Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.
Дзень 24
«Таму не турбуйцеся аб заўтрашнім дні, бо заўтрашні дзень патурбуецца сам за сябе. Хопіць кожнаму дню свайго клопату» (Мц 6, 34).
Праслаўленнем Бога з’яўляецца тваё жыццё, напоўненае радасцю, якая перамагае ўсялякую журботу. Яна гняце чалавека сумам і тугою, выклікае галавакружэнне, спазм пачуццяў і розуму. У такім смутку здаецца, што нясеш вялікі і непасільны цяжар. Журба — цяжкі стан душы.
Ты турбуешся і маркоцішся аб заўтрашнім дні. Нявызначанасць выклікае недавер і страх.
Ты часта не разумееш сваёй трывогі. Не ведаеш, з кім падзяліцца сваім горам. Усё больш занурваешся ў адчай…
«Таму не турбуйцеся аб заўтрашнім дні», — заклікае Пан.
Што турбуе цябе? Аб чым сёння ты найбольш бядуеш? Пра што перажываеш, калі чуеш трывожныя гукі і бачыш спалоханыя твары людзей? Якой сёння была твая першая думка пасля абуджэння?
Засмучэнне выяўляе стан душы, штосьці кажа пра каштоўнасці, кірунак думак і пачуццяў. Яно паказвае глыбіню адносін з Богам. Гэта крык аб большым даверы.
Калі з’яўляецца журба, ты можаш скіраваць позірк на тое, у чым месціцца больш святла. Ты можаш шукаць прыгажосць прыроды. Можаш знаходзіць суцяшэнне ў музыцы, паэзіі… Можаш шукаць размовы з іншым чалавекам, сябрам, якому можна давяраць. Ты можаш вучыцца больш дзякаваць. Можаш шукаць сустрэчы з Богам і Яму аддаць сваю журбу. Стан журбы хавае магчымасці глыбейшых адносін з Богам.
«Дробныя клопаты пра будучыню, якія паглынаюць найлепшыя творчыя сілы чалавека, трэба выводзіць, як блох. Мы прымаем у думках рашэнні адносна будучыні, а ўсё складаецца зусім па-іншаму. Кожнаму дню дастаткова ўласных турботаў. Мы павінны рабіць тое, што рабіць неабходна, а па-за гэтым не дайма сябе апанаваць процьме розных страхаў, хваляванняў і таксама частым момантам недаверу да Бога. <…> Чым больш цішыні людзі будуць знаходзіць у сабе, тым спакайнейшым будзе шалёны свет» (Эцці Гіллесум).
Пане, Ты дапускаеш мой сум, каб я ўзрастаў у адносінах з Табой. Ты прагнеш, каб я больш Цябе пазнаваў, каб больш любіць і наследаваць. Навучы распазнаваць журботную заклапочанасць, якая мяне няволіць і руйнуе супольнасць з Табой і маім бліжнім. Навучы больш давяраць Тваёй прысутнасці. Навучы распазнаваць у горычы Тваё любячае і ўсемагутнае дзеянне.
Нястрымана прагнеш усё забяспечыць, аднак маеш толькі нязначны ўплыў на маленькую частку жыцця!
Калі спынішся і палюбіш цішыню, то зразумееш, што тваё «сёння» на самай справе заўсёды напоўнена спакоем, а тваё «заўтра» можаш даверыць Богу і Ягонаму Провіду…