Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.
Дзень 20
«І вось пройдзе Пан, і будзе перад Ім вецер вялікі і моцны, які разрывае горы і крышыць скалы, але не ў ветры Пан. А пасля ветру будзе землятрус, але не ў землятрусе Пан. Пасля землятрусу будзе агонь, але не ў агні Пан. Пасля ж агню — шум ціхага ветру» (1 Вал 19, 11–12).
Праслаўленнем Бога з’яўляецца тваё жыццё, нават калі яно напоўнена шумам і бязладдзем. Большым праслаўленнем будзе пошук цішыні і глыбокае прагненне Божага дотыку, пяшчотнага і лагоднага дотыку Пана.
Жыццё чалавека напоўнена шумам. Сучаснае грамадства — гэта дыктатура шуму!
Шум становіцца наркотыкам, у ім шукаюць забыцця, заспакаення, вызвалення ад праблем. Аднак на самай справе шум — гэта ўцёкі, шум — гэта падманлівая тэрапія, якая не супакойвае. За шумам крыецца несвабода. Нават калі знешне пануе цішыня, унутры можа віраваць шторм, зняверанасць, зняволенне. Падчас малітвы, чытання Бібліі ці ўдзелу ў Літургіі, калі мы стаім перад Богам, унутры можа быць шум. Падчас вайны навакольны свет для многіх людзей нібы застынуў. Для многіх свет быццам замёр. Бяжым у сховішча, там «цішыня»! Але ці сапраўды? Чакаем, баімся, хвалюемся, слухаем!.. Што ў гэтыя хвіліны жыве ў нас?
Прыслухайся сёння да глыбіні свайго сэрца. Што ты чуеш? Стомленасць, гнеў, трывогу, боль, адчай, няўпэўненасць, разгубленасць, а можа нават нянавісць? Не бойся адчуць гэта, не бойся прызнаць і прыняць. Не бойся прыйсці з гэтым да Пана і ўсё Яму аддаць. Толькі так ты дазволіш Богу сёння дзейнічаць у табе.
«У маўчанні павінна слухаць Пана кожная душа», — пісаў святы Ян ад Крыжа, а таксама: «Хто забівае цішыню, той забівае Бога».
Бог прамаўляе ў цішыні.
Мы Яго можам пачуць толькі тады, калі змоўкнем. У чалавечым сэрцы месціцца прыроджаная цішыня. Цішыня і маўчанне — гэта не бяздзейнасць ці адсутнасць чагосьці або кагосьці. Вялікія рэчы творацца ў цішыні. Сам Хрыстус, стоячы перад Пілатам, маўчаў. Але гэтае маўчанне не было праявай немачы ці страху — Яго маўчанне было вялікай сілай!
Калі шум знявольвае, то ціша вызваляе. Бог нас стварае і перамяняе ў цішыні. Калі ёсць унутраная цішыня і спакой, то знешні хаос і шум можа зраніць чалавека, але не заб’е. Цішыню і маўчанне трэба выхоўваць, песціць і любіць. Толькі тады нараджаецца плод, толькі тады сціхаюць словы, а пачынае гаварыць сэрца!
Цішыню нялёгка захоўваць і вытрымліваць, але яна дазваляе чалавеку даверыцца Богу, каб Ён яго вёў.
З боскай Цішыні нараджаецца цішыня нашая. Ад маўклівага Бога можам атрымаць сваё маўчанне. Чалавека няспынна суправаджае святло, якое струменіць, нібы крыніца. Маўчанне — цяжэйшае за любыя чалавечыя ўчынкі таму, што яўляе Бога. Сапраўдная рэвалюцыя пачынаецца з маўчання, вядзе нас да Бога і нашых бліжніх, каб пакорна і велікадушна прысвяціць сябе служэнню.
Пане, прыйдзі сёння і пасяліся ўва мне! Суціш маё ўзбаламучанае сэрца. Перамяні маё нутро. Гавары са мной так, як ты гаварыў дагэтуль. Пане, навучы мяне бачыць Цябе ва ўсіх рэчах і ўважліва слухаць, каб лепш Цябе пазнаць, мацней любіць і больш аддана служыць Табе.
Знайдзі цішыню… Адчуй, як уваходзіць Пан. Адчуй, як абдымае цябе. Адчуй, як закранае струны твайго сэрца. Прымі дотык Яго прысутнасці.
Застанься ў цішыні і проста слухай…
Прысвяці свой час сустрэчы з Езусам у поўнай цішыні. Вучыся любіць Яго цішынёй.