Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.
Дзень 18
Тады Езус сказаў ім: «Вы ўсе зняверыцеся ўва Мне ў гэтую ноч, бо напісана: „Удару пастыра, і рассеюцца авечкі статку“» (Мц 26, 31).
Зняверанасць… Зняверанасць прыходзіць уначы, больш за тое, яна сама — цемра, глыбокі змрок чалавечага жыцця. Зняверанасць надзвычай «плодная». Яна спараджае чэрствасць, абыякавасць, роспач, нянавісць, гнеў, злосць, здраду… Зняверанасць прыглушае яскравыя колеры ў жыцці чалавека, робіць яго сляпым на ўсмешку, радасць, добрае слова, дапамогу… Усё навокал становіцца чорна-белым і аднастайным.
Зняверанасць прыходзіць знянацку, падступна. Гэта пярэварацень даверу, даверу да Бога, да людзей і да самога сябе.
Калі і ў якіх абставінах я губляю давер да Бога? Ці задумваюся аб гэтым? Што з’яўляецца прычынай расчаравання ў веры? А найгалоўнейшае пытанне — ці я заўважаю гэты стан? Дзе і ў каго шукаю паратунак?
Каб адказаць на гэтыя пытанні, трэба затрымацца і ўслухацца ў свой унутраны шум. Што не дае майму сэрцу адчуць спакой і мір? Напэўна, у цяперашнім свеце дастаткова прычын, якія разбіваюць усе імкненні да спакою і глыбокага даверу да Бога. Пан кажа: «Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для сваіх душаў. Бо ярмо Маё прыемнае, і цяжар Мой лёгкі» (Мц 11,28–30).
Ва ўсіх сваіх справах і на працягу ўсяго жыцця самае галоўнае — памятаць, што Пан любіць нас такімі, якімі мы ёсць у гэты момант, тут і цяпер. Нягледзячы на нашыя незлічоныя праявы святла і цемры, Пан любіць кожнага і кожную з нас. Толькі ў Ім можна знайсці суцяшэнне і паратунак.
Недавер… Словы веру/не веру, давяраю/не давяраю гучаць вельмі часта ў тваім жыцці. Кагосьці асуджаеш, кагосьці ўзнагароджваеш, кагосьці апраўдваеш… І часцей за ўсё, робіш гэта дзеля ўласнай выгоды, дзеля свайго камфорту... Езуса здрадзілі… Дзе ты сярод гэтых падзей? Хто ты сёння? Пётр, які адрокся ад свайго ўмілаванага Настаўніка? Ян — любімы вучань, які застаўся з Хрыстом да апошняга імгнення? Марыя Магдалена, якая так шчыра Яго любіла? Юда Іскарыёт, які здрадзіў за ўзнагароду?
О, Пане, Ты бязмежна нас любіш сваёй Айцоўскай любоўю! Дазволь выстаяць у гэты цяжкі час і не перастаць давяраць Табе. Дай сілы гадаваць у сэрцы надзею на Тваю міласэрнасць.
Прагну з дзіцячым даверам бегчы да Цябе з распасцёртымі рукамі, каб упасці ў Твае любячыя абдымкі!
Падумай: калі ты застаешся з Панам, а калі зняверваешся? У якіх выпадках пазбягаеш Яго, а ў якіх бяжыш, раскінуўшы рукі, у Яго абдымкі? Праслаў Бога за людзей, якія сталі прыкладам даверу да Бога.