Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.
Дзень 21
«Апосталы сабраліся каля Езуса і расказалі Яму ўсё, што зрабілі і чаму навучылі. А Ён сказаў ім: „Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце“» (Мк 6, 30–31).
Хвалой Бога ёсць тваё жыццё. Жыццё — гэта шлях, на якім можам адчуць стомленасць, няўпэўненасць, бездапаможнасць.
Большая хвала выяўляецца ў жаданні шукаць адпачынак, які магчымы толькі ў абдымках любячага Бога.
Апосталы, вучні Езуса, мелі вялікае жаданне дзейнічаць. Яны бачылі перад сабой Езуса, які аздараўляў, уваскрашаў, выганяў злых духаў, памнажаў хлеб, прапаведваў, і хацелі ў гэтым наследаваць свайго Настаўніка; рабіць так, як Ён. Здабыўшы пэўныя поспехі, яны бягуць да Хрыста, каб Яму распавесці пра ўсё. Зразумела, па-чалавечы яны былі стомленыя, бо напрацаваліся, сутыкнуліся з мноствам людзей, перажылі пэўныя эмоцыі. Прыйшоўшы да Яго, вучні навыперадкі пачалі распавядаць, што з імі сталася, апавядаць пра поспехі і няўдачы, радасць і боль, натхненні і сумневы…
Езус, як сапраўдны духоўны кіраўнік, іх выслухаў. Ён не даў ніякай ацэнкі іх дзеянням, не пахваліў, не зганіў, не выправіў, а толькі даў ім тое, што ім на той момант было так патрэбна — цішыню, самоту і маўчанне.
Сёння, ідучы шляхам Вялікага посту, які супадае з «крыжовым шляхам» народа, ты можаш адчуваць стомленасць. Навокал шмат грукату, шмат словаў, шмат інфармацыі…
Людзі перадаюць адзін аднаму рознымі спосабамі свае перажыванні, эмоцыі, страхі, аповеды… Гэта ўсё закранае цябе і асядае ў табе! Спыніся, зазірні ў сябе, супакойся. Можа менавіта цяпер ты маеш патрэбу ў адпачынку? Можа варта знайсці час, каб пабыць з дзецьмі, патэлефанаваць родным ці сябрам? А можа, яшчэ больш — пабыць з Хрыстом сам-насам і толькі ў Ім знайсці сілы, каб працягваць шлях? Колькі ўсяго за апошнія чатыры тыдні ты вынес ці вынесла на сваіх плячах? Магчыма, цяпер акурат той момант, калі ты ўсё гэта можаш аддаць Хрысту? Той час, калі можаш дазволіць Яму цябе панесці?
Што найчасцей перашкаджае чалавеку знайсці цішыню — гэта думкі. Неспакой нашых думак можна параўняць з бурай, у якую патрапіў човен з вучнямі на Галілейскім моры. Як і апосталы ў чаўне нашага жыцця, мы апынаемся бездапаможнымі, поўнымі трывогі і няздатнымі знайсці спакой. Але Хрыстус можа прыйсці нам на дапамогу. Гэтаксама, як Ён загадаў мору і ветру супакоіцца, і «настала вялікая ціша» (Мк 4, 39), так можа супакоіць нашае сэрца, змучанае страхамі, болем, стратамі і турботамі.
Прабываючы ў маўчанні, мы давяраем і спадзяемся на Пана. Мы нават не ўсведаляем, што маўчанне з’яўляецца малітвай, якая вядзе да самых блізкіх адносінаў з Хрыстом. Папа Францішак кажа, што адарацыя — гэта калі Бог глядзіць на мяне, а я на Яго. Замоўкнуць вуснамі — а яшчэ больш у глыбіні сэрца — азначае прытуліцца да самога Бога.
Час Вялікага посту — гэта шлях духоўнай вандроўкі! Бог нясе нас, а мы трываем у Ім і з Ім кожнае імгненне нашага жыцця, зберагаючы маўчанне.
Нішто так не дазваляе нам знайсці Бога, як Яго маўчанне, якое ўпісана ў самую нашую сутнасць. Калі не клапоцімся пра ўнутранае, то якім чынам знойдзем Бога?
Мы любім падарожнічаць, ствараць, здзяйсняць вялікія адкрыцці. Але тымчасам застаемся звонку ад сябе і далёка ад Бога, які моўчкі прабывае ў нашых душах. Як жа важна выпеставаць у сабе цішыню, каб праўдзіва быць з Панам на сваім жыццёвым шляху! Не знойдзем Яго дзесьці там, пераадольваючы моры і акіяны, а толькі ў сэрцы. Па-сапраўднаму праходзім шлях толькі тады, калі зберагаем цішыню ў глыбіні сябе!
Пане, дай сілы спыніцца, сцішыцца, замоўкнуць, каб адшукаць цішыню, а тым самым і Цябе! Без Тваёй ласкі не магу заглушыць сваё «я» і даверыцца Табе да канца. Хачу ў самоце, у Тваіх абдымках, адпачыць, каб з новай сілай пачуць Твой голас, які кажа: «Люблю цябе!»
Ты ўжо адолеў палову шляху Вялікага посту… Ці сапраўды гэта зрабіў? Можа, стаміўся? Ты можаш азірнуцца і спытаць сябе, якім быў для цябе пройдзены шлях?
За табой ужо 20 дзён посту: што змянілася ў табе?
Магчыма, Езус нёс цябе усю дарогу… І будзе далей несці, каб ты дайшоў да мэты свайго збаўлення — Ягонага і свайго ўваскрасення. Дазволь Яму поруч з табой несці твой крыж, як калісьці з прымусу зрабіў гэта Сымон Кірынеец…