Пошук

09.03.2023 05:15   Пераклад: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by

Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.

Дзень 16

«Забярыце гэта адсюль! Не рабіце дом Айца Майго домам гандлю» (Ян 2, 16).

Праслаўленнем Бога з’яўляецца тваё жыццё, нават слабое і крохкае. Большым праслаўленнем з’яўляецца вызнаванне сваёй крохкасці і запрашэнне Бога ў сваю крохкасць.

Езус уваходзіць у святыню. Прызначэнне святыні — быць домам малітвы. Езус любіць святыню, якая з’яўляецца домам Айца, часта прыходзіць, каб сустрэцца там са сваім Айцом. Сёння Ён зноў прыйшоў у святыню, каб памаліцца, і «знайшоў тых, хто гандляваў…». Святыня — месца, дзе Бог адорвае чалавека. «Сасмаглыя, усе ідзіце да водаў. І вы, якія не маеце срэбра, ідзіце. Ідзіце купляйце без срэбра і без платы за віно і малако (Іс 55, 1). Бог не прадае, але дорыць сваю любоў, бо Ён «ёсць любоў» (1 Ян 4, 18), а «чалавек створаны, каб хваліць Бога, нашага Пана, шанаваць Яго і служыць Яму, і праз гэта збавіць сваю душу» (св. Ігнацый Лаёла).

Святыня не з’яўляецца месцам, дзе чалавек можа штосьці прадаваць.

Чалавек, які сам голы (пар. Быц 3, 7), не можа нічога прадаваць, хіба што распаўсюджваць уласную пустку. Каб чалавек мог дарыць хоць бы крыху любові, яму спачатку трэба прыйсці ў святыню і прыняць любоў — на каленях, моўчкі і перад Укрыжаваным. Пан ёсць Словам (λόγος), якое паходзіць з вуснаў Божых. Бог — Вусны, а прызначэнне чалавека — быць вухам, якое прымае Яго Слова і Яго Любоў. Чалавек, які нічога не мае, можа толькі адкрыцца на Божую любоў і штосьці атрымаць ад Бога, каб потым таксама дарыць, як Ён заўсёды дорыць сваю любоў. Бог не прадае, але адорвае сваіх Адама і Еву, народ Ізраэля і наш.

Хрыстус ачышчае святыню. Мастак Аляксандр Смірноў

Езус ачышчае святыню ад галоты-гандляроў.

Пан бачыць пустку майго сэрца. Ён жадае ачысціць мяне ад няспыннага гандлю пусткай, які я вяду ў глыбіні сэрца.

Я магу гандляваць уладай над іншымі людзьмі, у думках узвялічваючы сябе. Магу гандляваць маёмасцю, нават той нешматлікай. Магу гандляваць наяўнасцю свайго часу, калі не знаходжу яго, каб праслаўляць Бога і ўдзельнічаць у нядзельнай святой Імшы. Магу гандляваць сябрамі, калі адварочваюся ад іх, таму што яны не маюць дастаткова высокага статусу і мне з іх няма карысці. Чым яшчэ можна гандляваць у святыні свайго сэрца?

Можна гандляваць прыгожымі словамі і дальнабойнымі фразамі. Можна прапаведваць досыць добрую філасофію жыцця (але выключна для іншых). Можна дэманстраваць сілу і ўладу. Сацыяльны статус, якім нехта ўзвялічвае сябе, каштуе нямала, ды толькі ў людскіх вачах, а не Божых. Можна жыць дзеля задавальнення і кар’еры. Можна гандляваць скажоным вобразам Бога, не жадаючы Яго пазнаваць, каб любіць і ісці за Ім. Можна гандляваць сваім сумленнем і г.д.

Сёння Езус прагне ўвайсці ў тваё і маё сэрца і ачысціць яго ад усялякага смецця. Езус ачышчае святыню ў пачатку Евангелля, каб потым увесь час напаўняць яе Словам сваёй прысутнасці. Важна дазволіць Яму ўвайсці ў сваю святыню, каб Ён ачысціў яе таксама ад наступстваў ліхалецця… Цяпер вельмі важна разважаць больш над патрэбай і здольнасцю дазволіць Яму пераступіць парог святыні і дзейнічаць. Няхай Ён ачышчае яе і няхай жыве там… Нават калі я не магу і не хачу прабачаць, галоўнае, што Ён жадае і Ён ёсць прабачэннем!

Пане, прашу Цябе, знайдзі шляхі да майго сэрца і Ты прабачай ува мне, калі я не здолею, не дам рады і нават не захачу гэтага зрабіць! Ты ёсць прабачэннем.

Час Вялікага посту — час ачышчэння святыні майго сэрца. Час Вялікага посту — час напаўнення святыні Яго прысутнасцю і Яго прабачэннем!

«Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць» (Лк 23, 34).

Падчас гэтага велікапоснага падарожжа Езус уваходзіць у тваё сэрца, каб абудзіць, перамяніць, умацаваць. Скончыўся час, калі вера была звычкай… Пачынаецца час адновы і сустрэчы.

Езус прагне ўвайсці ў тваё сэрца. Гнеў і абурэнне! Езус «лупцуе» словам і бічом гандляроў. Менавіта такім гневам выбухае Хрыстус, каб абудзіць цябе з летаргічнага духоўнага сну! Яго гнеў не з’яўляецца гневам нянавісці і помсты, але гневам Таго, хто не можа дастукацца, бо сэрца закамянела, знямела, аслепла! Ці твая святыня не сталася святыняй гандлю? Калі не маеш Любові і даверу, губляеш сэнс быцця.

Падумай, чым ты на самай справе гандлюеш у духоўным жыцці? Што перашкаджае ўвайсці Езусу ў тваё сэрца і перамяніць яго? Дазволь Яму павыганяць усю жывёлу і адарыць цябе паўнатой сваёй прысутнасці.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.