Пошук

18.03.2023 05:15   Пераклад: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by

Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.

Дзень 25

«Калі Ён маліўся ў пэўным месцы і калі перастаў, адзін з вучняў Ягоных сказаў Яму: „Пане, навучы нас маліцца, як і Ян навучыў сваіх вучняў“» (Лк 11, 1).

Праслаўляе Бога тваё жыццё ў цішыні і маўчанні. Вялікім праслаўленнем Бога з’яўляецца твая засяроджаная малітва. Малітоўнае жыццё, цалкам скіраванае на Бога, — найбольшае праслаўленне.

У Евангеллі паводле Лукі Езус пастаянна моліцца. Ён моліцца начамі. Для яго малітва — месца сустрэчы з Айцом. Езус моліцца, каб і я адшукаў прагненне малітвы, навучыўся ды распачаў нарэшце маліцца.

Навучыцца маліцца, як Езус, — гэта адкрыцца на любоў Бога і Яго збаўчае дзеянне.

Шараговага хрысціяніна знявольвае меркаванне, што малітва заключаецца ў дэтальным расповедзе Богу самых разнастайных рэчаў, быццам Ён усяго гэтага не ведае, на няспынным шуме, нібы Ён не чуе, і дынамічнай мітусні (у тым ліку літургічнай) перад Ім, быццам Яму гэта падабаецца. На самай справе добрая малітва з’яўляецца чымсьці зусім іншым, чымсьці значна прасцейшым.

Малітва — гэта перадусім слуханне таго, як Бог прамаўляе да нас у цішыні і маўчанні. Бог прамаўляе ў цішыні нашых сэрцаў. Ён — вусны і Слова (Логас), а чалавек пакліканы быць вухам. Нам варта паназіраць, як моліцца Езус, і настойліва прасіць, як апосталы: «Пане, навучы нас маліцца, як і Ян навучыў сваіх вучняў» (Лк 11, 1). Мы чамусьці шукаем розных узораў малітвы, жадаючы пераканаць сябе, што слоўныя баталіі з Богам, малітоўны шум, бясконцае замяшанне з’яўляюцца прыкметамі дзеяння Святога Духа.

Езус — той адзіны Настаўнік, які можа нас навучыць па-сапраўднаму маліцца.

Маліцца для Яго азначае тое самае, што любіць і трываць з Айцом у маўчанні і ўнутранай самотнасці (пар. кардынал Рабэр Сара, Сіла маўчання, 65).

Ілюстрацыйная выява: Pinterest.com

Бог заўжды гатовы мяне выслухоўваць. Ён не супраць таго, каб я «выгаварыўся» перад Ім. Аднак мне нельга забывацца, што гэта Ён ёсць Словам, а я створаны быць вухам у першую чаргу.

Чалавек мае права на слова і можа, як яго Стварыцель, валодаць жыватворным словам, аднак спачатку неабходна дасканала авалодаць мастацтвам слухання Боскага Слова. Пачуўшы Слова, інакш кажучы, распазнаўшы Яго волю, чалавек атрымлівае сілу абвяшчаць Слова і несці жыццё, як Ён — у любові. Слухаць Слова Бога — значыць любіць Яго і прагнуць выконваць Яго волю! Калі Бог у цішыні сам слухае мяне, хоць Ён ёсць Словам, то чаму я — вуха — у першую чаргу не павінен быў бы слухаць Бога, які ёсць любоўю? (1 Ян 4, 18).

«Я веру, што і цяпер па сілах вытрымаць і змірыцца з усім тым, што нас спаткала ў жыцці. Калі ў мяне накіпае так, што не магу трымацца, калі я зусім не ўяўляю, як вырашыць свае праблемы, тады застаюцца калені, каб укленчыць, і рукі, каб скласці іх у малітве. Гэта жэст, які ў нас, габрэяў, не перадаецца з пакалення ў пакаленне. Мы мусім яго выпрацоўваць, абліваючыся потам <…>. Мой жыццёвы шлях быў незвычайным: гісторыя дзяўчыны, якая не ўмела кленчыць. Або ў іншай версіі, гісторыя дзяўчыны, якая навучылася маліцца. Гэта мой самы інтымны жэст» (Эцці Гіллесум).

Малітва — спосаб жыцця і барацьба, а таксама размова з Богам.

Ці мая малітва ёсць размовай? І ці з Богам? Ці ўвогуле я маю такую патрэбу? Час Вялікага посту можа быць часам рэфлексіі над сваім малітоўным жыццём.

Пане, навучы мяне маліцца! Дай мне перадусім чуйнае вуха для распазнавання Твайго любячага Голасу сярод мноства іншых галасоў. Пакліч, каб я заслухаўся! Ствары ўва мне ўважлівае сэрца, каб шукала і знаходзіла Тваю волю! Дай сілу для беззаганнага выканання Тваёй святой місіі суцяшэння і прабачэння, асабліва сёння. Няхай маё жыццё стане суцэльнай малітвай «дзеля большай хвалы Божай» (святы Ігнацый Лаёла).

Падумай, хто быў дагэтуль Янам (духоўным кіраўніком), які цябе вучыў маліцца? Хто цяпер спрыяе табе ў паглыбленні мастацтва малітвы? Сёння ты, як адзін з Яго вучняў, можаш таксама прасіць самога Езуса навучыць цябе маліцца. Прасі шчыра і памятай, што Бог добры і шчодры!

Праслаў Бога за прагненне малітвы. За тое, што молішся нават без прагнення. За «сухую» малітву.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця