Пошук

19.03.2023 05:15   Пераклад: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by

Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.

Дзень 26

«Так кажа Пан:

Я ўспомніў пра вернасць твайго юнацтва,
пра любоў тваю, калі ты была нявестаю,
калі хадзіла за Мною ў пустыні,
па незасеянай зямлі.
<…>
Бо Мой народ учыніў падвойнае зло:
яны пакінулі Мяне — крыніцу жывой вады,
каб вычасаць сабе вадасховішчы,
вадасховішчы дзюравыя,
што не могуць утрымаць вады».

(Ер 2, 2; 13)

Бога праслаўляе тваё жыццё ў цішыні і маўчанні. Вялікім праслаўленнем Бога ёсць твая ўважлівая малітва ў пустыні сэрца.

Святы Альбэрт Ерузалемскі, аўтар першага статуту кармэлітаў, навучае, што для таго, каб пазбегнуць падзення, трэба зберагаць маўчанне і даверыцца мудрасці, натхненням ды бязмоўнаму дзеянню Бога. Не варта «зневажаць Духа ласкі». Здабыванне маўчання мае горкі прысмак аскетычных высілкаў, але Бог хацеў, каб гэтая барацьба была даступнай чалавеку.

Сёння чалавек заблытваецца ў безлічы словаў, пагружаецца ў вір пустаслоўя. Ён прабывае ў пастаяннай пагоні, няздатны да ціхмянасці і павагі да іншых. Чалавек страціў спакой і годнасць.

Мудрэц Сірах вельмі часта раіць стрыманасць, разважлівасць і добрыя паводзіны. Каб не зраніць душы ані сваёй, ані іншых людзей, каб нічога не стала прычынай цяжкага падзення ва ўчынках і словах, трэба ўмець тактоўна захоўваць таямніцу. Сірах асабліва хвалюецца за паводзіны тых, хто збіраецца пры адным стале. «На падняцце душы, і на радасць і асалоду сэрца — віно, выпітае ў меру, у свой час. Горыч для душы — віно, калі п’юць яго многа, у злосці і звадцы. П’янства павялічвае шалёнасць неразумнага на яго загубу, аслабляючы яго моц ды калечачы» (пар. Сір 31, 38–40).

Людзі цішыні і маўчання, якія не кідаюць сваіх словаў на вецер, з’яўляюцца сапраўднымі людзьмі. Менавіта маўчанне дазваляе чалавеку ўвайсці ў лучнасць са Словам, якое прабывае ў глыбіні сэрца. Вось жа, у пустыні мы не размаўляем. Мы толькі слухаем: чалавек уваходзіць у маўчанне, якім ёсць Бог… Колькі ўва мне цішыні? Ці яна з’яўляецца для мяне цяжкім выпрабаваннем? Як часта дзеянне якога–небудзь «віна» паралізуе мяне, паказвае маю схаваную і ў той жа час слабую сутнасць? Як часта «таннае віно» знявольвае мой розум і волю?

Ілюстрацыйная выява: Catholic Truth Society

«Маўчанне — не цнота, а шум — не грэх. Аднак Бабілёнская вежа была «пратэстам» супраць „граху“ шуму. Сёння святая Літургія ператварылася ў шум <…> Усе малітвы становяцца знешнім і ўнутраным шумам: бяздушная і паспешная ружанцовая малітва… Гадзінкі спяваюцца без засяроджанасці. Нашае святарскае служэнне можа ператварыцца з часам у працу работніка, які чысціць гарадскія каналы. Кляштары перасталі быць месцам цішыні. Можна нават Крыжовы шлях пракрычаць без увагі» (Томас Мертан, «Знак Ёны»).

Пане, толькі ў пустцы цішыні і маўчання, сам-насам з Табой, я магу быць сапраўдным.

Пане, дазволь мне адчуць смак каштоўнай цішыні, у якой Ты ёсць. Навучы палюбіць цішыню, асабліва сёння, калі яе так моцна не хапае. Навокал так шмат грукату і полымя. Людзі перакрыкваюць адзін аднаго… Навучы мяне стрыманасці ў словах. Дай ласку глыбейшага слухання. Віно з Каны мае сімвал прысутнасці Святога Духа, які ёсць Духам жыцця і радасці (Ян 2, 1–11). Пане, дай нам усім радасці ад цішыні і маўчання ў пустыні Твайго Сэрца!

Намагайся перадусім пачуць ціхі голас Пана ў кожнай малітве. Час Вялікага посту — гэта час ачышчэння цішынёй! У Вялікую пятніцу, калі Хрыстус павісне на крыжы, лішнімі будуць любыя словы, і ўсё сціхне. Праслаў Пана за Яго ціхі, пяшчотны і любячы голас.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця