Пошук

16.03.2023 05:15   Пераклад: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by

Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.

Дзень 23

Паглядзіце на палявыя кветкі, як растуць. Яны не працуюць і не ткуць. Але кажу вам, што нават Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як адна з іх (Лк 12, 27).

Запрашаю цябе зноў на 15–30 хвілін малітвы праслаўлення. Праслаўляе Бога само тваё жыццё. Яшчэ большым праслаўленнем з’яўляецца тваё жыццё, поўнае любові і ўдзячнасці Богу за ўсе даброты, якімі Бог цябе атачае.

Кожнае стварэнне ў гэтым свеце мае сваё прызначэнне. Чалавек створаны Богам, каб любіць і быць любімым.

Адным з галоўных пакліканняў чалавека ёсць пакліканне да цеснай сувязі з прыродай, якую стварыў Бог і падараваў чалавеку, каб ён, у супрацоўніцтве са Стварыцелем, перамяняў сябе і навакольны свет.

Увасабляючы ў свеце Божую любоў, чалавек пакліканы валодаць стварэннем, над якім ён пастаўлены, клапаціцца і аберагаць гэты вялікі дар. Так Стварыцель бязмежна давярае нам споўніць тое, што Ён пачаў ствараць сваім Боскім Словам. Адарыўшы чалавека свабодай панаваць над усёй прыродай, Пан узняў яго, вянок усяго стварэння, да велічнай годнасці сустваральніка.

Калі чалавек праз забаронены плод выбраў грэх, ён нанёс сабе вялікую шкоду. Розум зацьміўся. Наступствы граху адбіліся на ўсіх узроўнях чалавечага жыцця, а таксама і на сферы стасункаў з велічным Божым творам — прыродай.

Навакольны свет, у тым ліку прырода, стаўся прадметам нажывы і эгаістычнага ўзбагачэння. Чалавек уяўляе сябе валадаром свету і такім чынам перастае быць Божым супрацоўнікам. Хараство прыроды ў вачах чалавека зацямняецца, а сэрца робіцца чэрствым.

Ілюстрацыйная выява з адкрытых крыніц

«Калі, ідучы дарогай, знойдзеш на дрэве або на зямлі птушынае гняздо з маці і птушанятамі або з маці, якая выседжвае яйкі, то не бяры маці з птушанятамі. Маці пусці, а дзяцей вазьмі сабе, каб табе добра было і каб доўгімі былі дні твае (Дрг 22, 6–7).

Бог дбае пра найменшыя свае стварэнні, якія жывуць поруч з намі, і хоча, каб мы цанілі тое, што Ён нам даў.

Ці бачу навокал сябе хараство прыроды дзень пры дні? Ці бачу, што Пан дорыць мне сёння пралеску, зеляніну травы, якая пачала прабівацца з-пад зямлі, блакітнае неба? Ці чую першы веснавы птушыны спеў? Ці напаўняецца сэрца ўдзячнасцю і трымценнем перад Богам за гэтыя дары? Ці ўсведамляю сябе часцінкай гэтай агромністай праявы Божай велічы? Ці распавядаю свайму дзіцяці пра тое, што лёгкі ветрык з’яўляецца Божымі абдымкамі, а першая кветка — Яго ўсмешкай? Ці разумею, наколькі Бог дбае пра мяне, асыпаючы мяне гэтымі незлічонымі дарамі?

Бог ніколі не забывае пра чалавека і заўсёды намагаецца вярнуць яго на добры шлях. Ён нагадвае пра забытае чалавекам пакліканне: пакліканне асвячаць не толькі сваё жыццё і жыццё родных і блізкіх, але і жыць у гармоніі з прыродай, быць разумным, любячым і адказным гаспадаром на зямлі.

Пане, праз прыгажосць, пяшчоту, веліч прыроды стукайся ў дзверы майго сэрца. Усход ці захад сонца, пялёсткі кветкі, гоман крынічкі, бела-шэрыя хмаркі на небе, зоркі, месяц, магутныя горныя вяршыні, ледавікі, статкі дзікіх жывёл, чароды птушак… Няхай усё гэта вучыць мяне праслаўляць Цябе — майго Бога і Стварыцеля!

Усё стварэнне праслаўляе Бога і з’яўляецца непераўзыдзенай Яго іконай. Хто мае вочы і вушы, той можа заўважыць Яго творчае дзеянне ў кожным, нават найменшым стварэнні.

Паглядзі на ўсё жывое вакол сябе, на Божыя дары: на яблык, на ваду, на сваю далонь… Яны цудоўныя! Ва ўсім выўляецца веліч Бога. Падзякуй Творцу ўсяго існага за ўсё, што Ён нам падараваў…

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа