…> Вялікім ёсць той чалавек, які ў цярплівасці прыручыў сваё цела і цудоўным чынам навучыўся прабываць толькі ў сваёй душы. Калі на адну шалю вагаў пакласці ўсе манаскія подзвігі, а на другую — маўчанне, то заўважыш, што гэтая другая пераважыць» (Ісак Сірыйскі, «Аскетычныя казанні»).
Маліцца — гэта любіць і быць з Езусам у маўчанні і ўнутранай самоце сэрца. У маўчанні прамаўляе Бог. Яно ачышчае Цябе. Давярай Яму ўсё больш.
Святы Духу, мы праслаўляем Цябе і дзякуем за Тваю мудрасць і сілу ў барацьбе, якой Ты нас адорваеш. Праслаўляем за ўсіх, хто вядзе гэтую барацьбу ў свеце яўна ці схавана, на каленях.
Жыватворны Духу Любові, просім Цябе, будзь з нашым народам сёння. Мы прымаем усе выпрабаванні. Аднак просім аб Тваім суправаджэнні!
Малітва да Духа Святога
Уладару Нябесны, Суцяшыцель, Духу праўды! Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, скарбніца дабра і Даўца жыцця, прыйдзі і пасяліся ў нас, ачысці нас ад усяго благога, і асвяці душы нашыя. Амэн.
Праслаў Бога за Святога Духа і Яго ціхую прысутнасць у дыханні і ў кожнай іскры твайго жыцця! Хвала Пану за безумоўную любоў, якой Ён заўсёды нас сагравае.