Пошук

10.03.2023 05:15   Пераклад: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by

Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.

Дзень 17

«Бо так кажа Пан Бог, Святы Ізраэля: „У навяртанні і супакоі будзеце збаўлены; у цішыні і даверы будзе сіла ваша. Але вы не хацелі“» (Іс 30, 15).

Праслаўляе Бога твой давер Яму, хоць бы нават яшчэ вельмі кволы. Ты праслаўляеш Бога, калі шукаеш і знаходзіш большы давер.

«Што значыць давяраць Божаму Провіду? Значыць мець моцную і жывую веру, што Бог можа нам дапамагчы і абавязкова прыйдзе з дапамогай.

Тое, што Ён можа дапамагчы, не падлягае сумневу, бо Ён усемагутны. Тое, што Ён ахвотна дапаможа — відавочна, бо Ён абяцае нам гэта ў многіх месцах Святога Пісання, а Бог нязменна верны сваім абяцанням. Хрыстус заахвочвае нас да абсалютнага даверу словамі: „Таму кажу вам: усё, чаго просіце ў малітве, верце, што атрымаеце і будзе вам“ (Мк 11, 24). Таму апостал Пётр таксама кажа нам усе турботы аддаць Богу, які клапоціцца пра нас. Як жа мог бы Ён не клапаціцца, калі паслаў нам свайго Сына і разам з Ім адарыў нас усім, што нам патрэбна? Святы Аўгустын кажа: „Як можаш сумнявацца ў тым, што Бог дае табе дабро, калі Ён захацеў прыняць дзеля цябе зло?“».

св. Маці Тэрэза

Ілюстрацыйная выява: Getty Images

Давер — гэта зарука поспеху і спаўнення абяцання. Давер дорыць сілу і мае прысмак перамогі. Давер ужо сведчыць аб перамозе над страхам, праз які выяўляе сябе смерць. Давер азначае, што ты не самотны, але можаш абаперціся на кагосьці. Таму давер — прыкмета моцнай супольнасці.

Давер ратуе. Нават крышынка даверу прыносіць супакой сэрцу. Толькі давер трымае нас у гэтыя часы!

О, Пане, дазволь убачыць Твой бязмежны і безумоўны давер да нас, каб мы цалкам захапіліся Табой! Дай ласку, каб мы прагнулі ўсім сэрцам, усёй душой і ўсімі сіламі «ўсё больш пазнаваць Цябе, каб мацней любіць і лепш наследаваць» (св. Ігнацый Лаёла). Давяраць — гэта ўжо любіць і быць любімым і свабодным. Пане, навучы мяне больш давяраць Табе, маім бліжнім і сабе, асабліва ў сваіх слабасцях…

Пакінь трывогі, неспакой і даверліва аддай Богу сваё жыццё, бо толькі ў Ім спазнаеш супакой. Праслаў Пана за людзей, якім ты давяраеш. Праслаў Яго і за тых, якія навучылі цябе давяраць.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.