Пошук

12.03.2023 05:15   Пераклад: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by

Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.

Дзень 19

«Дзеля свабоды вызваліў вас Хрыстус. Таму трывайце і не паддавайцеся ярму няволі» (Гал 5, 1).

Праслаўленне Бога — гэта тваё жыццё, нават калі ў ім поўна страху і адчаю, нават калі не адчуваеш свабоды. Большым праслаўленнем з’яўляецца прызнанне свайго зняволення і запрашэнне Бога ў сваё жыццё.

«Свабоды знешняй — хоць яна такая каштоўная — самой па сабе не можа быць дастаткова. Яе крыніцай заўсёды павінна быць свабода ўнутраная, уласцівая сынам Божым» (св. Ян Павел ІІ).

Першае і асноўнае пакліканне чалавека — любіць і быць любімым. Жыць у гармоніі з Богам, людзьмі і самім сабой! «У любові няма страху» (1 Ян 4, 18). Хрыстовая свабода вядзе нас да таго, каб служыць іншым, і выяўляецца ў любові. Мы вольныя, калі служым; мы здабываем жыццё, губляючы яго. Толькі страх вядзе да ўнутранага шуму і няволі, да ўнутранай вязніцы. Страх — гэта шлях да непазбежнага цярпення і страты пачуцця, што мы любімыя.

«Любоў Хрыста вызваляе нас ад рабства ўласнага „эга“. Без любові няма свабоды, а эгаістычнае карыстанне свабодай не прыносіць плёнаў.

Свабода ўзрастае дзякуючы любові. Гаворка, аднак, не ідзе пра любоў з тэлесерыялаў ці пошук уласнага задавальнення, але пра любоў, якую бачым у Хрысце — міласэрную любоў. Толькі яна па–сапраўднаму вызваляе»(Папа Францішак, Катэхеза 20 кастрычніка 2021 г.).

Як часта я адчуваю страх і адсутнасць любові? Што на самай справе мяне знявольвае: страх страціць жыццё, блізкую асобу, матэрыяльныя каштоўнасці, страх быць пакінутым, не выслуханым, страх асуджэння, крытыкі, дакору? Што няволіць мяне звонку і ўнутры? Што не дае мне ўдыхнуць на поўныя грудзі і адчуць Божую любоў? За што я так моцна трымаюся, што адчуваю сябе скаваным? Чаму не магу супраціўляцца і знайсці сілы, каб гэта змяніць?

Ілюстрацыйная выява: Іstockphoto.com

Адважыцца наблізіцца да Пана, быць адкрытым, не баяцца Яго — менавіта гэтыя крокі з’яўляюцца ключавымі для вызвалення з прыгнёту і няволі. Каб зрабіць гэты крок, трэба спыніцца і выдыхнуць. Усвядоміць, што са мной адбываецца, і знайсці мужнасць перагарнуць нейкую старонку свайго жыцця. Не вырваць, не знішчыць, а менавіта перагарнуць, выносячы з папярэдняга жыццёвага досведу тое, што наблізіць да свабоднага дыхання, дасць сілу пачаць цаніць жыццё, радавацца яму, дарыць камусьці сваё жыццё, а таксама дапаможа прыняць Божую Любоў, бо толькі гэта стварае і надае сэнс кожнаму чалавечаму існаванню.

Чалавек прызначаны быць свабодным.

Пакуль расце і жыве ў сучасным свеце, ён будуе ў сэрцы муры, прывязваючыся да свету матэрыяльнай марнасці, як навучае святы Ян ад Крыжа.

Выдыхні… Пакінь гэта…. Стань свабодным… Перагарні старонку свайго жыцця, распачні новы шлях наследавання Хрыста, бо Ён з вялікай любоўю вызваліў цябе. Што насамрэч не дае табе распасцерці крылы і паляцець? Што не дае вырушыць у дарогу? Ці ты шчаслівы сярод марнасці гэтага свету? Ці не адчуваеш сябе вязнем? Разваж, што цябе насамрэч няволіць? Што перашкаджае табе спакаваць свой заплечнік, абуць зручны абутак і распачаць падарожжа з Хрыстом, у Хрысце, з любові да Хрыста?

Божа, Ты мой Бог і я на Цябе спадзяюся! Прашу, дапамагай мне і будзь маім прытулкам. Ты не толькі побач са мной, Ты ўва мне, а я ў Табе. Праслаўляю Цябе за гэта! Ці можа баяцца дзіця на руках свайго Айца? Пане, умацуй мяне ў духоўным узрастанні і пераадоленні цяжкасцяў, звязаных з немаччу зняволення; навучы шукаць вызвалення толькі ў Табе.

Дапамажы распачаць новае падарожжа з Табой і з любові да Цябе!

Праслаў Пана за тваіх сяброў, якія шчырым сэрцам наследуюць Яго!

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа