Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.
Дзень 22
У тыя дні Ён узышоў на гару памаліцца і правёў усю ноч у малітве да Бога (Лк 6, 12).
Вялікае і шчодрае праслаўленне Бога — гэта тваё жыццё ў цішыні і маўчанні. Для сучаснага чалавека ціша — вялікае выпрабаванне ў пустыні. Аднак гэта не азначае, што ты не маеш права і магчымасцяў спрабаваць пашукаць пустыні і такім чынам праславіць Бога.
Першыя 30 гадоў схаванага жыцця Езуса ў Назарэце маюць яскравыя прыкметы духоўнай і містычнай пустыні. Саракадзённае прабыванне ў Юдэйскай пустыні з’яўляецца таксама часам духоўнай барацьбы і падрыхтоўкі Езуса да Яго публічнай місіі. Езус моліцца няспынна, пустыня для Яго — асаблівае месца духоўнага ўзрастання.
Езус увесь час свайго зямнога жыцця нібы прабывае ў пустыні і моліцца. Евангеліст Лука аж восем разоў бачыць Езуса, пагружанага ў малітву. Ён моліцца начамі. Езус даволі часта аддаляецца ў пустыню ў пошуку самотнасці і начной цішыні. Знаходзіць там Божую прысутнасць, якая вядзе Яго туды, дзе жыве Бог, да канчатковай сустрэчы з Айцом на Галгоце.
Пустыня — месца духоўнага росту.
Пустыня мае ў сабе штосьці з ночы выпрабавання і ачышчэння, якая гартуе дух. Пустыня дазваляе пераадольваць крызіс і ўзрастаць праз яго. Пустыня матывуе сузіраць і ўзрастаць. Чалавек, які носіць Бога ў сэрцы, заўжды будзе прагнуць цішыні і маўчання пустыні дзеля глыбейшай сустрэчы з Богам. Такі чалавек не спалохаецца пустыні, а, наадварот, будзе шукаць яе паўсюль і з усіх сіл. Прагненне пустыні з’яўляецца таксама найбольшым выпрабаваннем. Прагненне любові і ёсць тым выпрабаваннем, якое ўпісана ў чалавечае сэрца. Чалавек створаны з прагненнем пустыні, нібы з компасам і месцам прыбыцця адначасова. Пустыня кліча нас як месца сустрэчы з Богам.
Ніводзін прарок не сустрэўся б з Богам, не шукаючы самотнасці і маўчання. Прарокі знаходзілі Яго ў вялікай цішыні пустыні. Аднак пустыня — гэта не толькі пэўная прастора, але стан душы. Не дастаткова проста замоўкнуць: трэба стаць маўчаннем!
Важна, што да пустыні, самоты і маўчання Бог ужо прысутны ў сэрцы чалавека.
Сапраўдная пустыня — у нашай душы. Там Ён чакае нас.
Адзінота — найлепшы стан, каб слухаць Бога, які маўчыць. Няма патрэбы выходзіць за горад, каб знайсці цішу, якая заўсёды ёсць унутры. Маўклівая прысутнасць Бога няспынна жыве ў сэрцы. Цішыня, якую мы шукаем, — у нашым сэрцы і аб’яўляе нам любячага Бога. Ці перыяд Вялікага посту мае для цябе прысмак пустыні?
Пане, навучы мяне не баяцца пустыні ў сваім жыцці, як і Ты не баяўся! Паказывай мне пустыню і будзь там са мной, калі будзе цяжка. Ведаю, што Ты клічаш у пустыню, каб спаткацца са мной. У пустыні змагу Цябе лепш распазнаць і прыняць.
Пане, пустыня майго сэрца. Знайдзі мяне ў пустцы майго жыцця і прытулі да бязмежнай пустыні Свайго сэрца, дзе не існуе шуму і няма кананады…
Пане, няхай досвед выпрабаванняў навучыць мяне прагнуць пустыні «дзеля большай хвалы Тваёй». Навучы любіць пустыню і там Цябе шукаць і знаходзіць «кожны раз і ў любы час» (святы Ігнацый Лаёла).
Сучасны свет прапагандуе актывізм. Цішыні могуць пазбягаць і кансэкраваныя асобы. Яе губляюць нават дзеці ў школах.
Але ты можаш знаходзіць цішыню паўсюль, асабліва там, дзе пануе найбольшае бязладдзе.
Ці прагнеш быць у цішыні? Ці шукаеш, ці просіш аб ёй у малітве? Ці, дасягнуўшы яе, гатовы дарыць бліжнім?
Праслаў Бога за прагненне пустыні і яе досвед.